Маладзёжны вектар на будучыню

У суботу Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адзначыў дзень нараджэння. За 12 гадоў саюз моладзі аб’яднаў больш за паўмільёна неабыякавых людзей, якія не могуць сядзець, склаўшы рукі, а робяць усё, каб жыццё стала больш цікавым, яркім і насычаным. Каб падвесці вынікі чарговага этапу, у Нацыянальным прэс-цэнтры сабраліся каардынатары асноўных кірункаў дзейнасці маладзёжнай арганізацыі, самыя актыўныя яе ўдзельнікі і пераможцы маладзёжных праектаў.

Традыцыйна кожны дзень нараджэння для віноўніка ўрачыстасці — гэта нагода расказаць гасцям пра свае поспехі і дасягненні за апошні год. Не стаў выключэннем і саюз моладзі. А расказваць пра дасягнутыя вышыні сярод тых, хто непасрэдна дапамагаў іх дасягнуць, асабліва прыемна, бо перамогі сталі агульнымі.
Апошнія тры гады дзейнасць БРСМ выглядае асабліва страката. Гэта рэалізацыя на прасторах краіны маштабных праектаў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці: “Дзякуй за Перамогу!”, “Героі Перамогі”, “Маладзёжны марафон “70!”, “70 гадоў міру”, “Музей-бус” прысвечаны Дню Перамогі і 70-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праект “За Беларусь!” прысвечаны Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Рэалізаваны і рэалізоўваюцца праекты невялікіх аўтарскіх калектываў. Так, патрыятычны клуб “Гарнізон” з Брэстчыны выступіў ініцыятарам стварэння маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на базе Брэсцкай крэпасці. Плануецца, што ён не толькі аб’яднае ўсю работу патрыятычнага кірунку, якая праводзіцца ў краіне, але і створыць унікальную атмасферу прысутнасці ў кожнага, хто захоча больш даведацца пра гераічнае мінулае нашай краіны. Удзельнікам клуба — майстрам ваеннай рэканструкцыі — гэта будзе нескладана.
Наступным праектам, спадзяюцца ў кіраўніцтве саюза, будзе стварэнне патрыятычных класаў. Гэтая ідэя ўжо даўно наспявае ў грамадстве.
“Да нас часта звяртаюцца патрыятычныя клубы і аб’яднанні з прапановай адраджаць гэтую сістэму, — гаворыць першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Бузоўскі. — Мы пераканаліся, што праекты па супрацоўніцтве моладзі з пошукавымі атрадамі, патрыятычнымі грамадскімі арганізацыямі — тэма вельмі ўдзячная.
Бацькі, дзеці адгукаюцца настолькі шчыра, гэта выклікае такое эмацыянальнае рэагаванне, што мы не маем права не выкарыстаць гэта. Таму патрыятычныя класы — тэма для абмеркавання. Мы будзем шукаць вырыянты дзяржаўнай падтрымкі. Тым больш, што міністэрства адукацыі таксама сур’ёзна прапрацоўвае гэтае пытанне, таму, спадзяюся, сумеснымі намаганнямі гэтая ідэя будзе рэалізавана”.

Першая тэставая работа БРСМ у гэтым кірунку — стварэнне маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, удзельнікамі якіх можна стаць ва ўзросце 14—16 гадоў. Гэта сумесны праект БРСМ і МУС Рэспублікі Беларусь, які ўжо ахапіў каля 15 тысяч маладых людзей, якія праходзяць падрыхтоўку да службы ў арміі, паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі сілавых структур і садзейнічання ў забеспячэнні грамадскага правапарадку. Сёлета па рэкамендацыі Цэнтральнага Савета БРСМ 82 чалавекі, члены маладзёжных атрадаў правапарадку, паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы МУС.
“Гэты год стаў для нас годам, калі мы сур’ёзна займаліся развіццём студатрадаўскага руху, — гаворыць другі сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў. — Толькі за перыяд са студзеня да верасня было працаўладкавана больш за 47 тысяч студэнтаў. Аднак хачу адзначыць, што дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, працоўны семестр з надыходам верасня не заканчваецца: з гэтага года ён атрымаў статус круглагадовага. Так, 1 верасня мы адправілі педагагічны студатрад “Белая Русь” з ліку студэнтаў сталічных УВА ў Туапсінскі раён Краснадарскага краю (Расія). Яны 16 дзён будуць працаваць у дзіцячым санаторна-аздараўленчым комплексе “Залаты Колас” у якасці педагогаў-арганізатараў, кіраўнікоў гурткоў дзіцячай творчасці, інструктараў па плаванні і фізічнай культуры, культарганізатараў, матросаў-ратавальнікаў. Для нас яшчэ адным фактам гэтага года стала аб’яўленне будаўніцтва АЭС у Астраўцы Гродзенскай вобласці маладзёжнай будоўляй. У будаўніцтве АЭС удзельнічала больш за 200 студэнтаў з Беларусі і Расіі, і, канечне, для іх гэта магчымасць атрымаць годную зарплату: за месяц студэнты атрымлівалі ад 10 мільёнаў рублёў”.
Валанцёрскі рух БРСМ “Добрае сэрца” таксама пашырае свой маштаб, і ўжо каля 24 тысяч валанцёраў аказваюць дабрачынную дапамогу ветэранам, маладым інвалідам, дзецям-сіротам, дапамагаюць аднаўляць і добраўпарадкоўваць храмы. Прыемнай навіной падзялілася з прысутнымі сакратар ЦК БРСМ Вікторыя Меннанава: “Саюз моладзі атрымаў акрэдытацыю ў Еўрапейскай валанцёрскай службе ў рамках праграмы Еўрапейскага саюза Erasmus+. Гэта пацвярджэнне таго, што БРСМ мае вялікі патэнцыял для ўдзелу ў міжнародных праектах і пашырэння маладзёжных кантактаў. Гэта першы крок арганізацыі, для таго каб актывісты БРСМ мелі магчымасць прымяніць свае веды, уменні і навыкі ў еўрапейскіх краінах. Бо асноўная мэта Еўрапейскай валанцёрскай службы — персанальнае, адукацыйнае і прафесійнае развіццё маладых людзей праз нефармальнае навучанне. Акрамя таго, заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкім абласным камітэтам БРСМ і Еўрапейскім цэнтрам адукацыі і развіцця добраахвотніцкіх працоўных атрадаў.

Яшчэ гучней пра сябе заявілі праекты па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі, многія з якіх ужо сталі брэндавымі. Гэта праект “100 ідэй для Беларусі” — пляцоўка для ініцыятыў маладых вучоных і вынаходнікаў;“Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця” — творчыя праграмы для жыхароў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС; конкурс “Студэнт года”; Міжнародны міжуніверсітэцкі конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева Вясна”; “Дзень моладзі” ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, галоўная ідэя якога — падтрымка маладзёжных субкультур і іх удзел у рэспубліканскіх конкурсах “Бітва дзіджэеў”, “Агонь танца” і інш.
Пераможцы ўсіх гэтых конкурсаў прымалі віншаванні і са сваімі перамогамі, і з днём нараджэння іх саюза. Удзел у праектах БРСМ стаў цудоўнай магчымасцю заявіць пра сябе. Так, пераможца рэспубліканскага этапу конкурсу “Каралева Вясна” Ганна Мядзелец стала першай віцэ-міс на міжнародным конкурсе ў Маскве. Студэнт года Сяргей Казловіч, пяцікурснік БДУІР, цяпер паспяхова рэалізуе сябе як вядучы. І яны, і пераможцы іншых праектаў атрымалі шанс стаць стыпендыятамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы адоранай моладзі.
На рахунку арганізацыі шмат мерапрыемстваў, якія спрыяюць здароваму ладу жыцця і развіццю культурна-забаўляльнай дзейнасці. Гэта дзіцяча-юнацкія спаборніцтвы па хакеі “Залатая шайба”, па футболе “Скураны мяч”, па гандболе “Імклівы мяч”, фестывалі для кіберспартсменаў Techlabs, для маладых сем’яў “Уладар сяла”, для працоўнай моладзі “Алімпія”, міжнародны маладзёжны лагер “Бе—La—Русь”, фестываль “Моладзь за Саюзную дзяржаву” і шэраг іншых.
Канечне, БРСМ жыве і на інтэрнэт-прасторы. Папулярнасць атрымалі маладзёжныя адукацыйныя інтэрнэт-форумы, інтэрнэт-конкурсы. Іх колькасць папоўнілася яшчэ адным маштабным праектам, які стартаваў у суботу, — адкрыты дыялог “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучае”. Арганізатары ўпэўнены, што ён стане масавым агульнарэспубліканскім праектам з удзелам усіх рэгіёнаў краіны, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, вядомых беларускіх спартсменаў, прадстаўнікоў культуры, навукі, палітыкі, бізнесу. Адкрыты дыялог удзельнікаў забяспечаны, бо на ўсіх этапах праект пройдзе з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў і сацыяльных сетак. Тых, каму не даюць спакою інавацыйныя ідэі, крэатыўныя прапановы па актуальных пытаннях жыцця моладзі, чакаюць на адкрытай пляцоўцы і заўсёды гатовы пачуць.

Святлана НІКІФАРАВА.