Мама, мамачка, матуля!

Усё самае светлае і чыстае звязана ў нашым жыцці з мамай. Вобраз мамы сагравае ў хвіліны смутку, дорыць надзею ў цяжкіх абставінах. Мама — памочнік і затупнік ва ўсіх справах.

Цэлы тэматычны тыдзень быў прысвечаны ў нашай навучальнай установе Дню маці. Гэта яшчэ адна магчымасць прызнацца ў любові матулі, падарыць ёй самыя шчырыя пажаданні, магчымасць задумацца над галоўным прызначэннем жанчыны — быць мамай.

Старт тыдню маці далі акцыі “10-кі для любімай мамы”, “SMS для мамы”. Вучні імкнуліся парадаваць сваіх мам добрымі адзнакамі, напісаць для іх такія словы, што найбольш поўна перадаюць пачуцці і любоў.

Вучні 7—11 класаў знялі для сваіх мам відэазварот, дзе выказалі словы ўдзячнасці і павагі самаму галоўнаму чалавеку ў жыцці кожнага. Малодшыя школьнікі малявалі партрэты мам і аформілі выстаўку сваіх малюнкаў. Таксама вялікую цікавасць выклікаў конкурс “Фотакалаж “Я і мая мама!”: дзеці выбіралі самыя ўдалыя фотаздымкі сваіх мам, крэатыўна іх аздаблялі.

На працягу тыдня ва ўстанове працавала творчая студыя “Падарунак для мамы”. Кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, падзяліліся з вучнямі ідэямі, як зрабіць для мамы цікавы сувенір або паштоўку сваімі рукамі.

Шмат прыгожых і шчырых слоў пра маму вучні 5—11 класаў выказалі ў конкурсных сачыненнях “Свет любові маёй матулі сагравае мяне па жыцці”.

У бібліятэцы ўстановы аформлена выстаўка “Мама” — слова святое”, вучні яшчэ раз адкрылі для сябе літаратурныя творы, дзе ўслаўляецца вобраз жанчыны-маці.

На класнай гадзіне “Мама” — галоўнае слова на свеце” школьнікі змаглі паразважаць наконт галоўнага прызначэння жанчыны. Кульмінацыяй святочных мерапрыемстваў стала музычна-віншавальная праграма “Прысвячэнне маме!”. Вынікі тыдня падведзены на агульнашкольнай лінейцы. Пераможцы конкурсаў і самыя актыўныя ўдзельнікі ўзнагароджаны граматамі.

Свята падарыла пазітыўныя эмоцыі і добры настрой. Нашы мамы не стамляюцца натхняць на творчасць і шчырыя парывы душы!

Вераніка АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна.