Маладзёжны саюз адзначае 19-годдзе

- 10:40Навіны рэгіёнаў

У Гомелі ўрачыстае мерапрыемства прайшло на плошчы Дзяржаўнага сцяга, дзе сабраліся больш за 800 чалавек. Гэта актыў арганізацыі, байцы студэнцкіх атрадаў і добраахвотніцкага руху “Добрае сэрца”, адораная і таленавітая моладзь. 30 лепшым дзецям — актывістам, спартсменам і выдатнікам вучобы ўрачыста ўручылі членскія білеты БРСМ. 

— Сімвалічна, што свята праходзіць напярэдадні Дня народнага адзінства, — адзначыла першы сакратар Гомельскай абласной арганізацыі БРСМ Вераніка Гудкова. — Упэўнена, што маладыя людзі, якія цяпер уваходзяць у шэрагі самай масавай маладзёжнай арганізацыі Гомельскай вобласці, стануць прадаўжальнікамі яе лепшых традыцый. 

Наведвальнікі пляцоўкі “Пункты свету” атрымалі сувеніры — чырвона-зялёныя стужачкі і іншую атрыбутыку як знак падтрымкі міру, бяспекі і спакою ў краіне. Творчыя калектывы Гомеля павіншавалі імяніннікаў музычнымі падарункамі. Тут жа дадзены старт рэспубліканскаму патрыятычнаму праекту БРСМ “Ведаю Беларусь”. Першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў расказаў, што новая ініцыятыва, якая стартуе ў горадзе над Сожам, накіравана на падтрымку сістэмы комплекснага грамадзянска-патрыятычнага выхавання маладых людзей розных узроставых катэгорый:

— Праект “Ведаю Беларусь” уключае серыю аднайменных анлайн-квізаў — інтэлектуальных спаборніцтваў па гісторыі, геаграфіі, культуры. Спілс-карта з’яўляецца своеасаблівым вучэбна-гульнявым дапаможнікам па вывучэнні нашай краіны. Яна ўяўляе сабой камплект магнітных гульнявых элементаў, якія маюць візуальную форму геаграфічных меж раёнаў Беларусі. Назва “спілс” — ад прозвішча Джона Спілсберы, які прыдумаў пазлы. З 21 верасня па 10 кастрычніка ў краіне пройдуць абласныя і мінскі гарадскі рэспубліканскія чэмпіянаты па хуткаснай зборцы спілс-карт “Ведаю Беларусь”. Удзельнікамі будуць каманды навучэнцаў самых розных устаноў адукацыі і працуючай моладзі. 

У Гомельскай вобласці стартаваў маладзёжны чэлендж “Поціск рукі”. Пры гэтым сімвалічным дзеянні таксама перадаецца Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, паведамілі ў абкаме БРСМ. Сцяг аб’едзе ўсе раёны Гомельскай вобласці і ў Дзень народнага адзінства будзе перададзены ў музей саюза моладзі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.