Маладзёжная алімпіяда дзяржаў СНД пройдзе ў Душанбэ

- 10:20Інфармацыйная гадзіна

Міжнародная маладзёжная алімпіяда дзяржаў СНД па алімпійскім руху пройдзе з 24 па 29 жніўня ў Душанбэ, паведамілі ў прэс-службе Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

У алімпіядзе прымуць удзел больш як 70 прадстаўнікоў з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны. Гэта пераможцы і прызёры спаборніцтваў па алімпійскім руху, кіраўнікі адукацыйных праграм нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, прадстаўнікі нацыянальных алімпійскіх акадэмій. Праграма ўключае ў сябе праходжанне тэстаў па гісторыі алімпійскага руху ў старажытным і сучасным свеце, правядзенне спартыўных спаборніцтваў па пяці дысцыплінах — міні-футболе, баскетболе, валейболе, настольным тэнісе, шахматах, а таксама навукова-практычныя сесіі і дыскусіі, трэнінгі, семінары. Мадэратарамі мерапрыемстваў будуць высокакваліфікаваныя спецыялісты нацыянальных алімпійскіх акадэмій, алімпійскія чэмпіёны, вядомыя спартсмены і трэнеры. Пройдзе таксама выстаўка дасягненняў па алімпійскім руху. “Удзельнікі праекта атрымаюць унікальную магчымасць прафесійнага ўдасканалення ў галіне спартыўнага кіравання (менеджменту)”, — адзначылі ў прэс-службе.
Праект рэалізоўваецца Нацыянальнай алімпійскай акадэміяй Таджыкістана ў партнёрстве з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Таджыкістана і Камітэтам па справах моладзі, спорту і турызму Таджыкістана пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.