Маладзёжны патруль

Юнакі з маладзёжнага атрада аховы правапарадку і атрада валанцёраў “Мара”, якія не адзін год дзейнічаюць пры Маларыцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, працягваюць сумесную  інфармацыйна-прафілактычную акцыю “COVID-патруль”, арганізаваную райкамам БРСМ і раённымі арганізацыямі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускага саюза жанчын.

Акцыя накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да неабходнасці выканання норм, якія прадухіляюць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі.

У масавых месцах Маларыты атрадаўцы нагадваюць дарослым і дзецям пра няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, раздаюць інфармацыйныя лістоўкі, расказваюць пра важнасць сацыяльнай дыстанцыі і масачнага рэжыму, рэкамендуюць зрабіць прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі, падказваюць адрасы пунктаў вакцынацыі.

— У маладзёжным атрадзе аховы правапарадку я ўжо другі год, — расказвае навучэнец Анатоль Гуйо. — Мы ўзаемадзейнічаем з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, забяспечваем парадак падчас грамадскіх, культурна-масавых і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў, праводзім работу па прафілактыцы правапарушэнняў, удзельнічаем у дабрачынных мерапрыемствах. Я актыўна далучыўся да чарговай акцыі. Гэта своечасовае і важнае мерапрыемства. Удзел у ім дазволіць унесці ўклад у барацьбу з COVID-19.

Мікалай НАВУМЧЫК.