У Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце адбылася першая сесія юных парламентарыяў другога склікання. У парламент было выбрана 59 ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў вобласці. Адкрывалі сесію начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў галоўны рэдактар газеты “Гродзенская праўда” Павел Якаўлевіч Сухарукаў і член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Юрый Мар’янавіч Аляксееў.
Падчас сесіі юныя парламентарыі выбралі старшыню парламента. Ім стала Аліна Сухарукава, навучэнка гімназіі № 1 імя Я.Карскага Гродна, а яе намеснікамі — Яўген Фядуцік, навучэнец сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска, і Ягор Лусцянкоў, навучэнец сярэдняй школы № 17 Ліды. Таксама былі сфарміраваны 6 камісій: камісія па ўзаемадзеянні з грамадскімі аб’яднаннямі і развіцці валанцёрскага руху; камісія па грамадска-прававых пытаннях і прафілактыцы правапарушэнняў; камісія па адукацыі, школьным самакіраванні і падтрымцы дзіцячай і маладзёжнай ініцыятывы; камісія па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і ахове здароўя моладзі; камісія па арганізацыі вольнага часу, папулярызацыі фізічнай культуры, спорту і турызму і прапагандзе здаровага ладу жыцця; камісія па эканоміцы, менеджменце, прадпрымальніцтве і прафарыентацыі школьнікаў.
Адным з галоўных пытанняў падчас першай сесіі быў здаровы лад жыцця. Моладзь хвалюе недахоп спецыяльных пляцовак, турнікоў, стадыёнаў для заняткаў спортам і перш за ўсё — сучаснымі відамі, такімі як варкаўт, паркур, катанне на скейтбордах і г.д. Парламентарыі актыўна ўзяліся за вырашэнне гэтых праблем, падключаючы не толькі аднагодак, але і дарослых. Не засталася без увагі і праблема спайсаў. Для антыпрапаганды школьнікі выкарыстоўваюць свае спосабы — флэшмобы, акцыі, прыцягненне дзяцей у спартыўныя гурткі і г.д.
Пры Гродзенскім абласным маладзёжным парламенце быў арганізаваны маладзёжны антынаркатычны рух “ВЕК”. Цэлы тыдзень быў прысвечаны антынаркатычнай акцыі “Місія — жыць”. Было праведзена анкетаванне навучэнцаў з усёй вобласці па пытанні распаўсюджвання наркотыкаў і іх прэкурсораў.
Пачалася акцыя з флэш-мобу “Місія — жыць!” ва ўсіх установах Гродзенскай вобласці 20 кастрычніка ў 12 гадзін. Затым прайшлі прэс-канферэнцыі па актуалізацыі праблемы, дыспуты, ток-шоу “Дызайнерскія” наркотыкі — наркотыкі новай эры: ілюзія бяспекі”. Школьнікі падрыхтавалі і выпусцілі лістоўкі, газету “Наркотыкі і закон”. Правялі конкурсы слоганаў і антынаркатычнай рэкламы. Усю інфармацыю вучні школ размяшчалі на тэматычных сайтах.
У рамках акцыі праводзіліся сустрэчы валанцёраў-інструктараў з аднагодкамі па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” па прафілактыцы наркаўжывання. Быў праведзены дзень “Будзь здаровым і актыўным”, падчас якога на вуліцах гарадоў і пасёлкаў вобласці праводзілася апытанне, раздаваліся лістоўкі. Члены маладзёжнага парламента сустракаліся са сваімі выбаршчыкамі і арганізоўвалі антынаркатычны рух “ВЕК” у раёнах.
У суботу былі арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы VsegdaZdorov.by, ваенна-спартыўная гульня “Адрэналін”, спартыўныя святы, малыя алімпійскія гульні і інш. Для бацькоў былі арганізаваны прагляды фільмаў па тэме тыдня, індывідуальныя і групавыя кансультацыі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы.
Юныя парламентарыі пачалі сваю работу з надзённых праблем, якія сёння больш за ўсё хвалююць грамадскасць. І гэтая работа не будзе спыняцца на працягу года.
Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.