У Беларусі больш за 200 маладзёжных грамадскіх арганізацый, але не многія маладыя людзі і грамадства ў цэлым пра гэта ведаюць, як не ведаюць і таго, чым яны займаюцца. Ды і самі актывісты гэтых арганізацый часта не знаёмы з калегамі па цэху, амаль не падтрымліваюць партнёрскіх адносін, практычна не праводзяць сумесных сустрэч. Больш за тое, самі арганізацыі часта ўспрымаюць адна адну як канкурэнтаў, а не партнёраў. А між іншым многія з іх маюць адну агульную мэту — развіццё патэнцыялу моладзі. Выправіць гэтую сітуацыю ў бок кансалідацыі стала адной з задач маладзёжнага адукацыйнага цэнтра “Фіяльта”. Даўняя ідэя яго супрацоўнікаў — “Кiрмаш лепшых практык работы з моладдзю” — сабрала днямі ў Мінску ўдзельнікаў 77 арганізацый і ініцыятыў з Беларусі і 12 краін свету.
Будзем знаёмы
Маладзёжны адукацыйны цэнтр “Фіяльта” ўсе 20 гадоў свайго існавання займаецца падтрымкай і суправаджэннем маладзёжных ініцыятыў і правядзеннем адукацыйных праграм для моладзі. Апошнія гады ён выйшаў на ўзровень адкрытага маладзёжнага цэнтра.
“Для нас важна, каб спецыялісты розных сфер, якія працуюць з моладдзю, пазнаёміліся паміж сабой, даведаліся, хто чым займаецца, прадэманстравалі свае найбольш паспяховыя, эфектыўныя і папулярныя практыкі работы з моладдзю, — адзначыла Аліса Карповіч, каардынатар кірмашу, супрацоўнік МАЦ “Фіяльта”. — Прычым арганізацыі не проста паказалі, чым яны займаюцца, але і прадаставілі калегам магчымасць пераняць іх вопыт, каб потым выкарыстоўваць у сваёй практыцы.
Прыемна адзначыць, што кірмаш стаў цудоўнай магчымасцю для міжсектарнага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, бо ўдзел у ім акрамя грамадскіх арганізацый прынялі педагогі і навучэнцы школ і ўстаноў дадатковай адукацыі, выкладчыкі і студэнты вышэйшых устаноў адукацыі, супрацоўнікі бібліятэк, выдавецтваў, галерэй мастацтва, прадзюсары, пісьменнікі і інш. Такі фармат змяніў прывычны, бо ў Беларусі пераважае практыка сектарнага ўзаемадзеяння: разам збіраюцца спецыялісты, якія працуюць па тэмах экалогіі, інклюзіі, сацыяльнага прадпрымальніцтва, а мы ў якасці агульнай тэмы ўзялі работу з моладдзю”.
Знайдзі сябе
На крэатыўнай прасторы “ЦЭХа” была арганізавана работа 24 пляцовак і некалькіх варкшопаў па розных кірунках. Аднымі з самых запатрабаваных аказаліся майстар-класы па прафарыентацыі і працаўладкаванні. Напрыклад, аўтары сайта adukacyja.info Таццяна Галавач і Раман Чвыраў пазнаёмілі ўдзельнікаў з аўтарскай канцэпцыяй пошуку сваёй справы з дапамогай трэнінгаў. Разам маладыя людзі пастараліся знайсці адказ на пытанне “Што перашкаджае знайсці сваю справу?” з дапамогай мазгавога штурму.
Вольга Рудзь, дырэктар адукацыйнага і кадравага цэнтра “Новае заўтра”, кандыдат сацыялагічных навук, на сваёй пляцоўцы ўзняла тэму паспяховага працаўладкавання. Вольга — кіраўнік з 10-гадовым стажам, таму сакрэты ад работадаўцы, на што яна звяртае ўвагу пры пошуку кандыдатаў на працоўнае месца, прыйшліся дарэчы. Удзельнікі яе майстар-класа вучыліся правільна аналізаваць рынак вакансій, складаць дзейснае і гнуткае рэзюмэ (гэта і тэкст, і структура, і фота) і рабіць перавагу з таго, што складае яго студэнт ці выпускнік.
На пляцоўцы “Карысны бізнес” Наталля Амплеева з грамадскай арганізацыі БелАДДІіМІ запэўніла, што, калі ёсць жаданне працаваць, магчымасці знаходзяцца і ў маладых людзей з абмежаваннямі. У якасці прыкладу яна прывяла арганізацыю прадпрыемства “АртІдэя”. Пра асаблівасці інклюзіўнай адукацыі і падыходы да навучання падрабязна даведаліся ўдзельнікі яе майстар-класа.
А для тых, хто ад работы чакае не толькі грашовай узнагароды, працавала пляцоўка “Валанцёрам быць карысна”. Да іх далучыліся і прадстаўнікі арганізацый, якім неабходна дапамога валанцёраў. Вядучая Алена Міхайлава, супрацоўніца Цэнтра міжнароднай адукацыі і кар’еры, упэўнена, што валанцёрства — гэта не толькі магчымасць аказаць дапамогу іншым людзям, свайму гораду, але і занятак, які дазваляе лепш пазнаць сябе, развіць асабістыя якасці і прафесійныя навыкі і знайсці новых сяброў. На яе думку, такое разуменне валанцёрства асабліва важнае для падлеткаў, калі тыя знаходзяцца ў працэсе самапазнання і вызначэння будучай прафесіі. Падчас майстар-класа Алена расказала аб практыцы работы са школьнікамі і студэнтамі па ўключэнні іх у валанцёрскую дзейнасць, пачынаючы з тлумачэння самога паняцця валанцёрства да планавання і рэалізацыі ўласных праектаў. Удзельнікі майстар-класа прапанавалі новыя ідэі па далучэнні моладзі да валанцёрства.
Адчуй свабоду
Не менш жадаючых было наведаць творчыя майстар-класы. Напрыклад, на пляцоўцы “Прастата крэатыўнасці” яе вядучая Юлія Станкевіч (МАЦ “Фіяльта”) прадэманстравала прыёмы па развіцці крэатыўнага мыслення. Па яе меркаванні, сакрэт крэатыўных адказаў хаваецца ў крэатыўных пытаннях, ставіць і задаваць якія Юлія і вучыла сваіх гасцей.
Не толькі крэатыўна, але і ёміста пісаць тэксты вучылі яе калегі-“фіяльтаўцы” Алег Шульга і Уладзіслаў Лук’янчук. Ідэі Міжнароднай грамадскай арганізацыі Loesje ўжо ахапілі многія краіны свету і цяпер знаходзяць сваіх прыхільнікаў у Беларусі. Гэта методыка крэатыўнага напісання кароткіх слоганаў, якія прымушаюць задумацца і паглядзець на звыклыя рэчы з новай перспектывы. Хлопцы пагрузілі ўдзельнікаў сваёй пляцоўкі ў тонкасці філасофіі Loesje з дапамогай аркушаў, маркераў і аптымістычнага настрою.
Як зрабіць прэзентацыю цікава, хутка і інтэрактыўна? Сваімі ідэямі з моладдзю падзяліліся Андрэй Салікаў, дацэнт кафедры маладзёжнай палітыкі РІВШ, Глеб Герасімовіч, арганізатар летняга маладзёжнага бізнес-форуму “Лiпень.PRO”, Дар’я Васюра, выкладчык Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB).
На пляцоўцы “Кінадзень” разгарнулася абмеркаванне важных для моладзі пытанняў праз арганізацыю кінапаказу з дыскусіяй. Удзельнікі даведаліся пра ўсе тэхнічныя дэталі ходу кінапаказу, дэталёва разабралі падрыхтоўку і рэалізацыю дэманстрацыі кінафільма і паслядоўнай дыскусіі, даведаліся пра ролю і функцыі яе вядучага — фасілітатара і на прыкладзе рэальных тыповых экстрэмальных сітуацый папрактыкаваліся дыскутаваць. З тонкасцямі кінасправы прысутных знаёмілі “фіяльтаўцы” Ксенія Малюкова і Аляксей Каваленка.
Многія студэнты, якія прыйшлі на кірмаш, выбіралі пляцоўку “Студэнт, be active! ці А што адразу Я і навошта гэта МНЕ?” Аляксандра Луцэвіча (асацыяцыя “Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання”). Тэмай пляцоўкі стала натхненне на студэнцкую актыўнасць і стварэнне студэнцкіх праектаў. Аляксандр Луцэвіч заклікаў маладых людзей не скардзіцца на якасць адукацыі, прапускны рэжым у інтэрнаце, існаванне адпрацовак, нязручны расклад заняткаў. Куды лепш уносіць свае прапановы. І калі адзін у полі не воін, то трэба сабраць каманду. І такую магчымасць дае студэнцкае самакіраванне. Пра тое, як зрабіць яго не фармальным, а дзейсным, здольным вырашаць праблемы студэнтаў, Аляксандр расказаў сваім гасцям.
Вядома, для вырашэння некаторых праблем аднаго жадання мала. Як атрымаць грошы на ажыццяўленне сваіх ініцыятыў, расказаў на сваёй пляцоўцы “Краўдфандынг: разам лепш” Ратмір Новікаў. Госці даведаліся, на падтрымку якіх праектаў рэальна сабраць грошы ў Беларусі і як паспяхова правесці сваю кампанію па зборы сродкаў.
Відавочна, сакрэты краўдфандынгу паспяхова асвоілі Марына Штрахава і Марыя Лукашук са “Студрады”. Іх праект “жывой бібліятэкі” “Людзі больш, чым стэрэатыпы” стаў вельмі папулярным за лічаныя месяцы. У гэтай “бібліятэцы” замест прывычных кніг выступаюць жывыя людзі са сваімі гісторыямі, гатовыя адказаць на любыя пытанні “чытачоў”. Цікавая сама работа “бібліятэкі”: для выбару “кнігі” “чытачы” запаўняюць “бібліятэчную картку” і “чытаюць кнігу” на працягу пэўнага часу. На кірмашы тэмай “чытання” стала міжкультурнае навучанне, а пра сябе расказвалі прадстаўнікі розных краін, нацыянальнасцей і культур. Да нашых суайчыннікаў у вобразе далучыліся і валанцёры з Іспаніі, Польшчы і Германіі. Для наведвальнікаў пляцоўкі было карысна бліжэй пазнаёміцца з імі, каб лепш разумець членаў сваёй сям’і, сяброў, калег, якія не падобны на іх.
Руйнаванне стэрэатыпаў стала тэмай майстар-класа Вольгі Рахманавай. Пад увагу Вольгі і яе гасцей трапілі гендарныя стэрэатыпы, і сцерці іх вядучая прапанавала праз… настольную гульню. Гэтая гульня стала вынікам доўгатэрміновага адукацыйнага курса на тэму гендару.
Сваім вопытам работы з падлеткамі праз каштоўнасна-арыентаваны падыход падзялілася Ганна Ягорава, супрацоўнік цэнтра, дружалюбнага да падлеткаў, “Давер”. Актывісты фонду “Інтэракцыя” Ірына Іванова і Святлана Паддубная адкрылі пляцоўку “Экалогія як інструмент работы з сельскай моладдзю”. У прыватнасці былі прэзентаваны вынікі праекта “Малыя рэкі — вялікія праблемы”. Ён аб’яднаў школьнікаў Віцебшчыны ў даследаванні і абароне малых рэк. Госці кірмашу ўбачылі, як пры дапамозе кампактнай лабараторыі вызначаюцца шкодныя хімічныя элементы ў вадзе. Акрамя таго, былі прадстаўлены адукацыйныя методыкі, якія выкарыстоўваліся для пазакласнага навучання па тэме вывучэння малых рэк.
Дзейнасць маладзёжных адвакатыўных кампаній, супрацоўніцтва з моладдзю ў рэжыме анлайн, інтэрактыўныя методыкі работы з моладдзю, форум-тэатр як метад сацыяльнай работы, тэхніка абмеркавання надзённых праблем World cafe, IT-хэнд-мэйд — гэтыя і іншыя тэмы сталі агульнымі для вядучых майстар-класаў і іх удзельнікаў. Цікавымі былі і варкшопы ад праекта “Навука па-за сабой” ад “Фіяльты” — “Яркая хімія” і “Чалавек пад мікраскопам”. Увечары госці кірмашу разыходзіліся з новымі ідэямі, з запоўненымі тэлефоннымі кніжкамі, у якім пазначаны будучыя партнёры і суаўтары праектаў.
Для Аксаны Кукліцкай, дырэктара ЦТДіМ Салігорскага раёна, які курыруе ў раёне работу па мностве кірункаў, цікавымі былі амаль усе майстар-класы. Таму яна паехала на кірмаш з камандай педагогаў. “Мяне прыемна ўразілі падыходы экспертаў да правядзення саміх майстар-класаў: ты адразу плануеш, дзе прыменіш агучаныя ідэі. Мы на месцы дамовіліся пра выезды да нас супрацоўнікаў “Фіяльты”. У наступным годзе планавалі наладзіць школу валанцёрства, і праведзены майстар-клас для мяне быў у нечым адкрыццём: і мы, і дзеці вельмі вузка разумеем валанцёрства, таму часта бывае недахоп добраахвотнікаў. Цікавымі для мяне былі зносіны з Ганнай Селязнёвай з галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Мы ўжо плануем, на якія выставы павязём сваіх творчых выхаванцаў. Абмеркавалі прыезд да нас вядучых майстар-класа па відовішчных хімічных доследах “Яркая хімія”. На сустрэчы будзем запрашаць навучэнцаў школ горада і раёна. У летнія планы ўвайшло і абсталяванне кабінета для правядзення вэбінараў. Каб пачаць дыстанцыйнае навучанне, дастаткова будзе падаць заяўку ў Цэнтр міжнароднай адукацыі і кар’еры”.
“Мерапрыемствы такога кшталту, як праведзены кірмаш, часта ладзяцца ў Еўропе. Але што тычыцца Беларусі, я не памятаю падзей, якія былі б накіраваны на абмен тэхналогіямі і інструментамі работы з моладдзю і збіралі б такую колькасць людзей. І я рада, што мы сталі часткай гэтага мерапрыемства”, — гаворыць Святлана Зінкевіч, дырэктар Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый.
Хоць першапачаткова кірмаш планаваўся як разавая акцыя, аргкамітэт па шматлікіх просьбах удзельнікаў абмяркоўвае, як зрабіць яго традыцыйным. У гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, мерапрыемства пашырыць свой фармат і будуць улічаны прапановы праводзіць яго на працягу хаця б двух дзён.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена асветніцкай установай
“Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый”.