Маладзёжная навуковая супольнасць для ІТ-краіны

У нядаўна прынятай Праграме дзейнасці ўрада на 2019—2020 гады адной з асноўных задач з’яўляецца фарміраванне IT-краіны. У вырашэнне гэтай задачы свой пасільны ўклад павінна ўнесці маладзёжная навуковая супольнасць, якая фарміруецца ў сістэме вышэйшай адукацыі. Аб гэтым, а таксама аб асваенні касмічнай прасторы і запуску першага беларускага навукова-адукацыйнага спадарожніка, аб перспектывах “Універсітэта 3.0” мы вядзём размову з начальнікам упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі А.К.БАРАНОЎСКІМ.

Фота да матэрыялу: Маладзёжная навуковая супольнасць для ІТ-краіны.— Алег Канстанцінавіч, хацелася б пачаць нашу гутарку з прыемнай навіны. Нядаўна ў касмічную прастору быў запушчаны першы беларускі навукова-адукацыйны спадарожнік, створаны студэнтамі, выкладчыкамі і навукоўцамі БДУ. Безумоўна, гэта знакавы праект для нашай сістэмы адукацыі і ўвогуле для Беларусі. Як ствараўся гэты апарат і наколькі гэтая падзея паўплывае на сферу даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы?

— Так, сапраўды, гэта знамянальная падзея для адукацыйнай галіны нашай краіны, і яна стала вынікам актыўнай дзейнасці сістэмы адукацыі ў вырашэнні задач, пастаўленых Дзяржаўнай праграмай “Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка” на найбліжэйшыя гады ў частцы “Даследаванне і выкарыстанне касмічнай прасторы ў мірных мэтах”. Мы паставілі мэту распрацоўкі інфармацыйнага забеспячэння аэракасмічнай адукацыі, выкарыстання створанага нанаспадарожніка ў якасці вучэбна-навуковай лабараторыі для развіцця новых напрамкаў у касмічных даследаваннях. Запуск касмічнага апарата паспрыяе не толькі далейшаму ўдасканаленню матэрыяльнай і метадычнай базы сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне асваення касмічнай прасторы, але і фарміраванню айчыннай навуковай школы па распрацоўцы малых і звышмалых касмічных апаратаў. У перспектыве запушчаны спадарожнік ва ўзаемадзеянні з іншымі такімі ж апаратамі зможа кантраляваць магнітнае поле Зямлі і сонечную актыўнасць, ажыццяўляць іншыя дзеянні па асваенні касмічнай прасторы. Важна, што пры стварэнні падобнага роду сістэм у галіне касмічных распрацовак у цесным узаемадзеянні працу-юць як вядучыя спецыялісты, так і аспіранты, магістранты і студэнты.

Варта адзначыць, што ўсе асноўныя модулі і вузлы спадарожніка выраблены з прымяненнем айчынных камплектуючых і тэхналогій. У гэтым былі задзейнічаны ААТ “Пеленг”, ААТ “Інтэграл”, ЗАТ NTLab, ЗАТ “Палімайстар” і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі. Там жа былі праведзены тэхналагічныя выпрабаванні асноўных модуляў. Поўнафункцыянальны наземны комплекс кіравання, прыёму і апрацоўкі інфармацыі з нанаспадарожніка распрацоўваўся на аснове найноўшых дасягненняў у галіне касмічных даследаванняў, якія былі праведзены ў нашай краіне.

Для Рэспублікі Беларусь з улікам нацыянальных прыярытэтаў малыя і звышмалыя касмічныя апараты з’яўляюцца рэальнай перспектывай самастойнага доступу да найбольш перадавых касмічных тэхналогій. Створаныя айчынныя касмічныя і наземныя апаратна-праграмныя комплексы будуць укаранёны ў адукацыйны працэс і, безумоўна, дазволяць істотна павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў для аэракасмічнай галіны. Цэнтрам гэтай работы па-ранейшаму будзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Практычны вопыт распрацоўкі спадарожніка і ўкараненне асноўных вынікаў гэтай работы забяспечыць імпартазамяшчэнне лабараторнай базы БДУ і іншых вядучых устаноў вышэйшай адукацыі краіны па спецыяльнасцях, звязаных з выкарыстаннем касмічных тэхналогій. У тым ліку гэта сістэмы арыентацыі і стабілізацыі беспілотных лятальных апаратаў, сістэмы выяўлення паветраных і касмічных апаратаў, а таксама абаронныя сістэмы ад перашкод пры абмене даных у тэлекамунікацыйных сістэмах і інш.

— Прэзідэнт нашай краіны А.Р.Лукашэнка ў час сустрэчы з калектывам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адзначыў, што гродзенскія ўніверсітэты з’яўляюцца інтэлектуальным цэнтрам не толькі вобласці, а па асобных напрамках і ўсёй краіны.

— Да такой ацэнкі кіраўніка дзяржавы павінен імкнуцца кожны ўніверсітэт. Наша моладзь была і застаецца рухаючай сілай у развіцці прагрэсу, яна знаходзіцца ў першых радах па развіцці прыярытэтных напрамкаў навукова-даследчай работы і прадпрымальніцкай дзейнасці, рэалізацыі тых інавацыйных праектаў, якія накіраваны на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы нашай краіны, высокатэхналагічнай вытворчасці.

У нядаўна прынятай Праграме дзейнасці ўрада на 2019—2020 гады адной з асноўных задач з’яўляецца фарміраванне IT-краіны. Гэты працэс прадугледжвае лічбавізацыю ўсіх галін эканомікі, стварэнне новых высокапрадукцыйных арганізацый і вытворчасцей, прынцыпова новых прадуктаў. Лічбавая трансфармацыя эканомікі будзе рэалізавана спецыялістамі, якія валодаюць шырокім спектрам кампетэнцый, атрыманых у выніку практыка-арыентаванай падрыхтоўкі, складнікамі якой з’яўляюцца навуковыя даследаванні і распрацоўкі, а таксама іх камерцыялізацыя.

У пераўтварэнні Беларусі ў IT-краіну павінна таксама ўнесці свой уклад маладзёжная навука, якая сёння актыўна развіваецца ў сістэме вышэйшай адукацыі. Галоўным чынам робіцца ўпор на забеспячэнне ўмоў для генерацыі новых ідэй у навуковым маладзёжным асяроддзі ўніверсітэтаў.

За гэтую работу па інтэграванні сістэмы адукацыі, навукі і вытворчасці ўжо ўзяліся ўніверсітэты. Умовы навучання павінны быць максімальна набліжаны да рэальных умоў будучай дзейнасці. Універсітэты плануюць пашырыць прыцягненне практычных спецыялістаў з розных галін эканомікі для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу. У пытаннях навукі ўвага будзе звернута на прыярытэтныя напрамкі фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, вызначаных у асноўным стратэгіяй “Навука і тэхналогіі: 2018—2040”, прынятай на ІІ З’ездзе вучоных Рэспублікі Беларусь. Камерцыялізацыя будзе ажыццяўляцца праз галіновыя лабараторыі, цэнтры трансферу тэхналогій і рэзідэнтамі навукова-тэхналагічных паркаў, створаных пры ўніверсітэтах.

— Вы закранулі мадэль “Універсітэт 3.0”. Дарэчы было б расказаць аб эксперыментальным праекце па ўдасканаленні на аснове гэтай мадэлі дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі.

— Так, сапраўды, рэалізацыя гэтага праекта цалкам адпавядае задачам, пастаўленым на дзяржаўным узроўні, па развіцці лічбавай эканомікі нашай краіны, аб чым -сведчаць даручэнні кіраўніка краіны і што абазначана ў Праграме дзейнасці ўрада на найбліжэйшы час. Безумоўна, рэалізацыя гэтага праекта, які пачаўся з бягучага навучальнага года, паспрыяе комплекснаму развіццю навукова-даследчай, інавацыйнай і прадпрымальніцкай інфраструктуры ўстаноў вышэйшай адукацыі ў мэтах стварэння інавацыйнай прадукцыі і камерцыялізацыі вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці.

Праект пачалі рэалізоўваць 7 універсітэтаў краіны: БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДУІР, БДТУ, ГрДУ імя Янкі Купалы, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.

“Універсітэт 3.0” — гэта прадпрымальніцкі ўніверсітэт. Таму паказчыкам эфектыўнасці рэалізацыі праекта будзе пэўная колькасць створаных супрацоўнікамі, студэнтамі і выпускнікамі ўніверсітэтаў інавацыйных прадпрыемстваў, рост аб’ёмаў паслуг і колькасць новых інавацыйных вытворчасцей.

Плануецца пачаць падрыхтоўку спецыялістаў, здольных дзейнічаць ва ўмовах нявызначанасці, адсутнасці гатовых рашэнняў, і такім чынам фарміраваць у навучэнскай моладзі навыкі прадпрымальніцкай актыўнасці, уменні працаваць над камерцыялізацыяй сваіх навуковых распрацовак.

У рамках рэалізацыі эксперымента ўніверсітэты на працягу 5 гадоў павінны ажыццявіць комплекс мерапрыемстваў, арыентаваных як на змяненне адукацыйнага і навукова-даследчага працэсаў, так і на развіццё інавацыйнай інфраструктуры.

— Якія задачы ставяцца перад універсітэтамі?

— Універсітэты павінны распрацаваць сваю дарожную карту па ўдасканаленні дзейнасці ўстановы на аснове мадэлі “Універсітэт 3.0”. Правесці даследаванне стану прадпрымальніцкага патэнцыялу студэнтаў у адпаведнасці з метадалогіяй міжнароднага маніторынгу Global University Entrepreneurial Spirit Students ’Survey. Прычым такое даследаванне павінна быць ажыццёўлена як у пачатку, так і ў ходзе рэалізацыі праекта. Акрамя таго, трэба будзе ўнесці змены і дапаўненні ў вучэбна-праграмную дакументацыю адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі, накіраваных на сістэмнае ўзаемазвязанае вывучэнне пытанняў інавацыйнай, вынаходніцкай і прадпрымальніцкай дзейнасці (стварэнне бізнес-асяроддзя).

Ставіцца задача распрацаваць новы змест адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі, а таксама адукацыйных праграм павышэння кваліфікацыі, накіраваных на фарміраванне ведаў, кампетэнцый і навыкаў, неабходных для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, для адкрыцця прадпрымальніцкіх структур малога і сярэдняга бізнесу. Таксама неабходна ўкараніць у адукацыйны працэс новыя тэхналогіі выкладання і навучання, змяніць арганізацыю адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі.

Было б мэтазгодным кожнаму ўніверсітэту сфарміраваць па аналогіі з рухам WorldSkills сваю праектную каманду студэнтаў (маладых прадпрымальнікаў), якая будзе распрацоўваць, рэалізоўваць і прадстаўляць на Міжнародны конкурс Enactus уласныя праекты, накіраваныя на вырашэнне эканамічных, сацыяльных і экалагічных задач. Дарэчы, тэматыка праектаў Enactus уключае ўсе 17 напрамкаў Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, прынятага ААН. Трэба ажыццявіць рэалізацыю комплексу мер па стварэнні суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры (навукова-тэхналагічныя паркі, цэнтры трансферу тэхналогій), галіновых лабараторый, бізнес-інкубатараў і інш., а таксама рэалізаваць канкрэтныя крокі па павышэнні эфектыўнасці навукова-даследчай, інавацыйнай дзейнасці, якія будуць забяспечваць на завяршальным этапе камерцыйную рэалізацыю інавацыйнай прадукцыі і (або) вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці.

У рамках рэалізацыі эксперыментальнага праекта значная ўвага ўстановамі вышэйшай адукацыі будзе ўдзелена ўключэнню студэнтаў, аспірантаў і навуковых супрацоўнікаў у практычную рэалізацыю інавацыйных праектаў універсітэтаў шляхам стварэння базавай інфраструктуры для работы маладых прадпрымальнікаў (каворкінгі і бізнес-інкубатары).

Такім чынам, рэалізацыя эксперыментальнага праекта дазволіць беларускім універсітэтам змяніць саму сістэму мэтапастаноўкі і развіцця, перайсці да ацэнкі ўласнай эфектыўнасці ў залежнасці ад росту рэальнага ўкладу ў развіццё новай эканомікі і здольнасці фарміраваць новыя індустрыі. Толькі такі падыход дазволіць уключыць іх у сучасную сістэму развіцця інавацыйнай індустрыі праз атрыманне заказаў, рэальна запатрабаваных сучаснымі рынкамі.

Праграмай дзейнасці ўрада на найбліжэйшыя гады вызначаны меры, якія таксама паспрыяюць эфектыўнай рэалізацыі эксперымента “Універсітэт 3.0”. У ліку іх — стварэнне і развіццё галіновых лабараторый для імклівага ўкаранення навуковых распрацовак у вытворчасць, развіццё навукова-тэхналагічных паркаў і цэнтраў трансферу тэхналогій, эфектыўнае выкарыстанне імі мэтавых фондаў інавацыйнага развіцця, стварэнне і ўмацаванне структурных падраздзяленняў па ахове і кіраванні інтэлектуальнай уласнасцю.

Сёлета ва ўніверсітэтах сістэмы Міністэрства адукацыі створаны шэраг лабараторый для ўкаранення новых распрацовак у сучасную вытворчасць і сферу высокатэхналагічных паслуг. Сярод іх — галіновая лабараторыя спартыўнай біямеханікі ў навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік”, Інжынірынгавы цэнтр па апрабацыі нанаматэрыялаў у нафтахімічным і прамысловым комплексах у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, лабараторыя “Эліёнікі — радыяцыйна стойкай і касмічнай электронікі” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншыя.

Плануецца, што ў найбліжэйшы час кожны ўніверсітэт адкрые не менш чым адну галіновую лабараторыю.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням дыверсіфікацыі крыніц фінансавання.

З мэтай эканамічнага стымулявання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі плануе распрацоўку нарматыўнага прававога акта, які будзе рэгуляваць пытанні стварэння і прыцягнення сродкаў у фонды мэтавага капіталу (эндаўмент-фонды) ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У гэтым годзе, як і раней, наша міністэрства прафінансавала выкананне дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. Значная частка заданняў прыводзіць да распрацоўкі новых тэхналогій для розных галін. Усе гэтыя распрацоўкі павінны быць камерцыялізаваны праз універсітэцкія галіновыя лабараторыі і цэнтры трансферу тэхналогій на прадпрыемствах краіны. Альбо пад іх будуць створаны новыя вытворчасці ва ўніверсітэцкіх тэхнапарках. У наступным годзе галіновае міністэрства плануе прафінансаваць выкананне навукова-даследчай работы па распрацоўцы метадычных рэкамендацый для стварэння, кіравання і забеспячэння бяспекі інтэлектуальнай уласнасці ва ўніверсітэтах і навукова-даследчых установах.

— Ва ўнісон з развіццём ІТ-краіны будзе праведзена Міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” ITE-2018, якую плануецца правесці ў канцы лістапада. Якія асаблівасці правядзення сёлетняй выставы?

— Міністэрства адукацыі сумесна з Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтрам праводзіць ужо другую Міжнародную спецыялізаваную навукова-тэхнічную выставу-форум “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” ITE-2018.

Мэтамі правядзення ITE-2018 з’яўляюцца дэманстрацыя сучасных навуковых дасягненняў і распрацовак у сферы інфармацыйных тэхналогій, станоўчага эфекту ад іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі, абмеркаванне праблемных пытанняў, перспектыўных напрамкаў, перадавога айчыннага і сусветнага вопыту лічбавай трансфармацыі адукацыі.

Тэматычнымі напрамкамі выставы-форуму з’яўляецца інтэграцыя Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя з еўрапейскімі навукова-адукацыйнымі сеткамі, інфраструктура сістэмы адукацыі ў інфармацыйным грамадстве, інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі на аснове выкарыстання ІКТ, робататэхніка ў сістэме сучаснай адукацыі, інфармацыйныя тэхналогіі ў рабоце з рознымі катэгорыямі навучэнцаў, развіццё кампетэнцый педагога ва ўмовах лічбавай эканомікі, анлайн-школы і курсы, дыстанцыйнае навучанне.

Першая выстава-форум у 2017 годзе сабрала больш за 3000 удзельнікаў. На гэты раз плануецца больш за 5000. Гэта сусветныя вытворцы ІКТ, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі і органаў дзяржаўнага кіравання.

На 5 тэматычных пляцоўках пройдзе шэраг канферэнцый, семінараў і майстар-класаў, прысвечаных лічбавай трансфармацыі адукацыі. З дакладамі выступяць вядучыя беларускія і замежныя спецыялісты ў галіне IT і адукацыі. Праграма мерапрыемства ўключае тры канферэнцыі: “Інфармацыйная бяспека ў адукацыі”, “Інфармацыйная сістэма кіравання ў сектары адукацыі (EMIS): лепшыя сусветныя практыкі для Беларусі”. Пройдзе XVIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Менеджмент універсітэцкіх -бібліятэк”. На выставе-форуме пройдзе фінал конкурсу маладзёжных навукова-даследчых праектаў.

Выстава-форум будзе працаваць з 28 па 30 лістапада гэтага года. Наведаць яе могуць усе жадаючыя пасля бясплатнай рэгістрацыі на сайце выставы-форуму http://ite.unibel.by.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.