“Маляваць могуць усе! Было б толькі жаданне…”

- 19:11Людзі адукацыі

Кожны вучань настаўніцы выяўленчага мастацтва Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці Наталлі Вячаславаўны МЯДЗЕЛКА мае магчымасць праявіць сваю індывідуальнасць, працаваць з усімі і быць пры гэтым самім сабой. Педагог не ставіць задачы навучыць кожнае дзіця маляваць акадэмічна правільна, а прапаноўвае шырокі дыяпазон матэрыялаў і сродкаў для адлюстравання цікавых ідэй і задум.

Настаўніца арганізавала два аб’яднанні па інтарэсах: для малодшых вучняў — “Вясёлы пэндзлік” і для старэйшых — “Палітра”, дзе працягвае развіццё творчых здольнасцей юных ма­стакоў. Сама піша цудоўныя карціны. На вачах гурткоўцаў і пры іх асабістым удзеле ўзнікае на паперы світанак. З пярэдняга плана пабегла па траве сцежка, злева — кусты, акружаныя рознакаляровымі палявымі краскамі. За імі — сілуэты камышоў. Справа — невысокія тонкія дрэўцы. Над кустамі і камышамі скрозь карункавую лістоту дрэў паблісквае вада, у якой адлюстраваліся ружавеючае неба і зеленавата-блакітныя сілуэты дрэў на супрацьлеглым беразе возера.

Больш як месяц на занятках гуртка працягваецца гэтае чараўніцтва, каб на асабістым прыкладзе сфарміраваць у вучняў цікавасць да жывапісу. Вопыт накопленых эмацыянальна-пачуццёвых уражанняў знаходзіць адлюстраванне ў мастацка-творчай дзейнасці вучняў Наталлі Вячаславаўны, спрыяе развіццю творчага патэнцыялу і здольнасцей.

Асаблівую ўвагу настаўніца ўдзя­ляе знаёмству з творчасцю народных майстроў, мясцовымі ма­стацкімі славутасцямі. Вывучаючы са школьнікамі помнікі архітэктуры і выяўленчага мастацтва, ма­стацкія промыслы і рамёствы свайго рэгіёна, педагог не толькі спрыяе ўцягванню вучняў у творчасць на аснове мясцовых традыцый, але і выхоўвае любоў да роднага краю, павагу да людзей, якія жывуць побач, фарміруе жаданне берагчы мастацкую спадчыну сваёй роднай вёскі.

Метады і формы, якія выкарыстоўвае педагог, разнастайныя: аналіз ілюстрацый і рэпрадукцый карцін, прагляд прэзентацый, выкананне трэніровачных практыкаванняў, мастацка-творчых практычных работ; правядзенне нестандартных урокаў: урок-падарожжа, урок — майстар-клас, урок-экскурсія, урок-казка і інш. На занятках па выяўленчым мастацтве вучні малю­юць і лепяць з натуры, па памяці, па ўяўленні, канструююць, выконваюць работы ў розных мастацкіх тэхніках. Наталля Вячаславаўна праводзіць міні-выставы, конкурсы на лепшую мастацкую кампазіцыю.

Падчас заняткаў настаўніца актыўна развівае такія сферы індывідуальнасці вучня, як вобразнае мысленне, фантазія, уяўленне, эмацыянальная сфера, разумовая дзейнасць, інтуіцыя. Фарміруе прасторавыя і колеравыя ўяўленні, пачуццё меры, рытму, сіметрыі і асіметрыі, прапорцый, кампазіцыйнай раўнавагі, камбінаторныя і сенсорныя здольнасці.

Каб зрабіць урокі выяўленчага мастацтва нясумнымі, цікавымі для вучняў, каб яшчэ больш развіць іх пазнавальную цікавасць, Н.В.Мядзелка прымяняе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Зыходзячы з таго, што кожны ўрок праграмы выяўленчага мастацтва будуецца на зрокавым радзе, выкарыстанне праектара і мультыборда дазваляе педагогу ад­крыць для дзяцей замкнёную прастору кабінета і пагрузіцца ў свет ма­стацтва.

Значнае месца настаўніца адводзіць відэаэкскурсіям у прыроду, разгляду і аналізу фотаздымкаў пейзажаў, архітэктурных збудаванняў, машын, адзення, мэблі — усяго, што можа садзейні­чаць развіццю эстэтычнай чуласці, назапашванню зрокавых уражанняў, развіццю здольнасці заўважаць прыгожае і асаблівае ў звыклым асяроддзі.

Выкарыстанне камп’ютараў на ўроках дае магчымасць кожнаму вучню пабываць не толькі ў ролі мастака, але і ў ролі дызайнера, архітэктара, не патрабуючы наяўнасці матэрыялаў, якія вучням не заўсёды даступныя. Такі від работы не патрабуе ад дзяцей спе­цыяльных правільных навыкаў, але дазваляе асэнсаваць сябе як аўтара, спрыяе самавыяўленню асобы дзіцяці.

Прымяненне настаўніцай разнастайнага ілюстрацыйнага матэрыялу, мультымедыйных і інтэрактыўных тэхналогій, індывідуальнага падыходу ўзнімае працэс навучання выяўленчаму мастацтву на якасна новы ўзровень. Нельга не адзначыць і псіхалагічны фактар: сучаснаму школьніку значна цікавей успрымаць інфармацыю менавіта ў такой форме, чым з дапамогай састарэлых схем, табліц і рэпрадукцый.

У пачатку кожнага раздзела настаўніца праводзіць уводны ўрок, задача якога — уцягнуць дзяцей у атмасферу раздзела, даць магчымасць прачуць, паразважаць на зададзеную тэму. На ўводных уроках, дзе заяўляецца і матывуецца тэма блока, фарміруецца эмацыянальны настрой з дапамогай паказу слайдаў, відэа і мультымедыя, выставы фатаграфій, музыкі і вершаў. Далей ідзе абмеркаванне магчымых варыянтаў раскрыцця тэмы, выконваюцца эскізы, накіды.

Наступны цыкл урокаў — гэта рэалізацыя тэмы кожнага ўрока з раздзела, які вывучаецца, што забяспечвае паслядоўнасць, павольнасць уцягвання вучняў ва ўсведамленне тэмы, у раскрыццё праз перажыванне яе асноўных граней.

Завяршальны этап — падвя­дзенне вынікаў. Часцей за ўсё праходзіць у форме выставы работ вучняў.

Бывае, на ўроках узнікаюць праблемы з-за таго, што ў дзяцей штосьці не атрымліваецца. Не сакрэт, што кожны вучань сутыкаецца ў школе з няўдачай, а адчуваць сябе непаспяховым вельмі цяжка. Дакладней так: існуе вялікі разрыў паміж тымі, у каго атрымліваецца маляваць, і тымі, у каго нічога не выходзіць. Для такіх вучняў Наталля Вячаславаўна разбірае малюнак на простыя геаметрычныя фігуры. Пасля гэтага ўзнікае звычайна такая рэакцыя вучняў: “І я так змагу!” Яна заўсёды гаворыць школьнікам, што маляваць могуць усе, было б толькі жаданне. Яны, задаволеныя тым, што ў іх усё атрымалася, хочуць яшчэ маляваць. Паступова настаўніца пераходзіць да больш складаных дэталей, але вучні гэтага не заўважаюць. Страх прападае. Ствараецца сітуацыя поспеху.

Выхаванцы Н.В.Мядзелка прымаюць удзел у разнастайных творчых конкурсах малюнкаў, плакатаў і творчых работ. На працягу апошніх гадоў вучні атрымалі дыпломы пераможцаў на раённых і абласных этапах конкурсаў “Ратавальнікі вачамі дзяцей”, “Бяспечны пераход”, “Калядная зорка”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”, “Сонца, маці і кветкі” і інш.

— Мне вельмі пашанцавала, што я працую настаўніцай выяўленчага мастацтва. На ўроку выяўленчага мастацтва сутыкаюцца час і вечнасць, дабро і зло, любоў і нянавісць. Цвёрда веру, што зносіны з мастацтвам ў школе неабходны для духоўнага ўзбагачэння дзяцей, — прызнаецца Наталля Вячаславаўна.

Алена КАЛАМЕЕЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.