Маладзёжныя інтарэсы

У Беларусі будзе створаны Рэспубліканскі міжведамасны савет па развіцці дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Пра гэта заявіла Таццяна Сіманоўская, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь падчас прэс-канферэнцыі “Удасканаленне сістэмы падтрымкі адоранай, таленавітай і той, якая мае лідарскія якасці, моладзі”.

Для ажыццяўлення маладзёжнай палітыкі ў Беларусі наладжана шырокая сістэма дзяржаўнай падтрымкі. Асноўным каардынатарам выступае Міністэрства адукацыі, але пры цесным узаемадзеянні з міністэрствамі культуры, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, унутраных спраў, інфармацыі і іншымі, а таксама з грамадскімі маладзёжнымі арганізацыямі (БРСМ, БРПА, БелАЮ, Лігай дабравольнай працы і іншымі) Рэспубліканскі міжведамасны савет па развіцці дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі павінен будзе аб’яднаць усе іх намаганні. У савет увойдуць прадстаўнікі згаданых і іншых дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў, што дапаможа эфектыўней і хутчэй вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у маладзёжным асяроддзі.

Акрамя таго, выпрацоўваецца стратэгія дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 года. Па словах Таццяны Анатольеўны Сіманоўскай, гэта будзе новы дакумент, у якім аб’яднаюцца ўсе асноўныя кірункі маладзёжнай палітыкі. Для гэтага цяпер фарміруецца рабочая група, у яе ўвойдуць маладыя людзі, а таксама вопытныя даследчыкі, аналітыкі, прадстаўнікі розных сфер дзейнасці: эканамісты, спецыялісты сістэмы адукацыі, навукі — для стратэгічнага выбудоўвання далейшых задач, каб моладзь адчувала ў сваёй краіне падтрымку і ўсе ўмовы атрымліваць адукацыю, ствараць сям’ю і працаваць.

Не менш важна навучыць моладзь браць на сябе ініцыятыву, прымаць удзел у абмеркаванні важных для яе і дзяржавы ў цэлым пытанняў. Таму Міністэрства адукацыі развівае маладзёжны парламентарызм. Так, удзельнікі Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў актыўна ўключаюцца ў работу па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу, сустракаюцца з распрацоўшчыкамі падручнікаў, аналізуюць іх, уносяць свае прапановы, прымаюць уд зел у калегіях, што праводзяцца ў сістэме адукацыі.

Актыўна працуе і Рэспубліканскі студэнцкі савет. Прадстаўнікі ўсіх УВА краіны рэгулярна сустракаюцца з міністрам адукацыі І.В.Карпенкам, абмяркоўваюць пытанні ўдасканалення сістэмы адукацыі, пытанні работы УВА, навуковай дзейнасці, уключаюцца ў распрацоўку вучэбных праграм і іх мадэрнізацыю, у вырашэнне сацыяльных праблем студэнтаў, пытанняў занятасці моладзі, у прыватнасці дзейнасці студатрадаў.

У Беларусі з мэтай выяўлення маладзёжных лідараў, іх падтрымкі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў розных узроўняў. Найбольш буйнымі з іх з’яўляюцца “Студэнт года”, “Лідар года”, дзе моладзь прэзентуе сябе, свае праекты і інш.

Не менш важна выяўленне і падтрымка адораных навучэнцаў. Сёння ў Беларусі каля 2 мільёнаў маладых людзей ад 14 да 31 года. З іх у банку даных адоранай моладзі — каля 6 тысяч маладых людзей. У банку даных таленавітай моладзі на май бягучага года — 693 чалавекі і 197 калектываў.

Вялікую ролю ў падтрымцы маладых талентаў, стварэнні спрыяльных умоў для раскрыцця і ўдасканальвання здольнасцей моладзі адыгрывае Міністэрства культуры Беларусі. Сістэма конкурсаў і фестываляў, якія праводзяцца з мэтай ранняга выяўлення юных талентаў, стварэння ўмоў для іх творчай рэалізацыі, уключае ў сябе правядзенне спаборніцтваў раённага, гарадскога, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе прайшлі Міжнародны дзіцячы конкурс “Музыка надзеі”, Рэспубліканскі адкрыты конкурс вакалістаў імя С.Манюшкі, Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў фартэпіяннай музыкі і інш.

Пра самы магутны інструмент — алімпіядны рух па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў агульнай сярэдняй адукацыі — расказала А.Р.Кудаярава, кансультант галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

— Рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах — унікальны праект, у які ўключана на розных этапах больш за паўмільёна дзяцей і тысячы педагогаў, — зазначыла Анжэла Рычардаўна. — Так, у мінулым навучальным годзе толькі на першым, школьным, этапе алімпіяды прынялі ўдзел каля 600 тысяч навучэнцаў, на заключным — паўтары тысячы чалавек з усіх рэгіёнаў краіны. Па выніках рэспубліканскіх алімпіяд у нас штогод праводзяцца вучэбныя трэніровачныя зборы пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па падрыхтоўцы да міжнародных алімпіяд па вучэбных прадметах. Штогод амаль усе нашы навучэнцы, якія прымаюць удзел у міжнародных алімпіядах, вяртаюцца з узнагародамі. Напрыклад, сёлета за мяжой нашу краіну прадстаўлялі 58 навучэнцаў, з іх 50 навучэнцаў прывезлі медалі: 5 залатых, 19 сярэбраных, 26 бронзавых.

Работа з адоранымі навучэнцамі не заканчваецца і пасля іх выпуску са школы. Так, па даручэнні прэзідэнта, Міністэрства адукацыі стварае дзіцячы нацыянальны навукова-тэхнічны парк.

— Гэта будзе першая структура ў нашай краіне, накіраваная на далейшую работу з адоранай і таленавітай моладдзю пасля школы, — адзначыла Т.А.Сіманоўская. — Акрамя таго, створаны ўмовы, каб нашы алімпіяднікі мелі сацыяльную падтрымку, гарантыі пры паступленні і пры атрыманні прафесійнай адукацыі — вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай. Яны маюць пераважнае права пры паступленні на розныя спецыяльнасці. Акрамя таго, нашы адораныя і таленавітыя маладыя людзі не губляюцца і ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Там з гэтымі людзьмі працуюць, часта многія з іх уваходзяць у студэнцкія навуковыя таварыствы і працягваюць сваю работу па абраных профілях. Акрамя таго, дзяржава паклапацілася, каб маладыя людзі, якія ўключаны ў банкі даных таленавітай і адоранай моладзі, мелі сацыяльныя гарантыі. Напрыклад, тым, хто прыязджае з рэгіёнаў, без чаргі прадастаўляюцца інтэрнаты для пражывання.

Сёння ўсе намаганні зацікаўленых ведамстваў накіраваны на тое, каб суправаджаць таленавітых і адораных маладых людзей і пасля УВА, каб маладыя людзі не губляліся і маглі выкарыстоўваць свае ідэі, праяўляць таленты ўжо на прадпрыемствах. Пра меры іх матэрыяльнага заахвочвання расказала І.М.Адамовіч, начальнік аддзела канцэртна-фестывальных праектаў упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— Вядома, што лаўрэаты прэзідэнцкага фонду могуць штогод, часам і два разы на год, атрымліваць прэміі, стыпендыі, гранд-прэміі і іншую матэрыяльную дапамогу. Акрамя таго, маладыя спецыялісты, якія ўключаны ў банкі даных адоранай і таленавітай моладзі і якія прыходзяць на новае месца працы, маюць магчымасць атрымліваць надбаўку да акладу ў памеры 50 працэнтаў. А для маладых спецыялістаў, якія працуюць у сферы культуры і атрымліваюць фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту, у праграме дзеянняў, зацверджанай урадам, прадугледжваецца павелічэнне гэтай надбаўкі да 200 працэнтаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *