Маладзёжныя вектары ўстойлівасці

- 13:23Вышэйшая школа

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка завяршыўся III Міжнародны сімпозіум “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор”. Форум аб’яднаў прадстаўнікоў сістэмы бесперапыннай адукацыі і ўсіх сфер устойлівага развіцця і стаў пляцоўкай для абмену вопытам педагогаў Беларусі і замежжа.

Якія ж яны, вектары змен у адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця? Сваімі развагамі падзяліліся падчас сустрэчы намеснікі міністраў адукацыі, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, а таксама прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Норберт Штэйнхаус, эксперт дэпартамента ЕС “Даследаванні і інавацыі”, расказаў пра вопыт далучэння і ўдзелу грамадскасці Германіі ў працэсах адаптацыі да змен клімату. Марка Рыкман, доктар педагагічных навук, прафесар універсітэта Фехта (Германія), падзяліўся сваімі разважаннямі пра развіццё ключавых кампетэнцый у галіне ўстойлівага развіцця ў педагагічнай адукацыі.

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук, абгрунтоўваючы актуальнасць тэмы форуму, падкрэсліў: “Адукацыя дазваляе зразумець характар і маштаб праблем у галіне ўстойлівага развіцця, дае магчымасць сфарміраваць крытычны і творчы падыход да пошуку эфектыўных рашэнняў агульнасусветных праблем. Менавіта адукацыя можа дапамагчы людзям выпрацаваць тыя навыкі і кампетэнцыі, якія дазволяць ім дзейнічаць паасобку і разам у інтарэсах устойлівай будучыні”.

Адной з цэнтральных падзей форуму стала ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу “Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця — будучыня планеты ў нашых руках”. Дыпломы і памятныя прызы ім уручылі намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця А.М.Ісачанка і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь А.У.Кадлубай.

Выканаўшы прыемную місію, Анатоль Міхайлавіч Ісачанка падкрэсліў: “Будучыня заўсёды за моладдзю, і менавіта ёй неабходна развіваць нашу краіну”. І дадаў: “Калі за кожную з мэт адказвае канкрэтны малады чалавек, то ён лепш разбярэцца ў гэтай тэме і ўнясе свае найбольш слушныя прапановы. Наша ж сумесная задача — разам з імі выбраць тое, што неабходна рэальна рэалізаваць і што прынясе карысць кожнаму жыхару нашай краіны”.

Усе 17 пераможцаў на працягу года бу­дуць рэалізоўваць свае ўласныя праекты па дасягненні выбранай імі мэты. А пра тое, як гэта зрабіць найбольш эфектыўна, як заручыцца падтрымкай равеснікаў і якая ўвогуле роля моладзі ў справе дасягнення Мэт устойлівага развіцця, студэнты падыскутавалі з Інесай Уладзіміраўнай Зубрылінай, начальнікам каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ. Акрамя таго, яны сумесна абмеркавалі перспектывы міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва і маладзёжнай дыпламатыі ў гэтым кірунку, вопыт і праблемы дзейнасці маладзёжных паслоў МУР першага склікання, а таксама ўмовы і механізмы ўключэння дзейнасці маладзёжных паслоў у нацыянальную сістэму кіравання МУР.

Акрамя таго, у межах сімпозіуму адбыўся мітап “Адукацыя для Мэт устойлівага развіцця: паспяховы вопыт арганізацыі практык АУР для ўсіх пакаленняў і прасоўвання МУР у мясцовых супольнасцях і рэгіёнах”, а таксама працавала тэматычная дыскусійная пляцоўка “Насустрач будучыні, якой мы хочам: маладзёжная пазіцыя”, выніковая панэльная сесія “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў: сацыяльнае партнёрства ў дзеянні” і стратэгічная сесія “Развіццё кіравання практыкамі АУР для ўсіх на аснове прынцыпу рэгіяналізацыі”.

Адна з лакацый аб’яднала прадстаўнікоў больш як 34 устаноў адукацыі краіны. Тут прадстаўнікі Гродзенскай вобласці дзяліліся лепшым вопытам са сваёй практыкі, калі праваднікамі ўстойлівых перамен выступаюць дзеці і менавіта яны становяцца прыкладам для сваіх бацькоў, педагогаў, суседзяў і вучаць новаму ладу жыцця.

Намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Шчучына Вольга Аляксандраўна Гудзень падзялілася вопытам сваёй установы адукацыі. У прыватнасці, яна расказала пра гімназічны кірмаш дзіцячых бізнес-ініцыятыў “Ёсць ідэя!” і яго праекты-пераможцы, пра наладжанае ўзаемадзеянне з дашкольнікамі і, у прыватнасці, правядзенне для іх доследаў па энергазберажэнні, пра раённы інтэрактыўны фестываль “Устойліваму гораду свету” і іншыя ініцыятывы гімназістаў. Фестываль спачатку праводзіўся толькі на базе гімназіі, а цяпер выйшаў на ўзровень горада, далучыўшы іншыя школы. Галоўная яго ідэя — распрацоўка ініцыятыў на ка­рысць рэгіёна. Напрыклад, навучэнцы адной са школ Шчучына распрацавалі праект па папулярызацыі чытання сярод гараджан.

Г.А.Богдан, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 12 Гродна, адзначыла: “Неабходнай умовай эфектыўнага ўкаранення АУР у працэс навучання з’яўляецца не толькі асобасна арыентаваны падыход, але і тэрытарыяльна арыентаваны. Выконваючы прынцып “Адукацыя праз усё жыццё” не толькі ў часе, але і ў прасторы, сярэдняя школа № 12 Гродна стараецца арыентаваць свае адукацыйныя практыкі на мясцовую супольнасць”. У якасці прыкладу Галіна Анатольеўна расказала пра вынікі мясцовай экалагічнай ініцыятывы “УРА Гродна!”, сумеснымі намаганнямі партнёраў якой — Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ясляў-сада № 45, Асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” і самой школы — удалося далучыць да розных ініцыятыў на карысць горада, рэгіёна, планеты больш за 6,5 тысячы гродзенцаў, большасць з якіх — дарослыя.

А вось Л.І.Кушнірук, загадчыца ясляў-сада № 45 Гродна, упэўнена, што закладваць асновы экадружалюбнага ладу жыцця і экалагічнай кампетэнтнасці неабходна пачынаць менавіта з дашкольнага ўзросту. Людміла Іванаўна расказала: “На базе нашай установы працуе школа развіцця эканамічнай і ўжо экалагічнай культуры “ШРЭК2”. (Гэтая ўстанова, дарэчы, стала часткай партнёрскай ініцыятывы “Ура Гродна!”.) У межах названай ініцыятывы мы выхо­дзім у горад і нашы выхаванцы паказваюць дарослым прынцыпы энергаэфектыўнага ладу жыцця і экалагізацыі. На базе ўстановы прахо­дзяць квест-гульні, сумесна з сярэдняй школай № 12 Гродна ладзіліся АУР-майстэрні. Разам з нашымі партнёрамі ў яслях-садзе быў рэалізаваны шэраг праектаў: “Птушкі нашай краіны”, “Дзікарослыя травы ў дзіцячым садзе” (мы выявілі на сваёй тэрыторыі 18 відаў лекавых траў), у жніўні мы з дзецьмі рэалізавалі праект па вывучэнні насякомых, на мінулым тыдні завяршылі праект “Вывучаем глебу”, дзе нашы выхаванцы даведаліся, хто жыве ў глебе, якімі ўласцівасцямі валодае глеба і якія яна мае слаі. Нашы навучэнцы ўсё спазнаюць праз гульню, таму ў нас прайшоў вялікі майстар-клас, вынікам якога стаў шэраг распрацаваных нашымі педагогамі экалагічных гульняў для дзяцей дашкольнага ўзросту. Далучыўшыся да сеткі “Школа без пластыку”, сумесна з сярэдняй школай № 12 Гродна мы правялі майстар-клас па стварэнні сумак са старых джынсаў, пасля была запушчана акцыя па вырабе экасумак з удзелам бацькоў, педагогаў, студэнтаў. Пра ўсе новыя для сябе адкрыцці дзеці абавязкова расказваюць сваім бацькам. Так каштоўныя арыентацыі ў паводзінах фарміруюцца праз дзяцей і ў дарослых”.

Пра ўзмацненне практыка-арыентаванага адукацыйнага працэсу сярод педагогаў гаварыла Н.С.Салагуб, старшы выкладчык факультэта прыродазнаўства БДПУ. Гэтая тэнцэнцыя знайшла адлюставанне ў практыцы настаўнікаў школ. У прыватнасці, каштоўным для педагогаў быў вопыт арганізацыі заняткаў у інтарэсах устойлівага развіцця сярэдняй школы № 8 Калінкавічаў, гімназіі № 1 Ліды, вопыт гімназіі Мсціслаўля, дзе дзейнічае міжшкольнае тэлебачанне. Шмат карысных ініцыятыў яны ўзялі на заметку падчас выступлення А.М.Лабачэўскай, дырэктара сярэдняй школы № 3 Пінска, педагогаў Віцебшчыны, якія ахоўваюць рэкі разам са сваімі навучэнцамі і супрацоўнікамі Цэнтра экалагічных рашэнняў, і інш.

Удзельнікі форуму адзначылі, што ўсе агучаныя метадычныя распрацоўкі, вопыт укаранення ідэй АУР у адукацыйную прак­тыку павінны быць апублікаваны, каб ста ць своеасаблівай інструкцыяй, якую можна будзе выкарыстоўваць і для падрыхтоўкі студэнтаў-педагогаў, і ў дзейнасці практыкаў на месцах, а таксама ўзяць за аснову для складання праграм факультатываў і курсаў па выбары, што дапаможа істотна ўзбагаціць падрыхтоўку па педагагічных спецыяльнасцях.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Уладзіслава ЛЯНІЎКІ.