Малышоў трэба ўвесь час здзіўляць

“Дзеці дашкольнага ўзросту зараджаюць мяне сваім пазітывам, непасрэднасцю, нястрымнай фантазіяй. Галоўная мая задача як спецыяліста — захаванне і ўмацаванне здароўя дашкольнікаў, выхаванне жыццярадасных і гарманічна развітых дзяцей. Каб у іх з’явілася жаданне займацца фізкультурай, іх трэба ўвесь час здзіўляць, адкрываць для іх штосьці новае”, — гаворыць кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 2 Свіслачы Наталля Бойка.

Нарадзіўшыся ва Украіне, Наталля Уладзіміраўна па волі лёсу (яе бацька быў ваенным афіцэрам) да 18 гадоў жыла ў Новасібірску, дзе скончыла першы курс педагагічнага каледжа. З прычыны пераводу бацькі па службе працягнула вучобу ў Гродзенскім педагагічным вучылішчы. Праз больш чым 10 гадоў завочна скончыла дашкольнае аддзяленне БДПУ імя Максіма Танка. На сёння педагагічны стаж Наталлі Бойка складае 30 гадоў. Першыя дзесяць гадоў яна працавала выхавальніцай і 20 гадоў — на пасадзе кіраўніка фізвыхавання. Каля 15 гадоў з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў фізічнага выхавання.

“Увесь час знаходжуся ў творчым пошуку, падбіраю цікавыя гульні для дзяцей, нестандартнае фізкультурнае абсталяванне. Заняткі павінны мець выразную структуру, строгую дазіроўку практыкаванняў, доўжыцца пэўны час (не забываемся пра маторную шчыльнасць або суадносіны паміж часам, які быў затрачаны на выкананне рухаў адным дзіцем, і агульнай працягласцю заняткаў) і г.д., — адзначае Наталля Бойка. — А вось мерапрыемствы актыўнага адпачынку, спартыўныя святы, забавы, вольны час прахо­дзяць у больш адвольнай форме. Тут і ўзнікае прастор для праяўлення фантазіі і творчасці. Сама прыдумваю сюжэты мерапрыемстваў, герояў, эстафеты, гульні, складаю немудрагелістыя вершы, загадкі, песенькі-пераробкі, падбіраю музычнае афармленне. Пры правядзенні заняткаў выкарыстоўваю здароўезберагальныя тэхналогіі: дыхальную гімнастыку, рытмапластыку, рэлаксацыю, гімнастыку для вачэй, самамасаж, узаемамасаж, кропкавы масаж, элементы дзіцячай ёгі, карэкцыйную гімнастыку, накіраваную на карэкцыю паставы і прафілактыку плоскаступнёвасці, пальчыкавыя гульні, кінетычную гімнастыку, псіхагімнастыку, казкатэрапію і інш. Пачала асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі. Усё гэта спрыяе павышэнню цікавасці дзяцей да заняткаў фізічнай культурай, умацаванню іх здароўя, атрыманню ведаў, уменняў і навыкаў здаровага ладу жыцця, выкарыстанню іх у штодзённым жыцці”.

Пасада кіраўніка фізічнага выхавання прадугледжвае ўзаемадзеянне з калектывам установы. Першы памочнік Наталлі Бойка — выхавальнік. Верныя яе напарнікі — кіраўнікі музычнага выхавання. Ні адны заняткі, ранішняя гімнастыка, спартыўныя святы не праходзяць без музыкі. Педагог разам з музычным кіраўніком Аксанай Валер’еўнай Цунінай распрацавала сцэнарый музычна-спартыўнай квест-гульні “У пошуках папараць-кветкі” для дзяцей старшай групы. Наталля Уладзіміраўна трымае сувязь з медсястрой, якая забяспечвае яе інфармацыяй пра здароўе дзяцей, рэкамендацыямі для бацькоў. Настаўнікі-дэфектолагі кансультуюць Наталлю Уладзіміраўну аб выкарыстанні ў рамках заняткаў пальчыкавых гульняў, рытмапластыкі, дыхальнай гімнастыкі. Псіхолаг дапамагае з падборам практыкаванняў на рэлаксацыю, комплексаў па псіхагімнастыцы, дае рэкамендацыі па індывідуальным падыходзе да малых. Супрацоўнічае Наталля Бойка і з тэхперсаналам. Да рабочых звяртаецца па дапамогу пры абсталяванні фізкультурнага кутка, вырабе дапаможнікаў. Кастэлянка — незаменны памочнік у пашыве касцюмаў і атрыбутаў да свят. Дворнік дапамагае ў падрыхтоўцы тэрыторыі да мерапрыемстваў, якія праходзяць на паветры: косіць траву на стадыёне або расчышчае яго ад снегу, абнаўляе пясок у скачковай яме. Супрацоўнікі ўстановы дзейнічаюць як адзіная каманда.

“З дзецьмі я таксама выбудоўваю сяброўскія адносіны, але пры гэтым яны выразна разумеюць, што падчас заняткаў трэба захоўваць дысцыпліну, выконваць пэўныя заданні, — гаворыць Наталля. — Калі ў малодшых дашкольнікаў заняткі праходзяць у гульнявой форме, то ў сярэдніх і асабліва старшых групах яны накіраваны на дасягненне пэўных вынікаў у элементарнай вучэбнай дзейнасці. Бацькоў выхаванцаў далучаю да фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці ўстановы, правядзення сумесных спартыўных мерапрыемстваў, удзелу ў фотавыставах, конкурсах малюнкаў на тэмы ЗЛЖ, адкрытых праглядах, запрашаю на кансультацыі”.

Наталля Уладзіміраўна распрацоўвае аўтарскія фізкультурныя заняткі, прымала з імі ўдзел у конкурсе метадычных распрацовак для дашкольнай адукацыі “Прыступка ў будучыню” ў 2016 годзе. Некаторыя яе  метадычныя распрацоўкі былі прадстаўлены ўвазе калег на адкрытых праглядах (заняткі “Падарожжа ў краіну Нехварэйка” і карэкцыйныя заняткі “Калабок на новы лад”), у рамках метадычных аб’яднанняў (“Вясёлыя старты”, “Мама, тата, я — спартыўная сям’я” і інш.). У мінулым навучальным годзе ва ўстанове педагог правяла майстар-клас “Нестандартнае фізкультурнае абсталяванне ў дзіцячым садзе”. Плануе папоўніць фізкультурны куток нестандартным дапаможнікам — каардынацыйна-сілавой лесвіцай для работы з выхаванцамі.

Знаёмства з калегамі з іншых раёнаў, абмен вопытам, прагляд адкрытых мерапрыемстваў у рамках курсаў у Гро­дзенскім абласным ІРА, цікавыя лекцыі выкладчыкаў спрыяюц­ь прафесійнаму росту педагога. Пры прахо­джанні курсавой перападрыхтоўкі пад кіраўніцтвам навуковага кансультанта Галіны Васільеўны Голікавай, старшага выкладчыка кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі  абласнога ІРА, Наталля Бойка распрацавала план праекта на тэму “Здаровы пазваночнік — здаровы арганізм”.

“Па дыпломе аб вышэйшай адукацыі я выкладчык выяўленчага мастацтва ў дашкольных установах, — адзначыла педагог. — Шмат гадоў працую педагогам дадатковай адукацыі, кіраўніком гуртка “Вясёлая палітра” ў нашым са­дзе. Вучу дзяўчынак і хлопчыкаў маляваць у нетрадыцыйных тэхніках. Неаднаразова давала майстар-класы на гэтую тэму, у тым ліку ў раёне, выступала на бацькоўскіх сходах, арганізоўвала выставы дзіцячых работ. Самая значная з іх прайшла ў нашым гарадскім музеі. Прыемна, што некаторыя мае вучні працягваюць сваё навучанне ў нашай школе мастацтваў. Са сваёй калегай, педагогам сацыяльным Настассяй Рублік, упрыгожваю малюнкамі сцены ў дзіцячым садзе. На працягу шасці гадоў з’яўляюся грамадскім інспектарам па ахове працы. Прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе на званне лепшага грамадскага інспектара. Пакуль паспяхова пройдзены раённы этап, матэрыялы накіраваны на вобласць.

Імкнуся трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. Па вечарах гуляю пешшу ў хуткім тэмпе па гарадскім парку, планую асвоіць скандынаўскую хадзьбу. Калі дазваляе надвор’е, езджу на веласіпедзе. Нядаўна прыняла ўдзел у гарадской лыжні”.

Надзея ЦЕРАХАВА.