Маладзёжны бізнес-інкубатар дапаможа далучыць моладзь абедзвюх краін да прадпрымальніцтва

- 10:58Інфармацыйная гадзіна

Беларуская і кітайская моладзь будуць развіваць сумесныя бізнес-праекты, паведаміла сакратар ЦК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Аляксандра Ганчарова.

Такое рашэнне прынята ў час афіцыйных сустрэч прадстаўнікоў БРСМ і Усекітайскай федэрацыі моладзі на трэцім Маладзёжным лагеры Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Пекіне. У прыватнасці, у найбліжэйшы час бакі плануюць стварыць беларуска-кітайскі маладзёжны бізнес-інкубатар. “Гэта дасць магчымасць больш актыўна ўключаць моладзь у сферу прадпрымальніцтва, развіваць паспяховыя бізнес-праекты і прыцягваць інвестыцыі”, — сказала Аляксандра Ганчарова.

Як падкрэсліла сакратар ЦК БРСМ, маладзёжныя арганізацыі дзвюх краін плануюць у далейшым праводзіць больш сумесных праграм і праектаў. Пры гэтым прынята рашэнне не абмяжоўвацца ўзаемадзеяннем выключна паміж цэнтральнымі камітэтамі, а планамерна пашыраць рэгіянальнае супрацоўніцтва.

Трэці Маладзёжны лагер ШАС праходзіў у КНР 15—22 ліпеня. Яго арганізатарам выступае Усекітайская федэрацыя моладзі. Гэта самая масавая маладзёжная арганізацыя, якая ўключае 55 арганізацыйных членаў і больш як 94 тысячы рэгіянальных членаў на розных узроўнях. БРСМ у Маладзёжным савеце ШАС з’яўляецца арганізацыяй-партнёрам па дыялогу ў сферы маладзёжнай палітыкі. “Маладзёжны Савет ШАС стаў маштабнай пляцоўкай для камунікацый. У адказ на Зварот кіраўнікоў дзяржаў — членаў ШАС да моладзі прадстаўнікі лагера падтрымалі іх імкненні ўмацоўваць міжнароднае супрацоўніцтва і кансалідаваць намаганні ў рабоце з моладдзю”, — падкрэсліла Аляксандра Ганчарова.