Маміна сонейка

Дзеці ў доме — гэта не толькі радасць і шчасце, але і вялікая адказнасць. І, чаго хаваць, у першую чаргу яна ўскладваецца на маму. Адказнасць узрастае літаральна ў арыфметычнай прагрэсіі, калі ў сям’і яшчэ нараджаюцца малышы. Нават маючы адно дзіця, страшна ўявіць, што жыццё перавернецца з ног на галаву і будзе нагадваць бясконцы “дзень сурка”. А што, калі ў сям’і растуць чацвёра дзяцей?

Пра гэта мы пагаварылі з мнагадзетнай мамай Юліяй Цындрэнка.

З Юліяй Аркадзьеўнай мы раз­маўлялі па тэлефоне. І пакуль я задаю пытанні, а яна адказвае, дзеці — а іх у сям’і чацвёра — увесь час нагадваюць пра сябе: размаўляюць, смяюцца і спрабуюць навесці ў доме свой парадак.

 14 кастрычніка, калі ў краіне адзначаецца Дзень маці, у Юліі і Ула­дзіміра яшчэ адно свята: менавіта ў гэты дзень 2 гады назад, калі ў сям’і падрасталі тры дачкі, нара­дзіўся сын. Хлопчыка назвалі Ра­дзівонам. Ні ў тое, што будзе выхоўваць сына, ні тым больш у тое, што стане мнагадзетнай мамай, маладая жанчына не верыла. Адно, аб чым яна марыла, гэта танцаваць і вучыць гэтаму дзетак.

“Я з дзяцінства вельмі люблю музыку і танцаваць. Памятаю, як была маленькая і сказала маме, што хачу займацца менавіта гэтым. Нават пасля, калі падрасла, не змяніла свайго рашэння. Хацела толькі танцаваць, ні пра што іншае не думала. Магчыма, мама хацела для мяне іншую прафесію. Яна не раз гаварыла пра тое, што, выбіраючы танцы, буду зарабляць не вельмі многа. Але мяне гэта не спыніла. Пасля заканчэння школы паступіла ў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Са­ка- ­лоўскага, а пасля працягнула навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацт­ваў. Праз 5 гадоў атрымала дыплом. А ў хуткім часе пазнаёмілася з мужам, і мы паехалі жыць у Магілёў, дзе я пачала працаваць у школе. Адпрацаваўшы год, даведалася, што чакаю дзіця”, — расказвае Ю. Цындрэнка.

Пра вялікую сям’ю Юлія ніколі не марыла. Гаворыць, што заўсёды хацела, каб у яе, як і ў яе маці, было 2 дзяцей. Пажадана, дзяўчынкі.

“Хацела толькі 2 дзяўчынак, каб ніякіх хлопчыкаў, — працягвае мая гераіня. — Хлопчыкі — гэта армія, лішні стрэс. Але так, як у мамы, у мяне не склалася. 13 гадоў назад у нас нарадзілася Мая. Так атрымалася, што пасля яе нара­джэння мы пераехалі ў Данецк, ва Украіну. У 2011 годзе нарадзілася Арына. Усё складвалася як ніколі добра: муж знайшоў сябе, пачаў весці бізнес. Калі Арыне споўнілася 2 гады, мы аддалі яе ў дзіцячы садок, у які я ўладкавалася працаваць. Увогуле, мне вельмі падабалася і падабаецца працаваць з дзецьмі, асабліва займацца з імі творчасцю. Дарэчы, у садку, акрамя выхавальніцтва, я вяла гурток па танцах. Так мы жылі да таго часу, пакуль ва Украіне не пачалася вайна”.

Каб перачакаць, пакуль усё скон­чыцца, маладая сям’я вырашыла на нейкі час пераехаць на радзіму Юлі, да мамы ў Рагачоў. У Данецку пакінулі ўсё: рэчы, фотаздымкі, абжыты дом. Думалі, што неўзабаве вернуцца.

“Хацелі пажыць у бабулі некалькі месяцаў, але атрымалася, што да гэтага часу жывём у Рагачове, — расказвае храналогію па­дзей Юлія. — Тут зноў давялося пачынаць усё спачатку. Гэта было вельмі цяжка. Мы 5 гадоў жылі ва Украіне, у нас быў свой дом. Вялікую дапамогу аказалі мае бацькі, яны дапамагалі з дзецьмі, пакуль мы займаліся пошукам работы. Муж кожны месяц чакаў і верыў, што яшчэ крыху — і паедзем дадому. Але сёння мы разумеем, што будзем жыць у Рагачове”. 

А раптам гэта хлопчык?

Калі Арыне споўнілася 4 гады, Юлія вырашыла, што ў сям’і павінна быць яшчэ адно дзіця. Яна вельмі хацела зноў адчуць смак мацярынства. “Гледзячы на маленькіх дзяцей, разумела, што мне хочацца, каб такі ж малыш з’явіўся і ў нас, каб па кватэры бегалі маленькія ножкі. Мая і Арына падраслі, таму цяжкасці мяне не палохалі. І ў 2016 годзе ў нас нарадзілася Софія. Калі малышцы было амаль 2 гады, я даведалася, што зноў цяжарная. Што адчула тады? Па праў­дзе кажучы, я была ў разгубленасці. Больш дзяцей мы не планавалі, і што рабіць?”

У той момант Юлію вельмі падтрымалі сястра і сяброўкі. “А раптам гэта ваш хлопчык?” — казалі яны.

“Мы нават не марылі пра тое, што ў нас можа быць хлопчык, — прызнаецца мнагадзетная мама. — Памятаю, як хадзіла на УГД і нават не верыла словам урача, што гэта хлопчык. Прасіла, каб праверылі яшчэ раз, і гаварыла, што такога не можа быць. Ну не верыла я, што ў нас можа быць хлопчык! Таму і сумнявалася да апошняга. Сын зрабіў нам сюрпрыз 2 разы. Першы раз, калі выбраў нас бацькамі, а другі — калі нарадзіўся ў Дзень маці. Гэта была такая нечаканасць! Па ўсіх разліках малыш павінен быў з’явіцца на свет раней, але наша сустрэча адкладвалася. І тут такі сюрпрыз! Заўтра нашаму Радзівону спаўняецца 2 гады. Дарэчы, імя мы таксама не адразу выбралі, ніяк не маглі спыніцца на варыянце, які б падабаўся. Сёння я вельмі рада, што ў мяне тры дачкі і сынок, маміна сонейка”.

У сям’і, дзе растуць маленькія дзеці, без памочнікаў не абысціся. Ідэальна, калі маладым бацькам дапамагаюць бабуля з дзядулем. Так, Юлія таксама можа разлічваць на дапамогу бацькоў, калі гэта неабходна, але часта памагатымі выступаюць старэйшыя дзеці, Мая і Арына.

“Мая з лёгкасцю спраўляецца з тым, каб арганізаваць малышоў, яна можа і пакарміць іх, і пераапрануць, калі трэба. Увогуле, з брацікам любяць займацца ўсе, нават малодшая Софія”, — заўважае мнагадзетная мама.

Абавязкі ў сям’і Цындрэнка не дзеляць, кожны сам ведае, што ён павінен зрабіць. Юлія Аркадзьеўна гаворыць, што раскласці рэчы па месцах, засцяліць ложкі — гэта ўжо не абавязак, а карысная звычка, з якой кожнае дзіця спраўляецца па сваіх магчымасцях. “Дзякуючы дапамозе старэйшых дачок, мы ўсё робім своечасова. Калі, напрыклад, хачу навесці парадак у доме, то Мая і Арына ідуць з Софіяй і Радзі­вонам на вуліцу”.

Час на ўрокі і захапленні ў дзяцей таксама ёсць, і гэта ў прыярытэце. Юлія ўпэўнена, што дзецям абавязкова трэба даваць магчымасць развівацца, паспрабаваць сябе ва ўсім, каб пасля вызначыцца, да чаго ляжыць душа.

“Самая актыўная ў нас пакуль Арына, яна ходзіць на шматлікія гурткі, любіць займацца творчасцю. Мая — ёй у снежні споўніцца 13 — дамашняя дзяўчынка. Пасля школы ідзе адразу дадому. У дачкі зараз такі ўзрост, калі трэба быць да яе вельмі ўважлівай, умець правільна падбіраць словы. Яна часам хоча больш увагі, таму стараемся праводзіць з ёй больш часу, калі такая магчымасць ёсць: ходзім разам па магазінах, гатуем ежу, проста размаўляем, абмяркоўваем, што адбылося за дзень.

Малодшая, Софія, пастаянна гаворыць пра тое, што хоча хадзіць па сцэне і паказваць сукенкі. Таму думаем, што ў наступным годзе яе трэба аддаваць у адпаведны гурток, які дзейнічае ў нашым Доме творчасці. А пасля, у перспектыве, можна паспрабаваць паездзіць у мадэльнае агенцтва ў Жлобіне. Пакуль што іншай мары ў дачушкі няма”.

З блінамі і мультфільмамі

Субота ў сям’і Цындрэнка — самы любімы дзень, таму што ён  сямейны. Нягледзячы на тое, што Юлія Аркадзьеўна па суботах працуе (вядзе заняткі па танцах у Рагачоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі), час пасля абеду і да вечара належыць толькі бацькам і дзецям.

“Нашаму Радзівону праз дзень споўніцца толькі 2 гады, але я з верасня выйшла на работу, бо люблю яе, — прызнаецца мама Юля. — З малышамі па суботах застаецца або муж, або мая мама. Калі ў іх не атрымліваецца, тады дапамагае Мая. Яна можа і пачытаць ім, і пагуляць, і мульцікі ўключыць — і ўсе дзеці глядзяць іх разам. Калі прыходжу дадому, тады стараемся хуценька навесці парадак, згатаваць што-небудзь смачнае, як правіла, гэта бліны і піца, і глядзім тэлевізар. Зра­зумела, перавага аддаецца мультфільмам”.

Для любой мамы хатнія клопаты, дзеці і работа — на першым месцы. За ўсім гэтым вельмі цяжка знайсці час на сябе, свае любімыя заняткі, хобі. На жаль, гэта тыповая сітуацыя для большасці жанчын, якія не могуць дазволіць сабе па­слугі няні, у якіх няма побач бабуль. У выпадку з сям’ёй Цындрэнка гэта таксама не з’яўляецца выключэннем. Нягледзячы на тое, што ў нечым Юліі дапамагаюць бацькі, асноў­ны аб’ём клопатаў за малымі ўскладзены на яе.

“Мне падабаецца шыць, вя­заць, але зараз не той час, калі магу сабе гэта дазволіць, — працягвае Ю.Цындрэнка. — Я ўвесь час прысвячаю дзецям. Магчыма, калі яны падрастуць, нешта зменіцца. Але пакуль што прыярытэты расстаўлены так, што на сябе часу застаецца зусім мала”.

Выхоўваючы малых, Юлія Аркадзьеўна імкнецца да таго, каб яны жылі дружна і ўмелі дапама­гаць адно аднаму. Дзеці, упэўнена Ю. Цындрэнка, не павінны забы­ваць, што яны — сям’я, а значыць, мусяць падтрымліваць адно ад­наго. 

“Нікога больш роднага і блізкага, чым прыходзяцца яны адно адна­му, у іх не было і не будзе, — заўважае Юлія. — Што б ні здарылася, дзеці павінны быць разам. Яшчэ адно правіла, на якім будуецца наша сістэма выхавання, — гэта павага. І не толькі да сябе, бацькоў, але і да тых, хто побач. У нас усе дзеці з характарам. Безумоўна, бывае і так, што яны сварацца, але ў дапамозе адно аднаму не адмаўляюць. Прынамсі, пра гэта расказвае бабуля, якая час ад часу з імі застаецца замест выхавальніка”.


Пра што больш за ўсё мараць мамы? Не, зусім не пра тое, каб пабыць хаця б дзень у цішыні і адзіноце (але што хаваць, і пра гэта таксама). Кожная мама хоча, каб яе дзеці змаглі знайсці сябе, выбралі той занятак, які будзе ім па душы.

“Вельмі хачу, каб мае дзеці, калі вырастуць, знайшлі свой шлях, сваё прызванне ў жыцці, — канстатуе Юлія. — Я ведала, што маё прызванне — гэта танцы. Такая ўпэўненасць для мяне, школьніцы, аблегчыла выбар прафесіі. Сёння бачу, як мая старэйшая дачка перажывае, думае, кім ёй стаць. Я хвалююся разам з ёй. Таму відавочна, што, калі дзеці знойдуць сябе, зразумеюць, чым хочуць займацца па жыцці, я буду шчаслівая. Мае бацькі, памятаю, таксама думалі: аддаць мяне вучыцца на танцы або туды, дзе больш прэстыжна, ва ўніверсітэт. Дзякуй маме, што дазволіла выбраць тое, што мне падабаецца. Мая сястра, дарэчы, таксама выбрала для сябе не вельмі прэстыжную па сённяшніх мерках прафесію і не вельмі прыбытковую: стала педагогам, вучыць дзяцей маляванню і сама з задавальненнем малюе. Я ўпэўнена, што дзецям трэба даць магчымасць выбіраць самім, яны павінны зрабіць першы дарослы выбар без падказак. У нас чацвёра дзяцей, і з кожным мы бу­дзем праходзіць праз выбар прафесіі. Я не буду навязваць малым свае меркаванні. І абавязкова падтрымаю іх выбар, якім бы ён ні быў, бо я — іх мама і іх выбар для мяне найлепшы. І дзеці ў мяне самыя лепшыя — тры прынцэсы і маміна сонейка”.

Наталля САХНО.