Маладыя ўніверсітэцкія вучоныя — ініцыятыўныя, актыўныя, з неверагоднымі ідэямі і шчырым жаданнем даследаваць, ствараць і адкрываць новае. Каардынуе работу даследчыкаў УВА савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Удзельнікі савета імкнуцца шукаць новыя формы работы і не баяцца прыдумваць новыя мерапрыемствы, каб далучаць да навукі як мага больш моладзі. Так, савет разам з Рэспубліканскім саветам працуючай моладзі 14 верасня арганізаваў маштабны І Фестываль прафесій у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага.
— Гэта новая форма прэзентацыі спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка ва ўстановах як вышэйшай, так і сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. На фестываль завіталі больш за 10 тысяч чалавек. Яны з задавальненнем удзельнічалі ў інтэрактывах, што падрыхтавалі ўстановы адукацыі, — расказала старшыня савета маладых вучоных адукацыйнага ведамства Настасся Кісялевіч.
Яна нагадала, што 7 верасня адбыўся Фестываль навукі ў Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук. У ім паўдзельнічалі звыш 22 тысяч чалавек.
— Сярод наведвальнікаў абодвух фэстаў былі і школьнікі розных абласцей краіны. Яны прыходзілі і прыязджалі арганізаванымі групамі. Такім чынам нам удалося папулярызаваць навуковую дзейнасць і прэзентаваць запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, — дадала Настасся Ігараўна. — Увогуле, мы праводзім актыўную прафарыентацыйную работу, рэгулярна сустракаемся са школьнікамі, інфармуем іх аб новых траекторыях паступлення ва ўніверсітэты і расказваем пра новыя спецыяльнасці. Напрыклад, вясной наша рабочая група наведала каля 50 школ па ўсёй краіне. Такая акцыя будзе працягнута і ў гэтым навучальным годзе.
Да таго ж прадстаўнікі савета маладых вучоных пры Мінадукацыі пастаянна праводзяць круглыя сталы і дыскусійныя пляцоўкі са студэнтамі на розныя тэмы — ад палітычнага да сацыяльнага парадку дня.
Дарэчы, у кастрычніку будзе дадзены старт рэспубліканскаму праекту “100 ідэй для Беларусі”. Традыцыйна адным з яго арганізатараў выступае Міністэрства адукацыі. Праект праводзіцца з мэтай актывізацыі інавацыйнага мыслення моладзі, прыцягнення яе да вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання грамадзянскіх ініцыятыў па рэалізацыі інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак.
— Саветам маладых вучоных былі ўнесены прапановы па ўдасканаленні Палажэння праекта, якія былі падтрыманы. Унутры ўніверсітэтаў ужо вядзецца работа па пошуку і адборы патэнцыяльных праектаў для ўдзелу. Імкнёмся да таго, каб колькасць і якасць праектаў з году ў год павышаліся, — падкрэсліла старшыня савета маладых вучоных.
Яна нагадала, што праект “100 ідэй для Беларусі” складаецца з чатырох тураў. Першы — прыём заявак, другі —
адбор заявак ад студэнтаў, курсантаў УВА і арганізацыя міжуніверсітэцкага адборачнага этапу, трэці — арганізацыя выстаў маладзёжных праектаў, правядзенне вучэбных семінараў і міністэрскага этапу адбору. Далей праекты трапляюць у фінал конкурсу.
У лістападзе савет запланаваў правядзенне школы маладога вучонага. Арганізуюць яе на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Для маладых вучоных рыхтуюць 5-дзённую насычаную праграму з лекторыямі, майстар-класамі, дыялогавымі пляцоўкамі і экскурсіямі па лабараторыях УВА.
— Мы пастараліся ўлічыць напрамкі навуковай і даследчай дзейнасці ўдзельнікаў школы, а таму частка мерапрыемстваў будзе прысвечана гэтым напрамкам. У мінулым годзе слухачамі нашай школы сталі больш за 150 чалавек. Сёлета, думаем, іх будзе не менш за 200. Гэта студэнты, магістранты, аспіранты, маладыя вучоныя і прафесарска-выкладчыцкі склад, — паведаміла Н.Кісялевіч.
Маладыя вучоныя УВА краіны актыўна спалучаюць навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць з выкладчыцкай і грамадскай. Сярод іх і маладыя дэпутаты, і дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, і грамадскія дзеячы.
— Калі ж гаварыць выключна аб навуковым вектары работы, то нашы вучоныя актыўна ўдзельнічаюць у дзяржаўных праграмах, навукова-даследчых работах, грантах БРФФД, праграмах Саюзнай дзяржавы. Цяпер вядзецца дынамічная работа па імпартазамяшчэнні і забеспячэнні тэхналагічнага суверэнітэту нашай краіны. А таму запатрабаваны распрацоўкі па ўсіх навуковых напрамках: ад біятэхналогій да разумнага земляробства, у чым нашы вучоныя ўжо маюць поспех, — адзначыла Настасся Ігараўна.
Па яе словах, маладыя вучоныя актыўна ўкараняюць распрацоўкі ў сферы медыцынскіх і інфармацыйных тэхналогій, сельскай гаспадаркі, прамысловых тэхналогій:
— Усе сферы запатрабаваны. Многія праекты былі прадстаўлены на Фестывалі навукі ў межах выставы “100 інавацый маладых вучоных” і на пляцоўцы “Універсітэт будучыні”, на Дні навуковай моладзі ў Баранавічах. Па некаторых з іх ужо атрыманы патэнты. Шэраг з іх зараз знаходзіцца на стадыі разгляду. Увогуле, сёння нашы вучоныя маюць шмат магчымасцей для самарэалізацыі.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА