Маленькія метэаролагі

- 14:31Дашкольная адукацыя

Усе дзеці па сваёй натуры цікаўныя і дапытлівыя. Яны шукаюць адказы на многія пытанні: адкуль дзьме вецер, якая тэмпература паветра на вуліцы, як вызначыць час без гадзінніка, колькі выпала ападкаў? З адкрыццём метэастанцыі ў яслях-садзе № 10 Смаргоні ў выхаванцаў з’явілася магчымасць атрымаць адказы на гэтыя пытанні, а таксама самастойна назіраць за надвор’ем і прадказваць яго змены.

Метэастанцыя — гэта комплекс розных прыбораў, якія дазваляюць вывучаць атмасферныя з’явы і вызначаць надвор’е: метэаралагічная будка з тэрмометрам, сонечны гадзіннік, ападкамер, снегамер, круцёлкі, гігрометр, лавец аблокаў, каляндар надвор’я. Метэастанцыя дазваляе разнастаіць штодзённыя прагулкі дзяцей на свежым паветры. Пры дапамозе прыбораў нашы выхаванцы вучацца вызначаць сілу ветру, тэмпературу і вільготнасць паветра, тыпы аблокаў, час па сонечным гадзінніку, стан надвор’я (сонечна, воблачна і г.д.), узровень ападкаў і снежнага покрыва, вучацца прагназаваць надвор’е і на практыцы правяраць дакладнасць народных прымет. У гульнявой форме дзеці пашыраюць свае ўяўленні пра навакольны свет, уключаюцца ў даследчую дзейнасць, вучацца беражліва ставіцца да прыроды.

Алена ЛАПЫЦЬКА,
выхавальнік ясляў-сада № 10 Смаргоні.