Маленькія крокі і вялікі вынік

- 11:52Навіны рэгіёнаў

Беларуская сістэма адукацыі ўпэўнена рухаецца да інклюзіі. Фарміраванне інклюзіўнага навучання курыруецца на дзяржаўным узроўні. Створана і дзейнічае Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі, адпаведныя артыкулы ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі. Важнасць стварэння інклюзіўнай адукацыйнай прасторы відавочная. Яна забяспечыць дзецям з асаблівымі адукацыйнымі патрэбнасцямі роўныя магчымасці, неабходныя для максімальнай адаптацыі і паўнавартаснай інтэграцыі ў грамадства. Менавіта таму сёння да развіцця інклюзіі імкнуцца ў кожнай навучальнай установе.

Фота да матэрыяла: Маленькія крокі і вялікі вынік.У Горацкім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі інтэнсіўны рух да інклюзіі таксама ў прыярытэце ўсёй дзейнасці. Тут арыентуюцца не на складанасці дыягназу, а на патэнцыяльныя магчымасці кожнага дзіцяці. Таму педагагічны калектыў знаходзіцца ў пастаянным пошуку магчымасцей спрыяльнай сацыялізацыі выхаванцаў.

Работа па фарміраванні інклюзіўнай прасторы досыць складаная, педагогі ўстановы часта сутыкаюцца з праблемамі сацыяльнага характару, аднак мэтанакіравана імкнуцца зрабіць інтэграцыю сваіх выхаванцаў максімальна паспяховай.

— Як паказвае практыка, даводзіцца ўсё больш шырока прымяняць сацыяльныя формы навучання і выхавання, заснаваныя на працэсе непасрэднага ўключэння асаблівых дзяцей ва ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі, наладжвання сувязей з рознымі грамадскімі групамі. Для гэтага выкарыстоўваем розныя формы дзейнасці: выпускаем інфармацыйныя брашуры, сваю газету, ствараем тэматычныя відэаролікі, праводзім метадычныя мерапрыемствы для педагогаў і бацькоў, развіваем валанцёрскі рух, арганізуем дабрачынныя святы, экскурсіі і турыстычныя паездкі, аздараўленне нашых навучэнцаў, — расказала дырэктар цэнтра Вольга Цыркунова.

Фота да матэрыяла: Маленькія крокі і вялікі вынік.
Паводле яе слоў, адна з найбольш эфектыўных форм работы — валанцёрскі рух. Установа з’яўляецца аб’ектам увагі валанцёраў з гімназіі № 1, сярэдніх школ №№ 2 і 4 горада, раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, студэнтаў БДСГА.

— Валанцёрскія групы прыходзяць да нас з рознымі ідэямі і праектамі. Так, члены валанцёрскага атрада “Дабрыня” гімназіі № 1 рэалізоўвалі на базе цэнтра праект “Зрабі свет ярчэйшым!”. Гімназісты спецыяльна навучыліся элементам клоўнатэрапіі і праводзілі мерапрыемствы з нашымі выхаванцамі, — адзначыла Вольга Леанідаўна.

Важнай часткай сацыялізацыі навучэнцаў цэнтра стаў іх ахоп дадатковай адукацыяй. Больш за 80 працэнтаў асаблівых дзяцей тут наведваюць розныя гурткі. Заняткі аб’яднанняў па інтарэсах праводзяцца спецыялістамі раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, раённага Дома рамёстваў. Адметна, што дзейнічаюць і сумесныя гурткі, у якіх разам са здаровымі дзецьмі займаюцца дзеці-інваліды.

Асаблівую ўвагу ў цэнтры надаюць спартыўна-масавай рабоце. Частыя госці тут — хакеісты з мясцовых юнацкіх каманд. Асаблівыя дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у сумесных гульнях-забавах, якія ім прапануюць юныя спартсмены, яны актыўныя заўзятары на лядовай арэне падчас правядзення хакейных турніраў.

Наладзілі ва ўстанове таксама экскурсійна-турыстычную дзейнасць. З мэтай пашырэння ўяўленняў і развіцця ўменняў дзяцей арыентавацца ў навакольным асяроддзі для выхаванцаў праводзяцца экскурсіі па родным горадзе, арганізуюцца разнастайныя турыстычныя выезды.

— Да правядзення акцый і свят мы прыцягваем не толькі навучэнцаў устаноў адукацыі раёна, але і супрацоўнікаў арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў. Усё гэта спрыяе распаўсюджанню інклюзіўных тэндэнцый, дапамагае змяніць грамадскія стэрэатыпы аб асаблівых дзецях. Бо важна не толькі вучыць іх жыць у грамадстве, але і грамадству прывіваць талерантнае стаўленне да іх, — падкрэсліла Вольга Леанідаўна.

Горацкі раённы ЦКРНіР маленькімі крокамі рухаецца да інклюзіі. Аднак вынік ад гэтай работы вялікі. Дзейнасць па фарміраванні інклюзіўнай прасторы дазваляе выпускнікам цэнтра эфектыўна інтэгравацца ў грамадства, спрыяе іх паспяховай сацыялізацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.