Малая радзіма стала лёсам

Леакадзію Іванаўну Цімафееву ў аграгарадку Парэчча Гродзенскага раёна ведаюць, як кажуць, усе — ад малога да вялікага. Ад малога, таму што яна працуе загадчыкам дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці. А дарослыя ведаюць яе з маленства: у Парэччы яна нарадзілася, тут вучылася ў сярэдняй школе, тут працуе ўсё жыццё.

Фота да матэрыялу: Малая радзіма стала лёсам.— І лепшага месца не шукала і не ўяўляю для сябе, — гаворыць Леакадзія Іванаўна.

Яе жыццё — прыклад таго, як малая радзіма становіцца лёсам, а праца ў родных мясцінах — сэнсам жыцця.

Што стане настаўніцай, Леакадзія вырашыла яшчэ ў пачатковай школе. Для яе і сёння з’яўляецца прыкладам першая настаўніца Ірына Леанідаўна Засім. Педагог і вучаніца раней часта сустракаліся на вуліцах роднага Парэчча, на мерапрыемствах. Гэта яшчэ адна прымета невялікага населенага пункта: людзі ведаюць адно аднаго ўсё жыццё, іду ць аднавяскоўцы па жыцці разам. Таму як звычайную рэч успрынялі вяртанне Леакадзіі Іванаўны ў родную школу пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча настаўніцай пачатковых класаў. Гэтай працы яна аддала 13 гадоў.

— Я заўсёды была актыўнай, вучылася на выдатна. Падчас вучобы ў школе стала ўдзельніцай Усесаюзнага збору школьнага камсамольскага актыву. Калі працавала ў школе, паспрабавала сябе ў Рэспубліканскім конкурсе “Лідар- 98” і атрымала перамогу ў намінацыі “Лідар-аптыміст”, — успамінае Л.І.Цімафеева.

У гэтым годзе Леакадзія Іванаўна паспрабавала свае сілы ў першым абласным конкурсе “Кіраўнік года” і стала фіналістам сярод загадчыкаў устаноў дашкольнай адукацыі. А яшчэ яна дэпутат мясцовага Савета, член рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі.

Леакадзія Іванаўна ўспамінае, што калі прапанавалі стаць загадчыкам дзіцячага садка ў Парэччы, то крыху вагалася: прыкіпела да сваіх вучняў, школы, але сказала сабе: “Калі даецца шанс змяніць да лепшага жыццё маленькіх землякоў, трэба яго выкарыстаць”.

І выкарыстала так, што праз сем гадоў пад кіраўніцтвам Леакадзіі Іванаўны ўстанова стала дашкольным цэнтрам развіцця дзіцяці, а званне лепшай установы раёна калектыў мае на працягу пяці апошніх гадоў. Летась занялі 1-е месца на абласным этапе конкурсу “Бяспечнае дзяцінства” ў намінацыі “Лепшы пакой бяспекі”, 2-е месца на абласным этапе конкурсу “Энергамарафон” у намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе энергазберажэння”. У гэтым годзе на абласным этапе згаданага конкурсу занялі 2-е месца ў намінацыі “Сістэма работы па энергазберажэнні ва ўстанове адукацыі”. У ДЦРД быў рэалізаваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі талерантнага адукацыйнага асяроддзя пры арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Зараз установа працуе ў эксперыментальным праекце па развіцці даследчай дзейнасці выхаванцаў.

Рабочы дзень Л.І.Цімафеевай пачынаецца з абавязковага абходу тэрыторыі, потым яна сустракае бацькоў з дзеткамі, а таксама супрацоўнікаў. І заўсёды запытаецца пра справы, настрой, пахваліць выгляд, прычоску ці абноўку.

— Кожны раз узгадваю словы Уладзіміра Караткевіча: “Дзякуй вам, людзі, без вас я нішто”, — гаворыць Леакадзія Іванаўна. — Адным з галоўных складнікаў поспеху лічу падбор, фарміраванне і стварэнне дастойнага калектыву. Першы крок на гэтым шляху — пошук кадраў. І сёння я вельмі задаволена, што ўсе супрацоўнікі цэнтра — мясцовыя жыхары, 75 працэнтаў педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Другі крок — вывучаю іх магчымасці, ствараю ўмовы для развіцця, шукаю індывідуальны падыход. Трэці крок — прагназую вынікі, вітаю ініцыятыву. Так ствараецца каманда аднадумцаў. Часта паўтараю сваім калегам: трэба жыць у педагагічнай прафесіі, а не проста працаваць ва ўстанове адукацыі.

Жаданне вучыцца Леакадзія Іванаўна падтрымлівае ў сваіх супрацоўніках і сама паказвае прыклад у гэтым. Вышэйшую адукацыю атрымала на педагагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Калі зразумела, што трэба пашырыць веды ў рабоце з дзецьмі з парушэннямі маўлення, атрымала спецыяльнасць “Настаўнік-дэфектолаг інтэграваных груп у дашкольнай установе” ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. І зараз у ДЦРД працуюць тры інтэграваныя групы, дзе заняткі вядзе па меры неабходнасці і Леакадзія Іванаўна.

У пачатку новага навучальнага года супрацоўнікі складаюць спіс пажаданняў, і метадычная работа ў цэнтры будуецца з улікам гэтых пажаданняў, кожны мае свой асноўны кірунак дзейнасці. Як адзначае Л.І.Цімафеева, трэба выявіць індывідуальныя здольнасці і паказаць важнасць і значнасць кожнага супрацоўніка ў агульнай справе. Практыкуецца таксама стажорская работа ў пары. Зараз па такім метадзе ў цэнтры рыхтуюцца да конкурсаў “Я — даследчык”, “Бяспечнае дзяцінства”.

— І сама Леакадзія Іванаўна, і ўсе педагогі проста фантануюць ідэямі. Яны могуць падхапіць кожную думку, прапанову бацькоў і развіць яе ў цікавы праект, які ідзе на карысць нашых дзетак, развівае іх, выхоўвае, — гаворыць мама Жанна Швядко.

Два старэйшыя сыны Жанны Аляксандраўны былі выхаванцамі Парэцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Зараз да паступлення сюды рыхтуецца малодшая дачка, а пакуль з мамай наведвае школу ранняга развіцця.

Кожнага свайго выхаванца Леакадзія Іванаўна ведае па імені. Любіць іх, сваю работу, сваё Парэчча, і робіць усё для таго, каб калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці быў аб’яднаны адной ідэ яй — працаваць сабе на радасць, быць прыкладам для іншых, быць карысным грамадству і сваім маленькім выхаванцам.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.