Маленькія зорачкі

Яркае, незабыўнае свята — традыцыйны фестываль творчасці выхаванцаў “Маленькія зорачкі!” — адбылося ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы.

Арганізатары — педагогі, спецыялісты, адміністрацыя — знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку, імкнуцца прыдумаць новыя формы правядзення, абнавіць касцюмы, зрабіць творчыя нумары сучаснымі і непаўторнымі.

Усе дашкольнікі, якія атрымліваюць дадатковыя адукацыйныя паслугі “Дзіцячае ручное ткацтва”, “Харэаграфія”, “Маленькія даследчыкі”, прадставілі сваю творчасць з асаблівым падыходам і ў разнастайнай форме: выстаўкі, танцы, вершы, песні, прыпеўкі. Кожны кіраўнік уклаў сваю творчую разыначку ў прэзентацыю працы, а дзеці ўвасобілі ідэі педагогаў у рэальнасць.

Фестываль зіхацеў усімі колерамі вясёлкі. Выхаванцы пераканаўча даказвалі, што няма нічога больш прыгожага за колеры сонца, неба, дажджу, першай зеляніны: маленькія пчолкі ў танцы пырхалі над кветачкамі; хмарка ператварылася ў лёгкі дожджык; стыльныя танцоры паказалі “Чарльстон” і “Танец хлопчыкаў-хуліганчыкаў”. А з першых акордаў песню Бураціна падпявала ўся зала (кіраўнік А.М.Ламашкевіч).

Касцюмы былі вытрыманы ў пэўнай колеровай гаме, што надавала кожнаму нумару арыгінальнасць, непаўторнасць, вытанчанасць. Маленькія зорачкі бліскалі на сцэне, упрыгожанай матылькамі і рознакаляровымі паветранымі шарамі. Яркія танцавальныя замалёўкі чаргаваліся з кранальнымі песнямі і вершамі.

Маленькія даследчыкі прадставілі праект “Чаму зніклі дыназаўры?” (кіраўнік Д.С.Лобач) і танцавальную кампазіцыю “Дыназаўрыкі”.

Вочы разбягаліся на выставе вырабаў выхаванцаў дашкольнага цэнтра, якія займаюцца ручным ткацтвам (кіраўнік І.А.Паўтарак): “Галінка рабіны”, “Слімак”, “Грыбок”, “Церамок”, “Зайчыкі-Смяшарыкi”, “Велікодная радасць”, “Рушнічок”, “Падарунак для мамы” і інш. Прэзентацыю сваіх работ дзеці суправаджалі выкананнем прыпевак, што вельмі спадабалася гледачам.

Падтрымаць маленькіх удзельнікаў прыйшлі іх бацькі, бабулі і дзядулі, браты і сястрычкі, педагогі, сябры.

Наталля БАРЭЛЬ,
загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.