Папрасіце любога выпускніка Рэчыцкага раённага ліцэя падзяліцца ўспамінамі пра часы вучобы ва ўстанове, і вы пачуеце ў адказ, што два ліцэйскія гады — самыя лепшыя з усяго школьнага жыцця.
Рыхтаваць да жыцця
Ліцэісты — гэта ўжо дарослыя людзі, у якіх сфарміраваліся характар, светапогляд, сістэма каштоўнасцей. З аднаго боку, з такімі дзецьмі працаваць лягчэй, а з другога — наадварот. А для сапраўднага настаўніка наогул такое пытанне не ставіцца, бо, акрамя свайго прадмета, у яго ёсць выдатныя веды па псіхалогіі і педагогіцы, якія разам з творчым падыходам да справы і любоўю да дзяцей даюць неверагодны вынік. Менавіта такія педагогі працуюць у рэчыцкім ліцэі.
Першыя навучэнцы ліцэя прыйшлі сюды 1 верасня 2004 года. У 10 клас на аснове ўступных выпрабаванняў тады было набрана 80 чалавек. Перадумовай прыняцця рашэння аб адкрыцці такой установы ў райцэнтры стала жаданне мясцовых улад даць магчымасць здольным, таленавітым дзецям з горада і вёсак атрымліваць якасную адукацыю і развіваць свае творчыя здольнасці. А перад кіраўніцтвам раённага ліцэя былі задачы стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў, бо выпускнік ліцэя бачыўся культурнай і адукаванай асобай, гатовай да свядомага выбару будучай прафесіі.
Зразумела, што ва ўстанове старшакласнікі вывучаюць прадметы на павышаным узроўні і рыхтуюцца да паступлення ва ўніверсітэт, пра які мараць. Разам з тым жыццё ліцэістаў — гэта не толькі адна вучоба. За два гады навучання дзеці перажываюць тут столькі інтэлектуальных, творчых, спартыўных і дабрачынных мерапрыемстваў, што цяжка пералічыць. Праўда, кожнае дзеянне захоўваецца ў гісторыі ліцэя — у фотаздымках, відэароліках і фільмах, у падшыўках ліцэйскай газеты, у дыпломах, граматах і падзяках, якія бясконца папаўняюць скарбонку дасягненняў ліцэістаў і выкладчыкаў. На першым паверсе ліцэя нават ёсць так званая сцяна плачу, дзе штогод гэтыя дыпломы і граматы мяняюць адно аднаго.
— Чаму сцяна плачу? — пытаюся ў дырэктара ліцэя Ірыны Якаўлеўны Пяткун.
— Таму што кожны год выпускнікі пакідаюць наш ліцэй, а мы ўжо настолькі прывязаліся да іх, — тлумачыць Ірына Якаўлеўна. — Вось на гэтай сцяне іх дасягненні. Заўтра ім на змену прыйдуць іншыя здольныя юнакі і дзяўчаты, і тут з’явяцца іх перамогі. Вось так, з аднаго боку, мы плачам, што дзеці пераступаюць парог установы і выходзяць у дарослае жыццё, а з другога боку, ганарымся тым, што яны іду ць у свет падрыхтаванымі і добра выхаванымі, а мы, педагогі, прымаем змену. Гэта дзівосны бясконцы працэс, які робіць нас шчаслівымі.
Адчуванне шчасця настаўнікам і адміністрацыі прыносяць, канечне, і вынікі, якія паказваюць хлопцы і дзяўчаты на алімпіядах па вучэбных прадметах і на цэнтралізаваным тэсціраванні. Так, у гэтым навучальным годзе сярэдні бал, набраны навучэнцамі на цэнтралізаваным тэсціраванні, склаў 77,7. Ліцэй аказаўся лідарам у вобласці па выніках ЦТ.
У 2017/2018 навучальным годзе чацвёра прадстаўнікоў ліцэя сталі пераможцамі заключнага этапу алімпіяд па нямецкай і кітайскай мовах, працоўным навучанні і фізіцы.
Калектыў педагогаў Рэчыцкага раённага ліцэя заўсёды кіруецца тым, што яны павінны выпусціць у свет адукаваную асобу, і чым больш ведаў і навыкаў настаўнікі змогуць даць сваім падапечным, тым больш спакойнымі будуць за іх будучыню. Ужо трэці год установа працуе ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці як адной з кампетэнцый вучняў з дапамогай стварэння інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя”.
Наогул, у ліцэі шмат часу ўдзяляецца самастойнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў, а дзякуючы гнуткай структуры факультатываў улічваюцца і індывідуальныя адукацыйныя патрэбы старшакласнікаў.
Аб’яднанне юных навукоўцаў
“Мозг” рэчыцкага ліцэя — навуковае таварыства ліцэістаў “Фатон”, якое ўзначальвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце настаўнік-метадыст Эла Валер’еўна Кучар. Члены навуковага таварыства штогод становяцца пераможцамі інтэлектуальных конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў.
Так, з перамог мінулага навучальнага года можна адзначыць заваяванне гран-пры на Міжнародным конкурсе мастацкага перакладу для школьнікаў краін СНД “Рускае слова” навучэнкай Кацярынай Жаўняк, якую падрыхтавала настаўніца Алена Уладзіміраўна Сажына. Значнай для ўсіх юных навукоўцаў і ліцэя стала перамога Данііла Гурыновіча на Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе, дзе ён узяў дыплом ІІІ ступені і XXII Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыя) вучняў у секцыі “Матэматыка”, на якім хлопцу таксама ўручаны дыплом III ступені. Працавалі з Даніілам выкладчыкі Дзмітрый Мікалаевіч Сіманенка і Наталля Мікалаеўна Раманава.
У навуковага таварыства ліцэістаў таксама ёсць “галоўнакамандуючы” з ліку навучэнцаў. Пад кіраўніцтвам Яніны Мельнічэнка праходзяць дэкада навукі і шматлікія інтэлектуальныя конкурсы. Яніна прайшла навучанне ў моўнай канадскай школе ў Таронта. Сваімі ведамі дзяўчына шчодра дзеліцца з равеснікамі. Яна арганізавала ва ўстанове англійскі маўленчы клуб, на пасяджэннях якога навучэнцы даведваюцца шмат новага пра культуру, навуку, знаёмяцца з біяграфіямі знакамітых людзей.
“Фатон” — гэта насамрэч моцны інтэлектуальны цэнтр. У 2012 годзе навуковае таварыства было ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Свая рэспубліка
Самае масавае дзіцячае грамадскае аб’яднанне ў ліцэі — вучнёўскае самакіраванне Ліцэйская рэспубліка, створаная яшчэ ў першы год дзейнасці ліцэя. За гады яе існавання створаны дакладны алгарытм правядзення выбарчай кампаніі, распрацаваны рытуалы пасвячэння ў ліцэісты, інаўгурацыі кіраўніка Ліцэйскай рэспублікі, абвяшчэння выбранага ўрада. Апошнія выбары прайшлі ў кастрычніку гэтага года. Усё было па-даросламу: вялікая перадвыбарная кампанія, збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў, скрыні для галасавання, бюлетэні, назіральнікі, падліковыя камісіі. Як адзначаюць педагогі, ліцэісты, удзельнічаючы ў выбарах, атрымалі неацэнны практычны вопыт грамадзянскай адукацыі. У выніку выбараў старшынёй урада Ліцэйскай рэспублікі выбраны Андрэй Чыгір. На пасадзе прэм’ер-міністра Настасся Прыходзька. Выбраны таксама міністры друку і інфарматызацыі, адукацыі, культуры, спорту і турызму, фінансаў і нават міністр унутраных спраў. У складзе ўрада таксама камандзір валанцёрскага атрада “Клопат” Аліна Ласіца. А для развіцця лідарскіх якасцей арганізавана школа “Лідар”, у якой вучацца лідары Ліцэйскай рэспублікі.
Дзейнасць Ліцэйскай рэспублікі вядзецца па пяці традыцыйных кірунках: “Мы — грамадзяне сваёй краіны”, “Горад, у якім я жыву”, “Валанцёрскі атрад “Клопат”, “Газета “Рэчыцкі ліцэй” і “Мы выбіраем шчаслівае жыццё”.
Праект “Мы — грамадзяне сваёй краіны” гаворыць сам за сябе. Галоўная яго ідэя — як мага больш даведацца пра сваю дзяржаву і яе палітычны лад. Вучні арганізуюць сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, грамадскіх арганізацый, вядомымі людзьмі, прымаюць уд зел у значных грамадскіх мерапрыемствах і акцыях, у святкаванні дзяржаўных свят. У красавіку 2017 года па запрашэнні намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Б.К.Пірштука ліцэісты наведалі Палату прадстаўнікоў. Дзякуючы гэтаму візіту, юнакі і дзяўчаты даведаліся пра сістэму работы парламента, парадак правядзення сесій, механізм прыняцця законаў у нашай краіне і інш.
У рамках праектнай дзейнасці “Горад, у якім я жыву” дзейнічае экалагічны атрад “Зялёны дом”, у сферы дзейнасці якога ўладкаванне ўнутранага двара ліцэя, пасадка і догляд насаджэнняў вакол ліцэя, азеляненне класаў. Акрамя таго, члены атрада “Зялёны дом” у цесным узаемадзеянні з валанцёрамі атрада “Клопат” праводзяць акцыю “Чысты свет” — прыбіраюць тэрыторыю вакол капліцы Ефрасінні Полацкай, даглядаюць помнік М.Доўнар-Запольскаму, магілу ахвяр Халакоста на яўрэйскіх могілках, аказваюць дапамогу адзінокім пажылым людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
Валанцёры — не проста слова
Валанцёрскі атрад “Клопат” створаны ў раённым ліцэі 10 гадоў назад. Работу атрада курыруе педагог-арганізатар Наталля Міхайлаўна Круцік. Па ініцыятыве валанцёраў атрада праводзіцца вялікая дабрачынная дзейнасць. Самым маштабным мерапрыемствам года валанцёры лічаць рэалізацыю праекта “Вялікі дабрачынны канцэрт “Мы разам!”. Сабраныя падчас канцэрта ахвяраванні пералічваюцца на дабрачынны рахунак Рэчыцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, а таксама раённага прытулку і Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
За гады дзейнасці ў скарбонцы атрада “Клопат” больш за 30 грамат, дыпломаў і падзяк ад розных устаноў і арганізацый. А ў мінулым годзе ў Рэспубліканскім конкурсе “Валанцёр года — добрае сэрца” валанцёрскі атрад ліцэя заняў 1-е месца ў вобласці і 2-е — у рэспубліцы ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод вучнёўскай моладзі”.
“Мы выбіраем шчаслівае жыццё” — гэта як дэвіз, пад якім вядзецца ўся спартыўна-аздараўленчая і культурна-адукацыйная дзейнасць ліцэя. А яна, трэба сказаць, дзякуючы добрым арганізацыйным якасцям міністра культуры і міністра спорту і турызму, даволі актыўная.
Многія мерапрыемствы даўно сталі традыцыяй, але штогод з’яўляюцца і рэалізуюцца новыя ідэі дружнага педагагічна-вучнёўскага ліцэйскага калектыву. Традыцыйнымі сталі паходы выхаднога дня на бераг ракі Ведрыч “Усім ліцэем на прыроду” з удзелам навучэнцаў, бацькоў і педагогаў. Спартландыя да Дня маці “Мамы + дочкі” і да Дня сям’і “На старт усёй сям’ёй”. У ліку добра прыжытых таксама таварыскія сустрэчы па гульнявых відах спорту з камандамі іншых адукацыйных устаноў і арганізацый, спаборніцтвы па спідкубінгу, конкурсы “Містар Ліцэй”, “Міс Ліцэй”, шоу-праграмы “Наш ліцэйскі Новы год!”, “Мы рады сустрэчы!” і інш.
І ўсю гэтую дзейнасць асвятляе газета “Рэчыцкі ліцэй”, падшыўка якой захоўваецца ў бібліятэцы ліцэя, а таксама размешчана ў электронным выглядзе на сайце ўстановы. Рэдакцыя ліцэйскай газеты пастаянна і паспяхова ўдзельнічае ва ўсіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі.
— Вучнёўскае самакіраванне — добрая школа развіцця лідарскіх якасцей, сацыяльнай актыўнасці і грамадзянскай адказнасці, — лічыць дырэктар Рэчыцкага раённага ліцэя І.Я.Пяткун. — Дзякуючы набытым камунікатыўным якасцям, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, лідары Ліцэйскай рэспублікі карыстаюцца аўтарытэтам не толькі ў аднагодкаў, але і ў дарослых людзей.
Так жыве невялічкая ліцэйская сям’я. Яна сапраўды не вялікая: 163 навучэнцы і 21 настаўнік. Праўда, сюды можна яшчэ дадаць лічбу 163 памножаную на два — гэта будуць бацькі ліцэістаў. Як сцвярджае кіраўнік установы, матулі і таты — самая надзейная апора. А ўсе разам гэтыя людзі робяць добрыя справы — вучаць, выхоўваюць, дапамагаюць. Вось яно, вялікае сэрца маленькага ліцэя.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.