Маладзёжнае супрацоўніцтва пашыраецца

У аўторак у Рэспубліканскім доме моладзі быў падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Маладзёжным грамадскім саветам Кыргызстана. Сваімі подпісамі ўмацавалі дружбу паміж моладдзю дзвюх краін першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк і старшыня МГС Кыргызстана Таалайбек Дайырбекаў.

Фота да матэрыялу: Маладзёжнае супрацоўніцтва пашыраецца.Дэлегацыя Маладзёжнага грамадскага савета Кыргызстана, у якую ўвайшлі прадстаўнікі амаль усіх рэгіёнаў краіны, па запрашэнні БРСМ з 20 па 22 лістапада з дружалюбным візітам гасцюе ў Беларусі. Падчас сустрэчы ў Рэспубліканскім доме моладзі бакі абмеркавалі развіццё беларуска-кыргызскіх адносін у напрамку рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Падпісанне маладзёжнага дыпламатычнага дакумента паспрыяе ўстанаўленню і развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, умацаванню сяброўскіх адносін паміж моладдзю Рэспублікі Кыргызстан і Рэспублікі Беларусь.

Плануецца, што маладзёжныя дэлегацыі не абмяжуюцца ўзаемнымі візітамі. Моладзь Беларусі і Кыргызстана будзе прымаць удзел у рабоце міжнародных маладзёжных канферэнцый, круглых сталоў, фестываляў, выстаў, лагераў і іншых сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку ў галіне навукі, адукацыі, прадпрымальніцтва, занятасці, турызму, інфармацыйных тэхналогій, культуры, спорту і інш.

“Мы выпрацоўваем план супрацоўніцтва на найбліжэйшы час. Размова ідзе пра шэраг мерапрыемстваў, якія будуць аб’ядноўваць моладзь нашых краін, паспрыяюць дружбе. Напрыклад, у Кыргызстане ў лютым пройдзе форум па развіцці турызму. Упершыню мы хочам запрасіць туды моладзь Беларусі”, — зазначыў Таалайбек Дайырбекаў.

Для гасцей прадугледжана экскурсійная праграма па Мінску з наведваннем Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гарадскога пасёлка Мір і Мірскага замка, прадпрыемства БелАЗ. Члены кыргызскай дэлегацыі пабывалі ўчора на фінале Рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2018”, у тым ліку ў статусе журы.

Маладзёжны грамадскі савет Кыргызстана аб’ядноўвае пад сваім крылом лідараў грамадскіх маладзёжных арганізацый, якіх у Кыргызстане больш за 200. У кожнай з іх свая сфера дзейнасці: прадпрымальніцтва, інавацыі, грамадская дзейнасць і інш. Мэтай МГС з’яўляецца распрацоўка прапаноў па стратэгічных пытаннях маладзёжнай палітыкі краіны і вызначэнне яе прыярытэтных кірункаў, пашырэнне ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання з маладзёжнымі аб’яднаннямі. Сёлета Маладзёжны грамадскі савет Кыргызстана старшынствуе ў маладзёжным Савеце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, арганізацыяй-партнёрам якога з 2014 года з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Марыі БЕЛІКАВАЙ.