Малюем… інтуітыўна

- 15:20Адукацыйная прастора

Як вядома, чалавечы мозг складаецца з двух паўшар’яў — левага і правага. Левае адказвае за лагічнае мысленне, правае — за творчае. Вельмі важна з дзяцінства развіваць міжпаўшарныя сувязі. Дзякуючы зладжанай рабоце абодвух паўшар’яў, можна лёгка і хутка знайсці выйсце са складанай сітуацыі, навучыцца мысліць крэатыўна.

На жаль, адукацыйны працэс пабудаваны такім чынам, што на вывучэнне дакладных навук адводзіцца больш часу, чым на вывучэнне гуманітарных. Гэта стымулюе левае паўшар’е. А як жа правае? Педагогіка і дэфекталогія нацэлены на міжпаўшарны баланс у развіцці дзяцей. Выпра­віць сітуацыю дазваляе тэхніка правапаўшарнага малявання, якое ўяўляе сабой мастацкую творчасць у спецыяльным рэжыме, калі правае паўшар’е мозга выконвае галоўную ролю, а актыў­насць левага наўмысна падаўляецца. Гэтае маляванне абапіраецца на інтуіцыю і ўяўленне, а рацыянальнае мысленне знаходзіцца ў рэжыме сну. Нездарма тэхніку назвалі бяздумным ці інтуітыўным маляваннем.

Тэхніка ўключае набор розных падрыхтоўчых практыкаванняў, якія спачатку здаюцца даволі нязвыклымі. Менавіта іх арыгінальнасць і незразумеласць дапамагае “запусціць” работу абодвух паўшар’яў. Маляванне то правай, то левай рукой, дагары нагамі, прапісванне літар у люстэркавым адлюстраванні і многае іншае раскрывае дзецям чароўны свет бязмежнай фантазіі.

Тэхніка правапаўшарнага малявання з’яўляецца эфектыўным метадам карэкцыі пазнавальнай сферы дзяцей, развіцця буйной і дробнай маторыкі, сенсорыкі, пачуцця колеру і рытму, зрокава-маторнай каардынацыі.

Выконваць практыкаванні варта штодзень на працягу 5—10 мінут. Гэтая гімнастыка для мозга карысная не толькі дзецям, але і дарослым, прычым нават тады, калі з міжпаўшарным узаема­дзеяннем усё ў парадку.

У сваёй рабоце актыўна звяртаюся да гульняў і практыкаванняў на развіццё і трэніроўку міжпаўшарных сувязей. Тэхніка правапаўшарнага малявання заняла важнае месца на маіх занятках, бо з’яўляецца эфектыўным метадам карэкцыі пазнавальнай сферы дзяцей, развіцця буйной і дробнай маторыкі, сенсорыкі, пачуцця колеру і рытму, зрокава-маторнай каардынацыі.

Выкарыстанне гэтай тэхнікі ў рабоце з асаблівымі дзецьмі дазваляе змен­шыць ці цалкам зняць комплекс мастацкай непаўнацэннасці (дзеці малююць тое, што бачаць, не задумваючыся, як трэба маляваць правільна), павысіць цікавасць не толькі да заняткаў выяўленчай, але і іншымі відамі дзейнасці, фарміраваць новае бачанне, свежае ўспрыманне навакольнага свету (дзеці бачаць у простых і немудрагелістых лініях незвычайныя сілуэты і сюжэты), разві­ваць вобразнае мысленне, прасторавае ўяўленне і зрокава-маторную каардынацыю.

Гэтая тэхніка выступае элементам індывідуальных ці групавых карэкцыйна-развіццёвых заняткаў. На этапе малявання фону карціны абавязкова ўключаю маўленчую работу па адпрацоўцы пастаўленых гукаў ці гукаперайманні. Дзеці без цяжкасцей і страху запаўняюць чыстыя аркушы смелымі кропкамі, лініямі і штрыхамі, упэўнена праводзяць спіральныя і дыяганальныя лініі. Кожны рух суадносяць з пэўным гукам.

Разнастайныя лініі — гэта доўгія па гучанні гукі, кропкі — кароткія, адрывістыя. Дзеці малююць і гавораць адначасова. У выніку атрымліваюцца адметныя карціны. Пасля малявання дзеці ўглядваюцца ў гатовыя работы равеснікаў і вызначаюць, які гук адпрацоўваўся ў пэўнай выяве.

Тэхніка правапаўшарнага малявання — гэта не столькі навучанне выяўленчаму мастацтву, колькі псіхалагічны трэнінг, які дазваляе разняволіцца, раскрыцца, зняць творчыя бар’еры. Таму шырока выкарыстоўваю гэтую тэхніку ў рабоце з педагогамі і бацькамі на майстар-класах, бацькоўскіх сходах і інш. Асабліва рэкамендуецца правапаўшарнае маляванне дзецям з сіндромам рухальнай актыўнасці. Акрамя таго, гэта выдатны спосаб адцягнуць увагу ад тэлевізара і камп’ютара. 

Вольга ГНЯДЗЬКО,
настаўнік-дэфектолаг Пінкавіцкага ясляў-сада Пінскага раёна.