Малы, ды ўдалы

- 12:12Родная земля

Амаль у два з паловай разы меншы за суседні Брэсцкі, у тры разы меншы за сталічны Мінскі і амаль у пяць разоў меншы за самы вялікі ў краіне Столінскі — усё гэта Жабінкаўскі раён, самы маленькі ў Беларусі, плошчай усяго 684 кв. км. У той жа час па шчыльнасці размяшчэння помнікаў гісторыі і прыроды ён адзін з лідараў: на тэрыторыі Жабінкаўшчыны знаходзіцца 10 праваслаўных храмаў XVI — XIX стагоддзяў, рэшткі 18 панскіх маёнткаў і нават аднаго замка князёў Чартарыйскіх, не гаворачы ўжо пра старадаўнія курганы і гарадзішчы, разгалістыя дрэвы-старажылы.

Наведаць і ведаць

З усім гэтым скарбам, калі падарожнічаць на аўтамабілі, можна азнаёміцца літаральна за дзень. Аднак такое аператыўнае знаёмства будзе павярхоўным. Пасля яго завяршэння можна сказаць толькі словы накшталт “я наведаў Жабінку”. А вось, каб смела заявіць “я ведаю Жабінку”, трэба здзейсніць сапраўдны краязнаўчы подзвіг: перачытаць тысячы старонак гістарычных дакументаў, сустрэцца з дзясяткамі старажылаў, наведаць кожны адметны куточак паміж вёскамі Булькова, што на мяжы з Брэсцкім раёнам, і Чыжэўшчынай, што каля Кобрыншчыны. Не кожны здзейсніў такі подзвіг. Адным з герояў-краязнаўцаў з’яўляецца былы настаўнік гісторыі Якаўчыцкай сярэдняй школы, спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Жабінкаўскага райвыканкама, а цяпер загадчык аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем раённай газеты “Сельская праўда” Анатоль Расціслававіч Бензярук.Родную Жабінкаўшчыну Анатоль Расціслававіч аб’ездзіў, як кажуць, уздоўж і ўпоперак, сустрэўся з многімі яе старажылам і ведае пра мінулае роднага краю не менш, чым яго бацька — вядомы пісьменнік, краязнавец Расціслаў Мацвеевіч, з якім яны напісалі кнігі “Колодец памяти” і “Сорак дарог”. Анатоль Расціслававіч з’яўляецца аўтарам соцень краязнаўчых матэрыялаў, кніг “Наш край — Жабінкаўшчына: дапаможнік па гісторыі Беларусі”, “Памяць нашае зямлі: гісторыка-культурныя мясціны Жабінкаўскага раёна”, “Касцюшкі-Сяхновіцкія: гісторыя старадаўняга роду”, “Крупчыцы. 1794 год: падзеі і памяць роднай гісторыі”, “Свята для сэрца”, “Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля”, большай часткі матэрыялаў раённай кнігі “Памяць”, турыстычных даведнікаў “Дарогамі роднага краю: турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна”, “По родным местам Тадеуша Костюшко”

Калі ласка!

Паслухаць захапляючы аповед Анатоля Расціслававіча Бензерука пра родную зямлю, безумоўна, цікава, тым больш што краязнавец з радасцю сустракае кожнага, каму неабыякава мінулае Жабінкаўшчыны. Наогул, гасціннасць — адметная рыса жыхароў гэтага краю. Напрыклад, кіраўнік музея Ракітніцкай сярэдняй школы Сяргей Пятровіч Алехнік не толькі цэлую гадзіну праводзіў экскурсію ў музейнай зале, але і столькі ж часу ездзіў са мной па ваколіцах Ракітніцы і суседніх вёсак. Нават намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама Іна Уладзіміраўна Тарасевіч, нягледзячы на сваю занятасць, знайшла час, каб здзейсніць з супрацоўнікам “Настаўніцкай газеты” невялікае падарожжа. Неабходны транспарт для плённай камандзіроўкі — калі ласка. Неабходны падрабязны аповед пра адметнасці Жабінкаўскага раёна — калі ласка… Гасцям у Жабінцы заўсёды рады!

Мілагучная назва

Па словах Анатоля Расціслававіча, тых, хто ўпершыню прыязджае ў Жабінку, у асноўным цікавяць тры моманты: адкуль пайшла такая мілагучная назва, калі горад быў заснаваны і чаму на яго гербе змешчаны выявы трох белых кветачак. Першае пытанне, якое часцей за ўсё задаюць госці, гучыць прыкладна так: “Жабінка ад слова “жабы”?” “Канечне, не”, — скажа навуковец. “Магчыма”, — скажа краязнавец, які дбае не толькі пра дакладнасць гістарычных фактаў, але і пра турыстычную прывабнасць краю. Згодна з легендай, у даўнія часы гэтыя рэптыліі нібыта выратавалі жыхароў паселішча ад ворагаў. Калі тыя падыходзілі да горада, жабы пачалі гучна квакаць, людзі прачнуліся, схапіліся за зброю і разбілі чужынцаў. Легенда легендай, аднак жабы тут калісьці вадзіліся ў вялікай колькасці, бо ваколіцы Жабінкі былі моцна забалочаны. І ўсё ж найбольш верагодна, што сваю назву паселішча атрымала ад рэчкі Жабінкі, прытока Мухаўца.Выява на гербе горада трох белых кветачак (жабніку звычайнага) сведчыць пра тое, што раней на месцы Жабінкі знаходзіліся тры паселішчы з аднолькавай назвай (спачатку маёнтак і хутар, а з 1871 года і чыгуначная станцыя, якая потым разраслася ў пасёлак). Упершыню населены пункт Жабінка ўзгадваецца ў дакументах за 1811 год. На той час яна складалася з адной карчмы. У 1816 годзе ў Жабінцы ўжо былі 3 сялянскія сядзібы. Імклівае развіццё паселішча пачалося пасля будаўніцтва Маскоўска-Варшаўскай чыгункі. З канца 2014 года Жабінка афіцыйна з’яўляецца горадам-спадарожнікам Брэста. Адлегласць паміж крайнімі пунктамі Брэста і Жабінкі складае ўсяго 16 км. Калі ўлічваць сённяшняе імклівае будаўніцтва дамоў, то праз гадоў гэтак 20 Жабінка і Брэст, магчыма, злучацца канчаткова.
Жыхары Жабінкі спадзяюцца, што іх горад па-ранейшаму застанецца асобным населеным пунктам, раён захавае сваю ўнікальнасць і самабытнасць. Пра гэтую ўнікальнасць і самабытнасць падрабязна расказваюць школьныя музеі. Яны з’яўляюцца не проста месцам захоўвання прадметаў даўніны, але і своеасаблівымі турыстычна-інфармацыйнымі цэнтрамі, падчас наведвання якіх можна вызначыцца з маршрутамі далейшага падарожжа.

Цэнтры выхавання

Адным з такіх цэнтраў і скарбніц даўніны з’яўляецца гісторыка-этнаграфічны музей “Спадчына” Ракітніцкай сярэдняй школы. Музей быў створаны адносна нядаўна, у маі 2002 года, аднак за гэты час стаў сапраўднай візітоўкай школы, месцам захоўвання арыгінальных экспанатаў. Гэта і зімовыя нямецкія боты 1943 года на драўлянай падэшве, і прыгаршчы свяшчэннай зямлі з Брэсцкай крэпасці, і фарфоравыя абедзенныя прыборы чырвонаармейцаў з клемай “РККА”, і старадаўнія куфры з чаканкай, і металічныя конскія путы, і часткі воза з каванымі коламі, і арыгінальныя двухручныя… не, не мячы, а песты — масіўныя таўкачы, з дапамогай якіх у вялікіх ступах таўклі зерне. У ракітніцкім музеі не знойдзеш шыльду накшталт “рукамі не чапаць”. Чапаць якраз дазваляецца, прычым усё, але, канечне, акуратна. Падчас экскурсіі, можна, напрыклад, патрымаць песты, пакатацца на восях ад воза, заглянуць у куфар, апрануць народны касцюм.Адметнасцю музея сярэдняй школы № 1 Жабінкі (найстарэйшага ў раёне, адкрытага яшчэ ў 1956 годзе настаўнікам гісторыі Аляксандрам Паўлавічам Гогалевым) з’яўляюцца карціны-стэнды, створаныя Міхаілам Паўлавічам Карнеевым. На іх былы настаўнік малявання франтавік адлюстраваў асноўныя падзеі гісторыі Жабінкаўскага раёна, напрыклад, трагічныя старонкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Акцэнт у гэтым раздзеле робіцца на партызанскі рух. У прыватнасці, расказваецца пра партызанскі атрад, арганізаваны ў ноч на 25 чэрвеня 1941 года, камандзірам разведкі якога быў Міхаіл Мікітавіч Чарнак.
— Напярэдадні вайны Міхаіл Мікітавіч быў старшынёй Старасельскага сельсавета, і менавіта да яго, удзельніка рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, звярнуліся чырвонаармейцы з прапановай стварэння партызанскага атрада. Гэта быў мужны, адважны і знаходлівы чалавек. Аднойчы ён трапіў у Брэсцкую крэпасць пад выглядам селяніна-возчыка і вывез у атрад шмат боепрыпасаў. Загінуў 2 мая 1943 года і быў пахаваны пад разгалістым дубам-старажылам. У пасляваенны час магіла Міхаіла Мікітавіча была перанесена ў вёску Старое Сяло, — расказвае экскурсавод навучэнка 10 класа Юлія Галоўчык.Падрабязныя звесткі пра баявы шлях Міхаіла Мікітавіча можна знайсці і ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, адкрытым у 2011 годзе ў будынку былой Сяхновіцкай базавай школы. У школе калісьці дзейнічаў свой музей, таму яго экспанаты сталі арганічнай часткай новай экспазіцыі. Сувязь раённага музея з установамі адукацыі трывалая. Па-першае, асноўнымі наведвальнікамі музея з’яўляюцца школьнікі, па-другое, пераважна для навучэнцаў праводзяцца і музейныя заняткі, віктарыны. Па словах дырэктара музея Жанны Мікалаеўны Падрубнай, у лютым у рамках святкавання 270- годдзя нараджэння Тадэвуша Касцюшкі музей арганізоўваў канферэнцыю “Наш славуты зямляк”, а таксама дыстанцыйную раённую віктарыну. Днямі на базе ліцэя прайшло ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў віктарыны. Да 70-годдзя Перамогі сумесна з ліцэем Жабінкі быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў, адным з якіх стаў паход ад Жабінкі праз Малыя Сяхновічы да мемарыяльнага комплексу на месцы Драмлёва. На базе музея праводзіўся заключны этап праекта “Вёска такая не павінна знікнуць”.

Трагічны лёс

Акрамя асобнага раздзела, прысвечанага Тадэвушу Касцюшку, музейныя матэрыялы расказваюць пра этнаграфічныя асаблівасці краю і перыяд акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Асобная ўвага ваеннага раздзела ўдзелена трагічнаму лёсу вёскі Драмлёва, спаленай карнікамі разам з жыхарамі 11 верасня 1942 года падчас аперацыі “Трохвугольнік”. “З аднаго боку, Драмлёва не пашчасціла — яна была спалена, але з другога боку, не пра адну іншую вёску раёна (і не толькі Жабінкаўскага) я не знаходзіў столькі архіўных дакументаў, што адносяцца да часоў ваеннага ліхалецця. У іх падрабязна пералічваецца колькасць сячкарняў, кароў, свіней, нават сабак у гэтай вёсцы. Драмлёва была перапісана акупантамі літаральна ўздоўж і ўпоперак, быццам загадзя рыхтавалі яе знішчэнне. Аднак больш за ўсё мяне хвалююць лёсы людзей, як тых, каму не суджана было выйсці жывымі з агню, так і тых, каму пашчасціла ўратавацца. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што гэта былі тры падлеткі. Пры гэтым у кожным успаміне з’яўляўся вобраз чацвёртага хлопца, аднак ніхто не памятаў яго імя. Гаварылі, што ён не наш, “усходні”, гэта значыць з сям’і ваеннаслужачага Чырвонай Арміі або партыйнага работніка, якія прыехалі пасля 1939 года ў Заходнюю Беларусь усталёўваць савецкую ўладу”, — дзеліцца Анатоль Расціслававіч Бензярук.Краязнаўцу ўдалося высветліць, што на момант трагедыі хлопчыку было 12 гадоў. Ён уратаваўся і жыве цяпер у Рызе, завуць яго Віталь Сяргеевіч Чахлоў. “Па скайпе я браў у яго інтэрв’ю. Ён расказаў адзін цікавы момант. Аказваецца, калі ён поўз ад жудаснага месца, то пабачыў чалавека, які ехаў на фурманцы. Хлопчык узняў руку, маўляў, выратуй, падхапі на колы, але фурманшчык замест таго, каб спыніцца, схапіўся за лейцы і пачаў моцна біць каня. Аднойчы ў вёсцы Горкі я сустрэўся з 92-гадовым мужчынам, які вясной 1942 года ажаніўся з драмлёўскай дзяўчынай. Калі жыхары суседніх вёсак пабачылі 11 верасня, што над вёскай Драмлёва ўзняўся дым, многія падумалі, што пажар, і кінуліся тушыць яго. Мой суразмоўца таксама запрог каня. Калі наблізіўся да Драмлёва, то зразумеў, што там не проста пажар. І вось у гэты момант, ён убачыў, як паўзе абгарэлы хлопчык і ўздымае руку. Аднак замест таго, каб дапамагчы, возчык (а быў ён тады 20-гадовым хлопцам) спужаўся і пагнаў каня на злом галавы. І тут ён у мяне пытае: “Той жа хлопчык, мабыць, таксама загінуў?” Аднак я яму адказваю: “Не, ён выратаваўся і жывы дасюль”. У гэты момант адчуў, як у старога, ужо ляжачага чалавека, нібыта зваліўся камень з душы. Ён ужо пахаваў сваю жонку, сына і, здаецца, дажыў да такога ўзросту толькі дзеля таго, каб пачуць, што той, неўратаваны ім хлопчык, не загінуў. У тую хвіліну ён заплакаў”, — расказвае Анатоль Расціслававіч.

Эфектыўна і эфектна

На адносна невялікім кавалку жабінкаўскай зямлі ёсць што паглядзець. Сваім развіццём край у многім абавязаны чыгунцы, а таксама асноўнай транспартнай артэрыі — Мухаўцу. Найбольш актыўна знакамітая рака пачала выкарыстоўвацца пасля будаўніцтва Дняпроўска-Бугскага канала, які, як вядома, звязаў Мухавец і Піну — рэкі басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Нягледзячы на развіццё чыгуначнага, аўтамабільнага транспарту, рака і цяпер суднаходная. Яскравым пацвярджэннем гэтага з’яўляецца інжынерная адметнасць Жабінкаўскага раёна — гідравузел “Навасады”.Вы не бачылі бурлівыя горныя рэкі? Не бяда. Непадалёк трасы М1 у ваколіцах вёскі Пятровічы вас чакаюць і бурлівая горная рака, і сапраўдны вадаспад, а яшчэ выдатнае месца адпачынку. Нездарма гідравузел карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. Аднак карысць ён прыносіць не толькі душэўную, эмацыянальную. Па словах начальніка гідравузла Юрыя Мікалаевіча Арла, міні-гідраэлектрастанцыя, пабудаваная ў гэтым месцы, кожную гадзіну выпрацоўвае 200 кВт энергіі. “Цяпер вясна, скідваецца багата вады. Для эфектыўнага выкарыстання гэтай з’явы і была пабудавана міні-гідраэлектрастанцыя. Энергія, якую яна выпрацоўвае на працягу месяца, хапае для месячнага спажывання ў 600 дамах. Эканамічная эфектыўнасць будаўніцтва такіх электрастанцый відавочная. І гэта пры тым, што на гідравузле “Навасады” знаходзіцца не самая магутная гідраэлектрастанцыя. Для прыкладу каля вёскі Стахава Столінскага раёна падобнае збудаванне выпрацоўвае за гадзіну да 750 кВт энергіі”, — дзеліцца Юрый Мікалаевіч.

Самы-самы

Прырода і гісторыя шчодра надзялілі жабінкаўскую зямлю сваім скарбам. Каб гэты скарб духоўна ўзбагаціў нас, неабходна пастаянна здзяйсняць краязнаўчыя подзвігі: працаваць у архівах, сустракацца са старажыламі і, канечне, падарожнічаць, хаця б ненадоўга, хаця б на некалькі гадзін. Невялікая тэрыторыя самага маленькага ў краіне раёна дапаможа аператыўна азнаёміцца са многімі яго адметнасцямі. Якім чынам адзіны ў Беларусі бюст Тадэвушу Касцюшку апынуўся ў Малых Сяхновічах? Дзякуючы якому інжынернаму вынаходству Тадэвуша Касцюшкі англійскія войскі не змаглі захапіць крэпасць Вэст-Поінт, а іх караблі праплыць на рацэ Гудзон? Колькі беларусаў удзельнічала ў знакамітай Крупчыцкай бітве? Якія архітэктурныя стылі спалучыліся ў самым старадаўнім драўляным храме Беларусі? Як выглядаў цацачны паравозік у канцы ХІХ стагоддзя? Адказы на гэтыя пытанні, якія не змясціліся на старонках “Настаўніцкай газеты”, вы зможаце даведацца падчас рэальнага падарожжа па самым малым у плане тэрыторыі, але самым удалым у плане гістарычнага і прыроднага багацця раёне Беларусі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.