Маладзёжная палітыка і выхаванне. Сучасныя падыходы

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Выкананне пагаднення паміж галоўным упраўленнем адукацыі і абласной прафсаюзнай арганізацыяй, вынікі рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады” і Комплекснай праграмы выхавання дзяцей і моладзі ў Гродзенскай вобласці на 2016—2020 гады. Гэтыя і іншыя пытанні разгледжаны на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, якое прайшло ў ГрАІРА.

Сацыяльнае партнёрства

Як падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, на парадак дня калегіі вынесены стратэгічныя пытанні, якія вырашаюцца ў рамках задач, пастаўленых на Усебеларускім народным сходзе. У першую чаргу гэта рэалізацыя сацыяльнага партнёрства з абласной арганізацыяй прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, абмеркаванне такіх важных пытанняў, як рост заробкаў, занятасць работнікаў сіс­тэмы, павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню супрацоўнікаў і абарона іх правоў. Пытанні ўзаемадзеяння з прафсаюзам разглядаюцца двойчы ў год.

З вынікамі выканання пагаднення паміж галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама і абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі на 2019—2022 гады азнаёміла старшыня абласнога галіновага прафсаюза Вера Грышэчка. Таксама былі падведзены вынікі абласнога галіновага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па развіцці сацыяльнага партнёрства.

Новыя дзіцячыя сады і школы

— Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады” рэалізавана ў поўным аб’ёме, бюджэтамі ўсіх узроўняў выкананы абавязацель­ствы па фінансаванні мерапрыемстваў праграмы, дасягнуты мэтавыя паказчыкі ў межах воб­ласці, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Агульныя вынікі ўражваюць. У нас з’явілася 1600 дадатковых месцаў ва ўстановах да­школьнай адукацыі. Пабудавана 10 новых дзіцячых садкоў: у гарадскім пасёлку Мір Ка­рэліцкага раёна, Гродне, Астраўцы, Шчучыне, Навагрудку і Лідзе. Усе дашкольныя ўстановы аснашчаны аўтаматызаванай сістэмай па ўліку і кантролі за якасцю харчавання.

Значныя змены адбыліся ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. За пяць гадоў праведзены капітальны рамонт і рэканструкцыя 16 устаноў. У Гродне і Астраўцы пабудаваны новыя школы. Сёння двое з трох вучняў вывучаюць прадметы на паглыбленым узроўні, павялічылася коль­касць профіляў, па якіх праходзіць навучанне, з’явіліся класы аграрнай і педагагічнай накіраванасці. Прафесійная падрыхтоўка школьнікаў ажыццяўляецца па 39 прафесіях. У школы вобласці пастаўлена 60 новых кабінетаў фізікі, 67 кабінетаў хіміі і 11 кабінетаў біялогіі. Пастаўка 33 кабінетаў біялогіі працягваецца і будзе завершана ў 2021 годзе. Усё гэта, безумоўна, спрыяла павышэнню якасці адукацыі. Па­цвярджэнне гэтага — вобласць штогод уваходзіць у тройку лідараў па выніках ЦТ і спартакіядзе школьнікаў.

Кваліфікаваныя кадры для горада і сяла

На пасяджэнні калегіі таксама ішла гаворка пра павышэнне якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў.

— За 5 гадоў адкрыты прыём па 5 новых спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 22 кваліфікацыях — прафесійна-тэхнічнай, — адзначыў Руслан Абрамчык. — Створана 6 рэсурсных цэнтраў, аснашчаных самым сучасным абсталяваннем. На іх базе прайшлі навучанне больш за 6 тысяч чалавек з усёй краіны. А наша моладзь мае магчымасць атрымаць вопыт і веды ў рэсурсных цэнтрах іншых абласцей.

Дастаткова высокія вынікі дэманструюць навучэнцы Гродзеншчыны ў чэмпіянатах прафесійнага майстэр­ства WorldSkills: 2016 год — 11 медалёў, 2018 год — 17. Па выніках чэмпіянату свету ў Казані ў 2019 годзе медалямі “За вышэйшае майстэрства” ўзнагароджаны чацвёра беларускіх удзельнікаў, у тым ліку навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну.

За 5 гадоў звыш 12 тысяч чалавек атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю.

Асаблівая ўвага — выхаванню дзяцей і моладзі

У рамках пасяджэння калегіі абмеркавана рэалізацыя за мінулую пяцігодку Комплекснай праграмы выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі. Падкрэслівалася, што выкананне мерапрыемстваў праграмы дазволіла забяспечыць пераемнасць і бесперапыннасць выхавання, спрыяла развіццю рэгіянальных і лакальных выхаваўчых сіс­тэм. Неаднаразова сістэма адукацыі, а таксама асобныя напрамкі выхаваўчай работы вобласці прызнаваліся лепшымі ў краіне.

Асаблівая ўвага ўдзялялася пошуку інавацыйных падыходаў. Рэалізаваны 43 інавацыйныя, 4 эксперыментальныя праекты па пытаннях выхавання і аховы дзяцінства. Адным з маштабных стаў праект “Аўтограф на карце роднай Беларусі”.

У рамках пятага этапу рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” навучэнцы вобласці ўдзельнічалі у рэспуб­ліканскіх мерапрыемствах і абласных праектах і конкурсах, занялі 18 прызавых месцаў, у тым ліку атрымалі 8 дыпломаў пераможцаў. Вынікам пошукавай і даследчай дзейнасці навучэнцаў стала стварэнне інтэрактыўных карт воінскіх пахаванняў на тэрыторыі раёнаў вобласці.

У рамках Года малой радзімы ва ўстановах адукацыі быў рэалізаваны абласны краязнаўчы праект “Замкі Гро­дзеншчыны”. Актыўная краязнаўчая дзейнасць навучэнцаў спрыяла папаўненню музейных фондаў унікальнымі экспанатамі, развіццю сеткі школьных музеяў.

Як было падкрэслена, немалаважным рэсурсам патрыятычнага выхавання з’яўляецца дзіцяча-юнацкі турызм.

У сярэднім працэнт ахопу навучэнцаў экскурсійнай дзейнасцю за 2018—2020 гады склаў 123%, гэта значыць, кожны навучэнец вобласці ў каляндарны год паўдзельнічаў у адной-дзвюх экскурсійных паездках.

Атрымала далейшае развіццё праектная дзей­насць. Так, паспяховым стаў турыстычна-экскурсійны праект “Да суседзяў”, прысвечаны Году малой радзімы. Рэалізаваны маштабны інтэрактыўны інтэрнэт-праект #История#Память#Будущее.by.

Выпрацавана сістэма штогадовых абласных і раённых мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне адказных адносін да сям’і, шлюбу, выхавання дзяцей. Істотна пашыраны магчымасці аказання псіхолага-педагагічнай, прававой, інфармацыйна-тлумачальнай дапамогі навучэнцам, бацькам і педагогам. Актыўна выкарыстоўваецца патэнцыял анлайн-кансультавання, вэбінараў, бацькоўскіх чатаў, форумаў і іншых форм дыстанцыйнага ўзаемадзеяння, тэхналогіі медыяцыі. Традыцыйнымі сталі штогадовыя абласныя інтэрнэт-форумы для бацькоў.

Асаблівую ролю ў выхаванні моладзі адыгрываюць студэнцкае і вучнёўскае самакіраванне, маладзёжны парламент, валанцёрскі рух.

— Адна з галоўных нашых задач — арганізацыя выхаваўчай работы з улікам тэзісаў, якія прагучалі на Усебеларускім народным сходзе, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Асаблівая ўвага будзе аддадзена патрыятычнаму выхаванню на прыкладзе подзвігу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, будуць адкрыты новыя маршруты па Беларусі з наведваннем памятных месцаў. У прыярытэце і праф­арыентацыйная работа, накіраваная на знаёмства з прадпрыемствамі з мэтай стымулявання максімальна ранейшага выбару прафесіі выпускнікамі школ.

На пасяджэнні калегіі вызначаны задачы ў галіне выхавання на найбліжэйшую пяцігодку. Лепшыя праекты і ініцыятывы, а таксама новыя дзейсныя падыходы ў рабоце ўвайшлі ў комплексную праграму выхавання на 2021—2025 гады.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.