Маленькія вандроўнікі

У Гудагайскай сярэдняй школе Астравецкага раёна на працягу 18 дзён працаваў лагер “Лясная казка”. 13 хлопчыкаў і 7 дзяўчынак акунуліся ў атмасферу вясёлага і насычанага жыцця. Такая назва лагера прыдумана невыпадкова — школа размешчана недалёка ад лесу. Уся выхаваўчая работа ў прышкольным лагеры была накіравана на рэалізацыю забаўляльна-пазнавальнай праграмы “Падарожжа па родных куточках”.

Паколькі гэты год прысвечаны малой радзіме, мы распрацавалі цікавую вандроўку для дзяцей, таму і назву атрада вучні выбралі адпаведную — “Маленькія вандроўнікі”. Адпачынак дзяцей быў насычаны штодзённымі экскурсіямі па роднай старонцы. Вучні азнаёміліся з прыгожымі касцёламі і помнікамі Астравецкага раёна, наведалі пагранзаставу “Лоша”, пабывалі ў Астравецкім раённым цэнтры рамёстваў і “Панскім маёнтку”. Яркія эмоцыі ў хлопчыкаў і дзяўчынак засталіся ад наведвання конна-спартыўнага цэнтра “Гіпіка”. Дзеці наперабой дзяліліся ўражаннямі і пасля наведвання выставы робатаў у Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Ф.К.Багушэвіча, дзе былі прадстаўлены футурыстычныя мадэлі робатаў, зброі, аўтамабілей і касмічнай тэхнікі.

Дзень за днём выхаванцы лагера ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, даведваліся шмат цікавага і новага пра сваю малую радзіму. Вялікая ўвага ўдзялялася здароваму ладу жыцця, вывучэнню правіл дарожнага руху, пажарнай бяспецы. Штодзённа праводзіліся тэнісныя турніры, эстафеты з мячом і цікавыя квест-гульні. А на закрыццё лагера дзеці адправіліся ў падарожжа ў ГКК “Лінія Сталіна”.

Для кожнага дзіцяці лагер адкрыўся па-свойму: хтосьці знайшоў новых сяброў, а хтосьці выявіў у сабе новыя творчыя здольнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі навучыліся эстэтычна ўспрымаць навакольнае асяроддзе, а галоўнае, зацікавіліся гісторыяй і культурай роднага краю.

Юлія КАРОБКА,
намеснік дырэктара лагера “Лясная казка”
Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна.

Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *