Пры Беларускім саюзе журналістаў будзе створана маніторынгавая група па выкананні норм прафесійнай этыкі ў час выбарчай кампаніі. Адпаведнае рашэнне прынята на пашыраным сакратарыяце БСЖ, дзе разглядалася пытанне аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі ў перыяд выбараў, паведаміў адказны сакратар саюза Сяргей Сверкуноў.
“Востра было пастаўлена пытанне аб выкананні норм прафесійнай этыкі журналістамі розных выданняў, а таксама аб грамадзянскай адказнасці супрацоўнікаў СМІ пры публікацыі матэрыялаў, звязаных з ходам выбарчай кампаніі. Па выніках абмеркавання было прынята рашэнне аб стварэнні маніторынгавай групы па выкананні норм прафесійнай этыкі ў перыяд выбарчай кампаніі”, — расказаў Сяргей Сверкуноў. У яе склад увайшлі вядомыя беларускія спецыялісты ў галіне журналісцкай этыкі, у тым ліку кіраўнікі абласных арганізацый БСЖ.
Паводле слоў адказнага сакратара, у прадстаўнікоў саюза вялікі вопыт маніторынгу за выкананнем норм этыкі ў СМІ. У камітэт па этыцы рэгулярна паступаюць звароты, у якіх узнімаюцца тыя ці іншыя пытанні, звязаныя з прафесійнай журналісцкай этыкай. Меркаванне камітэта ўлічваецца ў тым ліку пры вынясенні судовых рашэнняў. Таксама Беларускі саюз журналістаў актыўна абменьваецца вопытам з замежнымі арганізацыямі. У прыватнасці, яго прадстаўнікі вывучалі гэтае пытанне ў краінах Заходняй Еўропы, на постсавецкай прасторы, у Кітаі. “Лічым, што наш вопыт спатрэбіцца ў гэты адказны для краіны перыяд”, — дадаў Сяргей Сверкуноў.