Мам, скінь мячык!

- 15:43Вышэйшая школа

Клуб вясёлых і знаходлівых бярэ пачатак у далёкім 1961 годзе, і за час свайго існавання адкрыў нямала выбітных людзей. Да іх можна з упэўненасцю далучыць і новых талентаў-пачаткоўцаў — каманду КВЗ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры “Скіньце мячык”.

Захапленне КВЗ пачалося ў хлопцаў з дзяцінства. Кожны з іх займаўся гульнёй у сваёй школе (Гродне, Барысаве, Нарачы і Талачыне), а пасля паступлення ва ўніверсітэт захапленне перайшло на больш сур’ёзны ўзровень. Трое з каманды — трэцякурснікі Захар Закрэўскі, Уладзіслаў Дзяблаў і Максім Мінгелевіч — былі аднагрупнікамі, а пазней да іх кампаніі далучыўся студэнт чацвёртага курса Уладзіслаў Тарасаў.

— У школах мы займаліся ў КВЗ па ўласнай ініцыятыве, — гавораць студэнты. — Бралі матэрыял вышэйшай лігі (паказаныя некім раней сцэны і мініяцюры) і спрабавалі паўтарыць на сцэне. Самі тады яшчэ тэкстаў не пісалі. На ўніверсітэцкім узроўні ўсё змянілася: мы пачалі прыдумваць тэксты і сачыць за тым, каб яны
ні пры якіх умовах не паўтараліся.

Хлопцы ўваходзяць у склад універсітэцкага студэнцкага клуба “Закуліссе”. На гэтай пляцоўцы сабраны ўсе творчыя калектывы ўніверсітэта (тэатр StART, вакальныя і танцавальныя студыі, каманды па чырлідынгу і футбольным фрыстайле, школа вядучых і інш.). Там жа яны збіраюцца, каб ажыццявіць творчыя задумы.

— У кожнага ў двары была спартыўная каманда, — тлумачаць назву каманды маладыя людзі. — Многія дзеці, стоячы на пляцоўцы перад шматпавярховым домам, прасілі: “Мам, скінь мячык”. Мы згадалі гэта, нам спадабалася. Такая назва вельмі запаміналь ная, яна чапляе. Усе адразу перапытваюць: “Што скінуць?”

Сёлета скарбонку творчых перамог юнакі адкрылі праходжаннем у сезон міжрэгіянальнай лігі КВЗ.бел, выйграўшы ў намінацыі “Каманда, якая спявае”. Магчыма, на гэта паўплывала і спецыфіка выступлення студэнтаў: калектыў пачынае і заканчвае свае нумары песнямі. У адборачным туры маладыя людзі палюбіліся зале сваімі мініяцюрамі, Захар Закрэўскі атрымаў тытул “Лепшы акцёр”. Свой упэўнены поспех хлопец тлумачыць наяўнасцю вопыту, шанцаваннем і зладжанай работай каманды.

Пасля ўдзельнікі “Скіньце мячык” замацаваліся на прыступцы 1/4 фіналу. Перамога ў міжрэгіянальнай лізе дасць камандзе магчымасць выступіць у іншых — вышэйшай, міжнароднай, прэм’ер-лізе і першай лізе.

Усе ва ўніверсітэце вераць у поспех маладых людзей. Еднасць і зладжанасць каманды прасочваецца ў тым, што хлопцы заўсёды разам: і ў вучобе, і ў падрыхтоўцы да выступленняў.

— Наша каманда — гэта кола сяброў, — кажуць пра сябе студэнты.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва каманды КВЗ “Скіньце мячык”.