Манументальная падзяка

- 15:07Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Колькі слоў удзячнасці чуюць настаўнікі ў гэтыя святочныя дні за сваю штодзённую нялёгкую і такую неабходную справу! Цяпер такое прызнанне можна не толькі пачуць. Да Дня настаўніка і напярэдадні святкавання 100-годдзя з дня заснавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка перад уваходам у галоўны корпус універсітэта адкрылася першая ў Беларусі скульптурная кампазіцыя “Настаўніца першая мая”.

Падчас урачыстага адкрыцця скульптурнай кампазіцыі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Афанасьевіч Тозік зазначыў: “Нехта з мудрых сказаў: настаўнік — прафесія ад Бога, усе астатнія прафесіі — ад настаўніка. І гэты помнік стане сімвалам найглыбейшай павагі да настаўніка — дзяржавы, грамадства і асабіста кожнага з нас”.
— Гэта наша падзяка ўсім настаўнікам Беларусі розных гадоў, розных пакаленняў за тыя незабыўныя пачуцці, якія яны абуджаюць у сэрцах сваіх вучняў, — сказаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук, ініцыятар праекта. — У жыцці кожнага з нас была першая настаўніца, якую мы з асаблівай удзячнасцю ўспамінаем усё жыццё. І няхай гэты помнік стане сімвалам нашага шчырага прызнання ім за тую любоў і цеплыню, якую мы заўсёды адчувалі.
У гэтым помніку кожны ўбачыць вобраз сваёй настаўніцы. Вобразы гэтыя будуць рознымі і ў той жа час агульнымі ў сэнсе добрых і прыгожых пачуццяў. Пра тое, што настаўнік — не проста горда гучыць, сказаў намеснік міністра адукацыі Азербайджанскай Рэспублікі Фірудзін Гурбанаў: “У Азербайджане “настаўнік” — афіцыйная форма звароту да вышэйшых па пасадзе асоб, якая выражае павагу да іх. У гэтым звароце глыбокі сэнс і стаўленне да самой прафесіі, якая, бадай, самая важная: ад таго, якім выхавае настаўнік грамадзян, залежыць будучыня кожнай краіны, кожнага народа”.
Прысутным, большасць з якіх — будучыя педагогі, сваё разуменне настаўніцтва раскрылі і пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў.
— Ёсць вядомая фраза, што місія настаўніка заключаецца ў тым, каб распаліць агонь у душах дзяцей. Мабыць, гэта занадта пафасна, але разам з тым гэта не такая і лёгкая задача, — адзначыла “Настаўнік года-2011” Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна. — Перш чым убачыць гэты агеньчык, адчуць яго цяпло і раздзьмуць, трэба прайсці і праз едкі дым — горыч і слёзы.
І няхай ганарацца сваімі адкрыццямі вучоныя, няхай доўга гавораць пра асаблівую важнасць сваёй місіі медыкі, святары, дзяржаўныя дзеячы, але, калі ў клас уваходзіць настаўнік і пачынаецца ўрок, будучыня чалавецтва знаходзіцца ў яго руках. І няхай гэты ўнікальны твор сучаснага манументальнага мастацтва стане верным напамінам студэнтам і абітурыентам пра важнасць педагагічнай прафесіі і дапаможа ўсім педагогам штодзень знаходзіць у сабе сілы для пакарэння новых вяршынь.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.