Маладзёжныя рытмы фестывалю

Тысячы ўдзельнікаў і гледачоў, сустрэчы з папулярнымі артыстамі і вядомымі грамадскімі дзеячамі, спартыўныя рэкорды і фестываль аўтагуку, інтэлектуальныя турніры і выступленні кавер-бандаў: Дні моладзі адсвяткавалі 12—13 ліпеня віцябляне і госці ХХVІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Сёлета межы Дзён моладзі пашырыліся не толькі ў часе, але і ў прасторы. Арганізатары свята, ідэйным натхняльнікам якога з 2004 года выступае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, прапанавалі яркую, насычаную праграму, здзівілі нестандартнымі падыходамі, парадавалі цікавымі сюрпрызамі і навінкамі. Акрамя традыцыйнай — на плошчы Перамогі, падзеі разгарнуліся яшчэ на шэрагу гарадскіх пляцовак. Пачатак урачыстасцям быў дадзены ў Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, дзе прайшоў адкрыты дыялог “Су­працоўніцтва і сяброўства мола­дзі Саюзнай дзяржавы”. Яго ўдзельнікі з Беларусі і Расіі абмеркавалі пытанні творчага, навукова-адукацыйнага, гісторыка-патрыятычнага напрамкаў, а таксама рэгіянальнага супрацоўніцтва. Упершыню ў рамках Дзён мола­дзі адбыўся маштабны інтэлектуальны open-air “Кветкі Вялікай Перамогі”, прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На пляцоўцы ля канцэртнай залы “Віцебск” у інтэлектуальным турніры (што ўключаў шэраг спаборніцтваў, у тым ліку “Сваю гульню” і “Што? Дзе? Калі?”) прынялі ўдзел 14 каманд з усіх рэгіёнаў Беларусі. Чацвёрка лідараў, вызначаная па яго выніках, разыграла галоўны прыз open-air у “Квадрызе”. Перавага і ўдача аказаліся на баку гаспадароў спаборніцтва: 1-е і 3-е месцы занялі віцебскія каманды “Салянка” і “Штатыў” адпаведна; на 2-е месцы — прадстаўнікі Гомельшчыны — каманда “Белая рысь”. Завяршыўся дзень фестывалем кавер-бандаў з удзелам прафесійных кавер-груп “Холст Драйзера”, “Копия верна”, Davin’s, “Сполцы”, BestinBlack і вакальна-інструментальнага ансамбля Aurum.

Другі дзень свята стартаваў з масавага маладзёжнага забегу. Больш за 150 спартсменаў і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і мноства гледачоў сабраліся на пляцоўцы ля Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Абавязковую размінку правёў шматразовы чэмпіён краіны па лёгкай атлетыцы трэнер Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву Сяргей Казлоў. Згодна з умовамі спаборніцтва, удзельнікам трэба было прабегчы 2,5 кіламетра па Маскоўскім праспекце ад ВДУ да плошчы Перамогі. Кожны ўдзельнік забегу ўзнагароджаны медалём, тройка пераможцаў — каштоўнымі падарункамі. Першым да фінішу з вялікім адрывам і вынікам 5 хвілін 23 секунды дабег ураджэнец Гродна, які служыць па кантракце ў 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску, член нацыянальнай зборнай Узброеных Сіл Беларусі па ваенным пяціборстве Дзяніс Воляк. Яму заслужана дастаўся галоўны прыз спаборніцтва — веласіпед. 

Афіцыйнае адкрыццё Дзён моладзі па традыцыі адбылося на галоўнай плошчы паўночнай сталіцы рэспублікі. У гэтым годзе вядучай цырымоніі стала пераможца Міжнароднага конкурсу “Універбачанне” на III Міжнародным фестывалі “Студэнцкая вясна краін БРІКС і ШАС” у Стаўрапалі Аляксандра Раманоўская. Удзельнікаў і гасцей сардэчна павіталі і выказалі найлепшыя пажаданні ганаровыя госці з Беларусі і Расіі, у тым ліку дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Глеб Лапіцкі. Першы сакратар цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Дзмітрый Варанюк уручыў узнагароды пераможцам забегу (“серабро” — у Аляксея Нікіфарэнкі, “бронза” — у Аляксандра Ананевіча) і рэйтынгавых праектаў БРСМ. У рамках акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” былі ўскладзены кветкі да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.

— На нашых пляцоўках заўсёды шмат сапраўднага маладзёжнага агню, які вя­дзе да перамог і здзяйсненняў. “Славянскі базар” і наша свята ў межах яго афіцыйнай праграмы — выдатная магчымасць заявіць пра сябе самай прагрэсіўнай, ініцыятыўнай, творчай і спартыўнай моладзі. Кожны год мы стараемся прыўнесці ў палітру Дзён мола­дзі новыя элементы, аб’яднаць у іх яркія праекты і ініцыятывы, — падкрэсліў Дзмітрый Варанюк. — Але патрыятычную акцыю “Бе­ларусь памятае. Памятаем кожнага” праводзім нязменна. Мы гаворым дзякуй нашым бацькам і дзядам за свабоду і мірнае неба, пад якім можам радавацца жыццю, спяваць, танца­ваць, спаборнічаць, сябраваць.

Тым часам на плошчы Перамогі пачалося самае гучнае мерапрыемства — фестываль аўтагуку dB Drag Racing2. Відовішчнае шоу па аўтагукавым спорце аб’яднала каля 40 удзель­нікаў з Беларусі, Расіі, Латвіі і прыцягнула сотні зацікаўленых гледачоў усіх узростаў. Эпіцэнтрам падзей для аматараў здаровага ладу жыцця сталі спецыяльна абсталяваныя пляцоўкі ля Летняга амфітэатра, дзе разгарнуліся спартыўныя баталіі. Маладзёжны варкаўт-турнір “Наша сіла — 2019” у намінацыях “Абсалютны фрыстайл” і “Дваябор’е”, адкрыты чэмпіянат Belarus skateboard challenge 2019 у асабіста-камандным заліку, першынст­во Віцебскай вобласці па баскетболе 3х3 сярод мужчынскіх і жаночых каманд — далёка не поўны пералік спаборніцтваў, у якіх прынялі ўдзел больш за 70 каманд з Віцебскай вобласці, Гомеля, Магілёва, Мінска і расійскага Смаленска. Асаблівую ўвагу гледачоў і балельшчыкаў (да іх далучыліся старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў і старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін) выклікалі паказальныя выступленні 7 гіра­вікоў з Віцебска, Гродна і Мінскай вобласці з ліку наймацнейшых у свеце. Падчас спаборніцтваў зафіксаваны 2 планетарныя рэкорды па гіравым спорце: 61-гадовы Сяргей Трыфанаў за 10 хвілін падняў у рыўку 24-кілаграмовую гіру 238 разоў, а 38-гадовы Яўген Назарэвіч за 4 хвіліны 46 секунд падняў гіру вагой 50 кг штуршком без адпачынку 75 разоў. Як і бацька, 75 разоў падняў гіру вагой 16 кілаграмаў за 3 хвіліны самы юны ўдзель­нік — 15-гадовы Максім Назарэвіч. Свае рэкорды спартсмены прысвяцілі 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На пляцоўцы ля канцэртнай залы “Віцебск” з удзелам беларускіх кавер-бандаў, вакальна-інструментальных ансамбляў і груп, а таксама шоу-групы Яўгеніі Зарыцкай “Саманта” з Санкт-Пецярбурга ў гэты дзень прайшоў музычны фестываль “Саюз мола­дзі”. Заключныя акорды Дзён моладзі прагучалі на плошчы Перамогі: мора пазітыву і драйву дапазна дарылі гледачам любімыя артысты, сярод якіх — вядомыя беларускія гурты “ЧуVство полета”, NaviBand і BezBileta.

Таццяна БОНДАРАВА.