Маленькімі крокамі да Нобелеўскай прэміі

- 12:09Якасць адукацыі

Выязная нарада савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў прайшла ў Баранавічах. Гімназія № 5 прадставіла свой шматгадовы вопыт па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі.

Як расказала дырэктар установы Таццяна Іванаўна Шастак, у адпаведнасці з вынікамі дыягностыкі ў гімназіі распрацавана перспектыўная комплексна-мэтавая праграма “Адораныя дзеці”, якая па меры неабходнасці карэкціруецца з улікам новаўвядзенняў у нарматыўна-прававой базе і сучаснай адукацыйнай сітуацыі ў галіне развіцця дзіцячай адоранасці. Мэта праграмы — стварэнне максімальна спрыяльных умоў для ўсебаковага развіцця адораных дзяцей. Пры гэтым пад пільнай увагай — здольнасці і адукацыйныя патрэбы гімназістаў. У гэтай праграме закладзены напрамкі дзейнасці з навучэнцамі, педагогамі, бацькамі; прадстаўлены маніторынг, які праводзіцца адміністрацыяй. У межах праграмы вучэбна-метадычным саветам гімназіі распрацавана мадэль, якая садзейнічае інтэлектуальна-творчаму развіццю навучэнцаў.
Сярод асноўных форм работы з адоранымі навучэнцамі — адрасная інфармацыйная падтрымка; індывідуальная работа па фарміраванні і развіцці даследчага мыслення; індывідуальная работа з педагогамі гімназіі і выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі; арганізацыя работы даследчых секцый па прадметах у канікулярны час; арганізацыя навучання ў летніх прадметных школах і лагерах; сумесная даследчая дзейнасць педагогаў і навучэнцаў у межах створанага ў гімназіі навуковага таварыства навучэнцаў “IQ”.
Ранняе выяўленне, навучанне і выхаванне адораных і таленавітых дзяцей — адна з асноўных задач удасканалення адукацыйнага працэсу ў гімназіі. Навуковае таварыства навучэнцаў гімназіі ахоплівае каля 200 гімназістаў і працуе па трох узроставых групах: 2—4 класы, 5—7 класы, 8—11 класы.
Азы навукова-даследчай дзейнасці ў межах работы аб’яднання “Юныя акадэмікі” выкладаюць настаўнікі-прадметнікі падчас падрыхтоўкі даследчых і праектных работ. Для навучэнцаў пачатковай школы праводзяцца гімназічныя канферэнцыі даследчых работ “Я — даследчык”, “Юны лінгвіст” (на англійскай мове для 3—7 класаў у форме абароны праектаў), “Першы крок да Нобелеўскай прэміі” па прадметах вучэбнага плана для навучэнцаў 8—11 класаў.
Для ўнутрыгімназічнага карыстання выдаецца метадычны дапаможнік “Шлях да поспеху”, які змяшчае рэкамендацыі па асновах пабудовы вуснага выступлення па прынцыпах прамоўніцкага майстэрства і ў якім адлюстроўваюцца даследчыя ўменні вучня; культура выступлення, этапы работы над навуковым даследаваннем (памяткі, алгарытмы); структура навуковага артыкула; тэхніка разумовай працы; парады псіхолага (міні-лекцыі) і г.д. Метадычны дапаможнік “Навукова-даследчая дзейнасць з малодшымі школьнікамі” дапамагае настаўнікам арганізоўваць даследчую дзейнасць з навучэнцамі пачатковых класаў, што садзейнічае развіццю патэнцыялу пачаткоўцаў.
Для педагогаў пастаянна дзейнічае кансультацыйны цэнтр “Сістэма работы настаўніка па развіцці інтэлектуальнай сферы навучэнцаў”. Яго дзейнасць суправаджаюць намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце, педагог-псіхолаг гімназіі.
Створаны банк матэрыялаў і метадычных рэкамендацый па рабоце з адоранымі навучэнцамі і па пытаннях падрыхтоўкі навукова-даследчых работ. Інфармацыя знаходзіцца ў свабодным доступе праз інфармацыйныя кіёскі гімназіі і захоўваецца ва ўнутрыгімназічнай сетцы.
Умежах праграмы рэалізоўваецца напрамак “Лідар алімпіяднага руху”. Створана і паспяхова дзейнічае шматузроўневая сістэма падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяд: урочная дзейнасць, факультатывы, стымулюючыя заняткі, індывідуальныя кансультацыі, самастойная работа з выкарыстаннем адукацыйных СD-праграм, матэрыялаў сеткі пад кіраўніцтвам і кантролем настаўнікаў, удзел у падрыхтоўцы па прадмеце ў канікулярны час на базе гімназіі і ў летніках для адораных дзяцей, у пазакласнай дзейнасці па прадмеце.
Па словах Т.І.Шастак, на працягу ўсіх гадоў навучання ва ўстанове вядзецца педагагічнае суправаджэнне адораных дзяцей — лідараў алімпіяд: ствараюцца творчыя лабараторыі пры прадметных метадычных аб’яднаннях з мэтай распрацоўкі трэніровачных рознаўзроўневых заданняў, арганізавана работа школы псіхалагічнай падтрымкі, заняткаў з выкарыстаннем электронных сродкаў навучання, матэрыялаў інтэрнэту, матэрыялаў замежных вучэбна-метадычных комплексаў, вядзецца актыўнае супрацоўніцтва з бацькамі.
Маніторынг вынікаў удзелу ў алімпіядах кожнага вучня на працягу ўсіх гадоў навучання ў гімназіі дазваляе папаўняць банк даных адораных дзяцей, доступ у які забяспечаны праз інфармацыйныя кіёскі ў сетку інтранэт.
Навучэнцы гімназіі, якія вывучаюць матэматыку, фізіку, інфарматыку, хімію, геаграфію на павышаным узроўні, наведваюць пастаянна дзеючы семінар пры БДУ “Адораныя дзеці”, займаюцца ў вочна-завочнай школе пры БДУ. Паміж гімназіяй і фізіка-матэматычным факультэтам БДУ на працягу 12 гадоў дзейнічае дамоўленасць аб супрацоўніцтве, таму з навучэнцамі гімназіі на працягу навучальнага года працуюць выкладчыкі ўніверсітэта. На базе гімназіі з 2011 года выкладчыкамі філіяла кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта вядзецца падрыхтоўка навучэнцаў да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый у прадметнай галіне.
У гімназіі з перыядычнасцю ў 2—3 гады выдаюцца зборнікі навукова-даследчых работ навучэнцаў. Свае матэрыялы навучэнцы размяшчаюць у гімназічных перыядычных газетах “Гімназічны веснік”, Gazetka News (на англійскай мове), у гарадскім зборніку літаратурных твораў “Маладыя крылы”. У электронным выглядзе (у форме РР-прэзентацыі) вядзецца летапіс навуковага таварыства навучэнцаў гімназіі (размешчаны ў інтранэце), дзе прадстаўлены найбольш значныя дасягненні гімназістаў.
За тры апошнія гады 4 навучэнцы сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па гісторыі, хіміі, геаграфіі і рускай мове. Штогод ад 92% да 97% выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. За тры гады 5 выпускнікоў гімназіі на цэнтралізаваным тэсціраванні па вучэбных прадметах паказалі стабальныя вынікі. 28 навучэнцаў гімназіі ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
На рэгіянальным узроўні на базе гімназіі дзейнічаюць рэсурсныя цэнтры па дыстанцыйным навучанні, па выкарыстанні электронных сродкаў навучання на ўроках прыродазнаўчанавуковых дысцыплін, вочна-завочнай школы алімпіяднага рэзерву па інфарматыцы, рускай мове, па ідэалагічнай і інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце. З 2014/2015 навучальнага года гімназія — удзельнік інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі сістэмнага выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў для развіцця інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”.
Зараз ва ўстанове вядзецца распрацоўка праекта шостага школьнага дня “Гімназічны медыяцэнтр”, плануецца стварэнне на базе гімназіі рэсурснага цэнтра па сістэмным выкарыстанні электронных сродкаў навучання для развіцця інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі. Прынята рашэнне аб будаўніцтве фотаэлектрычнай устаноўкі — сонечнай электрастанцыі на даху ўстановы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.