Маленькія артэфакты для вялікай гісторыі

Студэнты спецыяльнасці “Гісторыя” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы археолага-этнаграфічную практыку пасля першага курса праходзілі на вельмі важным аб’екце — тэрыторыі Новага і Старога замкаў у Гродне, дзе вядуцца падрыхтоўчыя работы да іх рэстаўрацыі.

На працягу трох тыдняў 29 студэнтаў пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргея Піваварчыка і старшага выкладчыка Аляксандра Дабрыяна працавалі на тэрыторыі Новага і Старога замкаў.

— Першакурснікі праходзілі тэарэтычны курс археалогіі, — расказвае Сяргей Аркадзьевіч. — На летняй практыцы яны адточваюць практычныя навыкі, знаходзяць, разглядаюць і вывучаюць прадметы, аб якіх толькі чулі.

А артэфактаў на раскопках знаходзяць нямала. Работа гэта складаная, цяжкая фізічна і эмацыянальна напружаная. Спачатку студэнты працавалі на тэрыторыі Новага замка — тут былі знойдзены плінфа ХІІ стагоддзя, свінцовыя пломбы. Аб складанасці і адказнасці археалагічных раскопак сведчыць і такі факт, што пломбы былі знойдзены пры дапамозе металашукальніка, бо маюць невялікі памер. І хоць памер невялікі, гістарычная каштоўнасць іх вельмі значная.

— Першыя ўяўленні аб методыцы правядзення археалагічных даследаванняў атрымалі на лекцыях, глядзелі відэафільмы, а яшчэ мне падабалася тэлеперадача “Археалогія Вялікабрытаніі”, — гаворыць Станіслаў Якубюк. — А калі ты трымаеш артэфакт, які сам знайшоў, — гэта вельмі ўражвае. Мы знайшлі апрацаваны рог аленя, ручку нажа, косці жывёл, плінфу.

Працэс археалагічных раскопак строга рэгламентаваны — тэрыторыя разбіта на квадраты 22 метры. Пласт зямлі здымаецца на 20 сантыметраў і старанна прасейваецца ўручную. Адпрацаваўшы пласт, зноў паглыбляюць яго на 20 сантыметраў, і так будзе, пакуль не дойдуць да слоя, на якім пачыналася фарміраванне культурнага пласта.

Хлопцы працуюць з дапамогай лапат, спецыяльных шуфлікаў і шчотак. Усе знойдзеныя прадметы фатаграфуюцца, апісваюцца і паступаюць да дзяўчат у палявую лабараторыю, дзе ачышчаюцца, мыюцца, іх шыфруюць і ўпакоўваюць. Даследаваць гэтыя прадметы восенню і зімой пачнуць спецыялісты аддзела археалогіі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Дарэчы, усе археалагічныя работы праходзяць пад наглядам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

На тэрыторыі Старога замка студэнты даследавалі слаі, які датуецца XII—XIV стагоддзямі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.