Малюнкі, схемы, воблакі

- 10:51Партфоліа

Працуючы настаўнікам­дэфектолагам у класе інтэграванага навучання і выхавання, я зрабіла вывад, што тэхналогія візуалізацыі з’яўляецца неад’емнай часткай заняткаў з вучнямі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Карэкцыйна-адукацыйны працэс будуецца на пера­да­чы інфармацыі, таму мэтай маіх вучэбных заняткаў з’яўляецца тлумачэнне складаных заданняў простымі сімваламі, узорамі, малюнкамі, схемамі. Гэта са­дзейнічае лепшаму запамінанню вучэбнага матэрыялу, развіццю мыслення, успрымання, асэнсавання, абагульнення інфармацыі, звязнага маўлення. Ва ўмовах інтэграванага навучання прымяненне розных форм візуалізацыі павышае ўзровень навучальнасці дзяцей з АПФР. Так, на сваіх вучэбных і карэкцыйных занятках прымяняю метад візуалізацыі “Воблака слоў”. Вучні вылучаюць ключавыя словы і словазлучэнні па тэме, важнасць слоў пазначаецца колерам і шрыфтам. Гэтую форму работы выкарыстоўваю на ўроках рускай мовы і літаратуры для вызначэння тэмы ўрока, пры вывучэнні новага матэрыялу, а на этапе замацавання матэрыялу прапаную вучням знайсці ў воблаку слоў вывучаную тэматыку.

Нагляднасць, якую я выкарыстоўваю, дазваляе вучням з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця з цікавасцю ўключацца ў вучэбную дзейнасць. Такім дзецям неабходна змена відаў дзейнасці, што і матывуе іх на дасягненне вынікаў у навучанні. Падштурхнулі мяне на стварэнне нагляднага матэрыялу наступныя інтэрнэт-рэсурсы: World.pro, Taqul.com.

Заданне “Угадайце аўтара і назву твора” — у воблака ў гэтым выпадку могуць быць уключаны словы, якія называюць герояў твораў і дазваля­юць распазнаць тэкст.

Заданне “Слоўнікавыя словы” — воблака слоў складаецца са слоўнікавых слоў, вывучаных за чвэрць, паўгоддзе.

Заданне “Угадайце прыказку” — даецца большасць слоў з прыказкі, некалькі прапушчана, неабходна ўзнавіць прыказку.

Заданне “Род назоўнікаў” — вучням прапануецца выбраць словы, якія адносяцца да пэўнага роду назоўніка.

Адной з тэхнік візуалізацыі з’яўляюцца гексы. Выкарыстанне шасцівугольнікаў на занятках дазваляе ажывіць іх, зрабіць больш прадукцыйнымі. На занятках выкарыстоўваецца шасцівугольная картка, дзеці злучаюць шасцівугольнікі адзін з адным у адпаведнасці з пастаўленай задачай і тэмай урока. Плюсы гэтага віду дзейнасці: дзеці працуюць у парах, запамінанне вывучаемага матэрыялу праходзіць лёгка і хутка, інтэрактыўнасць заданняў, вучні знаходзяцца ў пастаяннай актыўнасці.

Яшчэ адным дзейсным метадам візуалізацыі, які прымяняецца з вучнямі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з’яўляюцца QR-коды. Мяне зацікавілі такія праграмы іх стварэння, як ­QR-Paint, QR Coder.ru.

QR-коды можна выкарыстоўваць на любым этапе ўрока. На занятках па матэматыцы я зашыфроўваю вуснае лічэнне, схемы, правілы, ураўненні, задачы. Дзецям цікава праца­ваць са смартфонамі і адначасова паўтараць пройдзены матэрыял. Магчымасць выкарыстання гэтай формы візуалізацыі надае заняткам інтэрактыўнасць і гульнявы характар. Галоўнай умовай эфектыўнасці прымянення форм візуалізацыі з’яўляецца іх рэгулярнасць. Нагляднасць і інфарматыўнасць — гэта мера пастаяннага ўздзеяння на мысленне, памяць і ўспрыманне дзяцей з АПФР.

Юлія ЛЕБЕДЗЕВА, 
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 18 Барысава.