Малыш ідзе ў дзіцячы сад… Што трэба ведаць?

Здаецца, ваш малыш толькі з’явіўся на свет, як настаў час аддаваць яго ў дзіцячы сад. Што чакае дзіця за сценамі дашкольнай установы? Ці хутка яно прывыкне? Ці часта будзе хварэць? Як складуцца яго ўзаемаадносіны з дарослымі і дзецьмі? Усе малышы адаптуюцца па-рознаму: нехта хутчэй і лягчэй, а нехта даўжэй. У некага пратэстныя рэакцыі яркія, бурныя, але вельмі хуткацечныя, а нехта носіць сваё “гора” ў сабе і нікога не ўпускае ў свой унутраны свет.

Рыхтавацца да змен пажадана за некалькі месяцаў да пачатку наведвання дашкольнай установы. Калі ваша дзіця пазбягае незнаёмых людзей, на дзіцячай пляцоўцы баіцца адпусціць вас, падысці да іншых дзяцей, то нават самы добры выхавальнік не палегчыць яго адаптацыю. У такіх малышоў стрэс ад наведвання дзіцячага сада будзе толькі ўзмацняцца з кожным разам. Пастарайцеся пашырыць кола зносін дзіцяці — часцей хадзіце з ім у госці, абмяркоўвайце, што робяць і як паводзяць сябе дзеці на дзіцячай пляцоўцы, заахвочвайце і падтрымлівайце яго ініцыятыву ў зносінах з навакольнымі.

Вучыце дзіця мець зносіны! Пакажыце малышу, як можна папрасіць цацку, прапанаваць памяняцца, запрасіць іншае дзіця ў гульню або спытаць дазволу пагуляць разам. Вучыце дзіця знаёміцца! Спачатку вы пытаецеся ў дзяцей, як іх завуць, і прадстаўляеце ім свайго сарамлівага малыша, але рана ці позна ён пачне браць з вас прыклад. Паспрабуйце на прагулках арганізаваць гульні для дзетак. Няхай гэта будзе нават самая звычайная гульня ў мяч — галоўнае, каб малыш убачыў, што гуляць разам з іншымі дзецьмі можа быць вельмі весела. Вучыце малыша гуляць! Дзіцяці, якое ўмее заняць сябе гульнёй, прасцей уліцца ў калектыў дашкольнай установы, знайсці сабе сяброў. Расказвайце пра тое, што калі мама і тата працуюць, то яны адводзяць сваіх дзетак у дзіцячы сад, туды, дзе многа іншых хлопчыкаў і дзяўчынак, дзе ёсць цікавыя цацкі, вясёлыя заняткі. Гуляйце з дзіцем у “дзіцячы сад”: няхай вашы цацкі стануць “дзеткамі”, якіх прывялі ў дзіцячы сад, а ваш малыш, як клапатлівая выхавальніца, будзе гуляць з імі, карміць абедам і класці спаць. Калі вы будзеце рэгулярна гуляць і гаварыць пра гэта, то хутчэй за ўсё ваша дзіця пачне хадзіць у садок з радасцю.

Станоўчы ўплыў на адаптацыю дзіцяці да дзіцячага сада аказвае вопыт яго папярэдняга знаёмства з установай. З гэтай мэтай у нашым дашкольным цэнтры была створана група кароткачасовага знаходжання “Малышок” для дзяцей ранняга ўзросту, якія не наведваюць установу дашкольнай адукацыі. У гэтай групе праводзяцца заняткі для самых маленькіх выхаванцаў, якія робяць свае першыя крокі ў вялікі дарослы свет. Спецыфіка гэтых заняткаў — у развіцці дзяцей праз даступныя ім віды дзейнасці. Заданні накіраваны на ранняе развіццё ўсіх відаў памяці, мыслення, задаткаў логікі, маторыкі, маўлення. Заняткі з дзецьмі праходзяць у выглядзе тэматычных гульнявых комплексаў, кожны з якіх складаецца з некалькіх блокаў, якія пастаянна прысутнічаюць: рухальнага, пазнавальнага, музычна-гульнявога, творчага. Разнастайныя віды дзіцячай дзейнасці, іх пастаянная змена не дазваляюць малышам стаміцца. Рашаючы гульнявую задачу разам з бацькамі, дзіця непрыметна засвойвае вучэбны змест, адчувае пры гэтым радасць ад зносін з дарослым, бяспеку, абароненасць. У працэсе гульнявых дзеянняў у дзіцяці фарміруюцца навыкі зносін, уменне разумець пачуцці і эмацыянальны стан равеснікаў. Бацькі ў сумеснай з дзіцем дзейнасці маюць магчымасць не толькі ацаніць здольнасці малыша, але і асвоіць новыя для сябе спосабы арганізацыі гульняў і заняткаў, запатрабаваных у хатніх умовах.

У летні перыяд ажыццяўляе сваю дзейнасць сезонная гульнявая пляцоўка “Карапуз” для дзяцей, якія не наведваюць ДЦРД, дзе ў гульнявой форме ствараюцца ўмовы для развіцця пазнавальнай сферы, рухальнай актыўнасці дзяцей, а таксама фарміраваня гатоўнасці дзіцяці да супрацоўніцтва як з педагогамі дашкольнай установы, так і з равеснікамі. Вопыт работы паказвае, што такія формы ўзаемадзеяння з дзецьмі ранняга ўзросту, якія не наведваюць дашкольную ўстанову, і іх бацькамі вельмі эфектыўныя і выніковыя.

Кожны год мы сутыкаемся з праблемай, што ў адаптацыі да ўмоў дашкольнай установы маюць патрэбу не толькі і не столькі дзеці, колькі іх бацькі, а часам і бабулі з дзядулямі. Бо ў гэты час у іх узнікае мноства сумненняў і пытанняў, растлумачыць якія могуць толькі спецыялісты. Таму штогод педагогамі ДЦРД праводзяцца пасяджэнні “Сямейнай гасцёўні”, у працэсе якой бацькі атрымліваюць адказы на пытанні, якія іх хвалююць. Самая галоўная памылка — нежаданне прыслухацца да пункту гледжання спецыялістаў той установы дашкольнай адукацыі, куды ідзе малыш. Таму тэарэтычныя веды — гэта добра, форумы — цудоўна, але толькі пункты гледжання кіраўніка, педагога-псіхолага, выхавальніка групы, у якую ідзе дзіця, павінны легчы ў аснову ўзаемаадносін бацькоў і дзіцяці ў перыяд прывыкання да дзіцячага сада. Калі бацькі станоўча настроены, давяраюць педагогу як прафесіяналу, не сумняваюцца ў неабходнасці наведвання дзіцем дзіцячага сада — адаптацыя пройдзе паспяхова.

Алена КУЧАРАВА,
загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 11 Ваўкавыска.