Маладыя, таленавітыя, крэатыўныя

На Брэстчыне падвялі вынікі І Абласнога конкурсу на лепшую навучэнку ПТНУ і ССНУ сярод дзяўчат, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абласныя камітэты галіновых прафсаюзаў.

Конкурс праводзіўся пад дэвізам “Гары! Стварай! Дзейнічай! Наперад — і смела!” з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі, яе самарэалізацыі, развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў, фарміравання ў іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, прапаганды творчых дасягненняў і інш. У спаборніцтве, арганізаваным у Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі, удзельнічалі Алеся Габрынеўская з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання, Юлія Галавач з Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці, Аліна Дзенісовіч з Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага ПТК, Дар’я Парфамук з Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа, Марына Семянюк з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, Настасся Елісеева з Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа, Дар’я Грышко з Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова, Наталля Канавега з Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа і Вікторыя Мароз са Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. Дзяўчаты — пераможцы прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў і конкурсаў прафесійнага майстэрства, удзельнікі творчых і грамадскіх аб’яднанняў, актывісты, валанцёры, аматары спорту…

Конкурс складаўся з 8 тураў (“Будзем знаёмы”, “На ўсе ногі майстрыха”, “Паэтычны”, “Сітуацыя”, “Эрудыт”, “Гаспадыня”, “Прафесіянал” і “Модніца”), падчас якіх навучэнкі расказвалі пра сябе, сваю альма-матар, дасягненні і хобі, паказвалі танцавальныя ўменні, творчыя здольнасці, пачуццё гумару, эрудыцыю, эстэтычны густ, артыстычнае майстэрства і прафесійныя навыкі, шукалі арыгінальнае выйсце з неардынарных сітуацый, шылі, прэзентавалі любімыя рэцэпты, праводзілі майстар-класы па спецыяльнасці, стваралі касцюмы з 5 хустак без іголак, нітак і шпілек. Кожнай з удзельніц было што паказаць і чым здзівіць членаў журы: на сцэне сышліся будучыя мастак-мадэльер, тэхнік-тэхнолаг, таваразнавец, кухар, бухгалтар, тэхнік-будаўнік, тэхнік-эканаміст і тэхнік-механік.

— Вызначыць самую лепшую ўдзельніцу было вельмі складана, — прызнаўся старшыня журы конкурсу начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. — Дзяўчаты ўвасабляюць сучасную сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Усе маладыя, таленавітыя, крэатыўныя… Не сумняваюся, што кожная з канкурсантак стане ў далейшым сапраўдным прафесіяналам сваёй справы.

Пераможцы вызначаліся ў намінацыях “Каралева танца”, “Каралева моды”, “Каралева сцэны”, “Каралева залы”, “Індывідуальнасць”, “Прафесіянал”, “Эрудыт”, “Талент артыста” і “Залатыя рукі”. А лепшай навучэнкай стала Марына Семянюк з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.