Маладзёжны код нацыі

- 11:00Адукацыйная прастора

Адна з секцый Рэспубліканскага педагагічнага савета, якая праходзіла на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, была прысвечана актуальным напрамкам развіцця маладзёжнай палітыкі і ролі ініцыятыў моладзі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. На секцыі прысутнічалі прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці, грамадскіх маладзёжных аб’яднанняў і спецыялісты па рабоце з моладдзю.

Маладзёжная палітыка — адзін з прыярытэтаў развіцця дзяржавы. Немагчыма перабольшыць яе ролю ў планаванні будучыні нашай краіны, тым больш што маладыя грамадзяне складаюць 20% ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі. Разуменне кірункаў развіцця маладзёжнай палітыкі патрабуе навуковага падмурку, які б раскрыў рэальную карціну таго, чым жыве сучасная моладзь і якія праблемы і пытанні яе хвалююць.

Намеснік дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Таццяна Шэндзік прадставіла партрэт маладога беларуса праз прызму сацыяльных даследаванняў і прыйшла да высновы: “Працаваць з сучаснай беларускай моладдзю трэба, мяняючы формы навучання і выхавання і ў першую чаргу мяняючыся самім. Трэба шукаць баланс паміж прыватным і публічным, паміж развіццём тэхналогій і захаваннем традыцый. Неабходна фарміраваць у нашай моладзі аб’ектыўную самаацэнку праз валанцёрства і работу студэнцкіх атрадаў, як можна раней уключаць у працэс набыцця прафесійнага вопыту, удзяляць асаблівую ўвагу каманднай рабоце, развіваць камунікатыўныя і кагнітыўныя навыкі, сістэму конкурсаў, спаборніцтваў, падтрымкі грамадскіх ініцыятыў. Маладому пакаленню беларусаў важна наяўнасць у краіне магчымасцей дабіцца поспеху. Ад дзяржавы маладыя грамадзяне чакаюць увагі да сябе і сваіх родных, ім важныя эканамічны і сацыяльны рух, фарміраванне празрыстых сацыяльных ліфтаў, прапанаванне новых форм сацыялізацыі і дэманстрацыі ролі моладзі ў жыцці краіны”.

Падчас сустрэчы педагогі абмеркавалі і Стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 года, якую прадставіла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская. Яна адзначыла: “Развіццё самастойнай асобы маладога грамадзяніна, фарміраванне яго пазітыўнага светапогляду і запатрабаваных кампетэнцый прызнаецца галоўным прыярытэтам дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Аналіз практыкі работы з моладдзю паказвае, што дасягнуць максімальных вынікаў немагчыма без стратэгічнага планавання. Таму 19 чэрвеня 2021 года была прынята Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. Стратэгія — комплексны дакумент, які павінен стаць асновай для планавання работы ўсіх узроўняў і структур у краіне, што ажыццяўляюць маладзёжную палітыку. У ім вызначаны неабходныя дасягненні, накіраваныя на грамадска-палітычнае і эканамічнае развіццё дзяржавы”.

Супрацоўнікі кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы звярнуліся да тэмы патрыятычнага выхавання моладзі і прапанавалі прайсці інтэрактыўнае апытанне. Павага да традыцый, да старэйшых, абарона радзімы — такі адказ далі педагогі і прадстаўнікі маладзёжных арганізацый на пытанне “У чым праяўляецца патрыятычная выхаванасць?”. А пасля, працуючы ў групах, выбралі і абмеркавалі інавацыйныя метады і формы патрыятычнага выхавання. Таксама ў рамках форуму прайшла прэзентацыя інтэрактыўнай платформы па патрыятычным выхаванні.

Для таго каб працаваць з моладдзю, трэба мець прыярытэт у інфармацыйнай сферы. У сувязі з гэтым Міністэрства адукацыі пачало распрацоўку інфармацыйнай платформы “Моладзь Беларусі”, якая, як спадзяюцца распрацоўшчыкі, стане асноўнай крыніцай інфармацыі і дасць адказ на любыя пытанні моладзі. Запыт на такую платформу ўзнік невыпадкова, ён прыйшоў менавіта ад маладога насельніцтва Беларусі.

“Згадзіцеся, сёння няма адзінага рэсурсу, дзе можна было б паглядзець, якія сацыяльныя гарантыі маладым беларусам прапануе дзяржава, якія мерапрыемствы ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі праходзяць ці плануюцца. На сайце, што мы распрацоўваем, будзе прадстаўлена афіцыйная інфармацыя аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, сацыяльных гарантыях і мерах сацыяльнай падтрымкі моладзі. Тут сабрана база нарматыўна-прававых дакументаў, раздзеленых па сферах дзейнасці і кірунках, якімі можа скарыстацца любы жадаючы. Такім чынам будзе прадстаўлены кожны закон, які працуе на падтрымку моладзі”, — расказаў галоўны спецыяліст упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Сяргей Шмарлоўскі.

Таксама на інтэрнэт-пляцоўцы размешчана інфармацыя пра беларускія УВА і маладзёжныя арганізацыі, навіны і каляндар мерапрыемстваў рэспубліканскага і абласнога ўзроўню, статыстычныя даныя, якія тычацца маладога насельніцтва краіны, псіхалагічная анлайн-падтрымка, апытанні на тэмы, што хвалююць беларускую моладзь. Пакуль платформа працуе ў рэжыме напаўнення і структурызацыі. Запусціць яе плануецца ў сярэдзіне верасня.

Прэзентацыя ўнікальнага маладзёжнага рэсурсу атрымала жывы водгук прадстаўнікоў маладзёжных аб’яднанняў, што прысутнічалі на мерапрыемстве. Так, Раман Бандарук і Андрэй Есін, першыя сакратары Мінскага гарадскога і Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ адпаведна, адзначылі неабходнасць рэсурсу і ўнеслі прапанову наладзіць на сайце зваротную сувязь са спецыялістамі, якія б тлумачылі законы і дапамагалі правільна іх трактаваць.

“Хочацца пажадаць, каб і надалей педагогі працавалі плённа і сумесна, перадаючы дзіця ад дашкольнай установы да УВА і першых месцаў працы, ствараючы для яго спрыяльныя ўмовы і даючы магчымасць рэалізаваць сябе як грамадзяніна нашай дзяржавы”, — падвяла вынікі работы секцыі Таццяна Сіманоўская.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.