Маленькай дапамогі не бывае

Віцебшчына напярэдадні Дня ведаў далучылася да штогадовай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі БРСМ “У школу з “Добрым Сэрцам”!”

У абласным цэнтры 3 жніўня актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі правялі раённую дабрачынную акцыю “Першамайскі “З Дабром”. Валанцёры атрадаў Першамайскай раённай арганізацыі БРСМ “З Дабром” і Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава “Ты не адзін” арганізавалі збор канцылярскіх прылад сярод наведвальнікаў ГЦ “GREENЦэнтр”. Ля ўваходу ў гандлёвы аб’ект наведвальнікаў запрашала паўдзельнічаць у дабрачыннасці сімпатычная пчолка Жужа, у якую пераўвасобілася студэнтка факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ Дар’я Нерас, а на другім паверсе ля тумбы з сімволікай валанцёры збіралі падарункі дзецям ад жыхароў і гасцей горада. Як паведаміла другі сакратар Першамайскага райкама БРСМ Віцебска Інга Міхайлава, канцылярскія прылады будуць перададзены дзецям-інвалідам, а таксама школьнікам з мнагадзетных, малазабяспечаных, апякунскіх сем’яў: “Маленькай дапамогі не бывае, таму кожны можа ўнесці свой уклад у агульную скарбонку дабра”. З 15 жніўня па 5 верасня падобныя акцыі пройдуць ва ўсіх раёнах вобласці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.