Малюем… пластылінам

- 15:09Адукацыйная прастора

За доўгія гады работы заўважыла, што ў многіх дзяцей, якія прыходзяць у дашкольную ўстанову, слаба развіта дробная мускулатура рук. Некаторыя малышы няўмела ўтрымліваюць лыжку, няправільна трымаюць аловак, не могуць зашпіліць гузікі, хутка стамляюцца. У многіх пальцы рук згінаюцца і разгінаюцца сінхронна. У шэрагу выпадкаў гэта абцяжарваецца яшчэ і парушэннямі маўленчага развіцця, слаба развітымі ўвагай, памяццю, мысленнем.

З мэтай развіцця дробнай маторыкі звярнулася да пластылінаграфіі, якая ператварае лепку ў займальны занятак і адначасова трэніруе пальцы рук. Акрамя таго, маляванне пластылінам рыхтуе да малявання і пісьма, бо масажыруюцца кропкі на далонях, якія актывізуюць работу мозга. Падчас заняткаў кісці рук набыва­юць добрую гнуткасць, знікае скаванасць рухаў, дзеці вучацца лагічна разважаць, у іх развіваюцца памяць, увага, звязнае маўленне, мастацкі густ і прасторавае ўяўленне. Сі­стэмная і мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку захоўвае псіхічнае і фізічнае здароўе малышоў, развівае інтэлектуальныя здольнасці.

Дзеці пазнаёміліся з новым відам лепкі падчас нерэгламентаванай дзейнасці. Спачатку разглядалі пластылінавыя карціны і ілюстрацыі, даведаліся, якія матэрыялы і інструменты неабходны для работы. Малышы з цікавасцю ляпілі шарыкі, сціскалі іх, размазвалі па шаблоне, у выніку чаго атрымліваліся прыгожыя малюнкі з асеннім лісцем, яблыкамі, сонейкам…

Затым дашкольнікі займаліся контурнай пластылінаграфіяй: малявалі аб’екты па контуры з выкарыстаннем жгуцікаў і каўбасак, каб з іх атрымалася, напрыклад, прыгожая вясёлка.

Заўважыла, што маляванне пластылінам павышае ў выхаванцаў самаацэнку, упэўненасць у сабе. Асаблівую цікавасць у іх выкліка­юць выставы гатовых вырабаў, дзе яны разглядаюць свае і чужыя творы, адзначаюць лепшыя, апісваюць сюжэт.

Дзякуючы пальчыкавым гульням, практыкаванням і заняткам па пластылінаграфіі, кісці рук набылі добрую рухавасць і гнуткасць, рухі сталі больш скаардынаванымі, палепшыліся навыкі самаабслугоўвання. Так, дзеці навучыліся правільна карыстацца сталовымі прыборамі, самастойна апранацца і распранацца, старанна мыць і выціраць рукі, карыстацца пэндзлікам і алоўкам.

У далейшым малышы будуць ствараць больш складаныя кампазіцыі з дапамогай разнастайных комплексных прыёмаў і матэрыялаў (напрыклад, з салёнага цеста).

Святлана ГЕМБІЦКАЯ,
выхавальніца ясляў-сада № 1 Століна.