Малая радзіма ад “А” да “Я”

- 17:35Нам пішуць

Арыенцірам правядзення летняй аздараўленчай кампаніі 2018 года ў Канюхоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Бераставіцкага раёна сталі мерапрыемствы, прысвечаныя Году малой радзімы. Падзяліцца сваім кавалачкам шчасця, расказаць пра цудоўныя мясціны Бераставіччыны, яе працавітых, ветлівых людзей дапамог праект “У аб’ектыве — малая радзіма”, які быў рэалізаваны ў аздараўленчым лагеры “Сонейка”.

Праект меў на мэце азнаёміць малодшых школьнікаў з гісторыяй, культурай і прыродай малой радзімы як часткі радзімы вялікай. Асноўны прынцып праекта: ад непасрэдных уражанняў і эмоцый, якія фарміруюць пачуццё малой радзімы, да сістэматызаваных ведаў пра родны край.

На час лагернай змены дзеці ператварыліся ў вандроўцаў і даследчыкаў. 18 дзён выхаванцы падарожнічалі па маршрутах “Малая радзіма — вялікая гісторыя”, “Акно ў прыроду”, “Сэрцам адданыя роднай зямлі”, “Што ні край, то свой звычай”, “Род, сям’я і Я”, “Малая радзіма ад “А” да “Я”. Кожны дзень жыцця ў лагеры быў насычаны разнастайнымі відамі масавай, індывідуальнай, групавой, пазнавальнай і даследча-краязнаўчай дзейнасці.

Першым стартаваў маршрут “Малая радзіма — вялікая гісторыя”. Юныя даследчыкі пазнаёміліся з гістарычным мінулым свайго аграгарадка, яго славутасцямі, культурнымі і прыроднымі аб’ектамі. Дзіцячыя ўспаміны самыя яркія, цёплыя і хвалюючыя.

Падчас падарожжа па маршруце “Акно ў прыроду” члены экспедыцыі ўсвядомілі ролю чалавека ў ахове прыроды, пазнаёміліся з рэдкімі раслінамі і жывёламі малой радзімы. Выхаванцы актыўна ўключыліся ў экаквэст “Знаўцы прыроды”, узялі ўдзел у экалога-краязнаўчай экспедыцыі “За прыроду ў адказе і дарослыя, і дзеці”, аформілі “Чырвоны сшытак мясцовай флоры і фаўны”.

Маршрут “Сэрцам адданыя роднай зямлі” паказаў дзецям, што асноўнае багацце нашай краіны — гэта людзі. Свая гульня “Народныя промыслы”, інтэрв’ю “Прафесія ў кадры”, майстар-клас “Бабулі і ўнучкі — залатыя ручкі”, мінута славы і прызнання “Каб жылі ў памяці героі-землякі” распавядалі пра людзей, якія сваімі добрымі справамі стваралі аграгарадку імя і вядомасць, якія пакінулі ў памяці пакаленняў адметны след, якія сёння пішуць яго новую гісторыю — будуюць жыллё і лечаць людзей, вучаць юнае пакаленне і аказваюць разнастайныя паслугі, сваёй працай умацоўваюць дабрабыт роднага краю і развіваюць яго культуру.

Вандруючы па маршруце “Што ні край, то свой звычай”, юныя краязнаўцы заўважылі, што кожная мясцовасць мае адметныя асаблівасці. У адной вёсцы амаль у кожным двары стаяць студні-жураўлі, у другой гаспадынькі хваляцца распіснымі куфрамі, а ў трэцяй жыхары здзіўляюць незвычайнай гаворкай. Пазнаёміцца з самабытнасцю беларускай вёскі, адкрыць звычаі і традыцыі сваіх продкаў дзеці змаглі падчас удзелу ў фальклорным фестывалі “А ў нашай хаце свята”, конкурсе “Міс беларусачка”, свяце беларускай кухні “Моц смаку”.

Маршрут “Род, сям’я і Я” папоўніў веды выхаванцаў пра сям’ю, свае карані як самае дарагое, што ёсць у чалавека. Дзеці падрыхтавалі творчую прэзентацыю “Мая сям’я — мой гонар”, склалі свой радавод, узялі ўдзел у ролевай гульні “Размяркуем абавязкі ў сям’і”.

Маршрут “Малая радзіма ад “А” да “Я” дазволіў абагульніць і сістэматызаваць атрыманыя ў ходзе даследча-краязнаўчай экспедыцыі веды. Падчас рэалізацыі праекта ўдзельнікам экспедыцыі прысвоены званні “выпрабавальнік”, “даследчык”, “адкрывальнік”. Пераканаліся, што ў кожным мястэчку ёсць багатая гісторыя, пра якую хочацца распавесці ўсім. Мы жадаем, каб нічога не знікла бясследна, каб засталася памяць пра падзеі і людзей, якія здзейснілі працоўныя і ваенныя подзвігі.

Таццяна ДАНІЛОВІЧ,
дырэктар лагера “Сонейка”
Канюхоўскага-ясляў сада — сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.