У панядзелак у Беларусі завяршыўся Тыдзень устойлівага развіцця-2015. На працягу месяца па краіне прайшло больш за 120 мерапрыемстваў. На нацыянальным узроўні ладзіліся круглыя сталы, канферэнцыі, навуковыя кафэ. У віры падзей аказаліся жыхары не толькі буйных гарадоў, але і райцэнтраў, вёсак. Для Мсціслаўскага раёна ўстойлівае развіццё стала і тэмай тыдня, і часткай праграмы “Лідарства ў мясцовых суполках”. Лагічным працягам праграмы быў маладзёжны фестываль “Кіруй сваім лёсам!”, якім педагогі і навучэнцы завяршылі тыдзень.
Ужо тры гады на Мсціслаўшчыне дзейнічае інтэрнэт-партал “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен”, які ў мінулым годзе атрымаў статус Рэсурснага цэнтра анлайн-падтрымкі практыкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. У гэтую партнёрскую сетку аб’ядналіся настаўнікі і выхаванцы Ходасаўскай сярэдняй школы, Мсціслаўскай гімназіі і Падсолтаўскай сярэдняй школы — дзіцячага сада. Майстэрня стала адкрытай пляцоўкай для жыхароў усіх трох населеных пунктаў. Іх узаемадзеянне мае не толькі прыстаўку анлайн-, хаця віртуальныя перамовы і кансультацыі сталі неад’емнай яго часткай — партал мае некалькі гучных узнагарод, сярод іх —“Лепшы сеткавы праект” і “Лепшы школьны сайт пра ШПІРЭ”. Інтэрактыўныя акцыі “Экскурсія ў тэхнапарк: навучы бацькоў лічыць”, “Наш край Мсціслаўскі”, “Другое жыццё адходаў”, “Энергазберажэнне і Я”, інтэрактыўны праект “Мой экалагічны след” па даследаванні экалагічнага “следу” жыхароў раёна — гэтыя і мноства іншых праектаў былі рэалізаваны майстэрняй. Дзякуючы сеткаваму ўзаемадзеянню, на працягу апошняга навучальнага года школы-партнёры сталі самымі актыўнымі ўдзельнікамі праграмы “Лідарства ў мясцовых суполках”, якую ў Беларусі рэалізоўвае асветніцкая ўстанова “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый”.
Апошнія гады моладзі, якая імкнецца палепшыць жыццё ў сваім рэгіёне, дадзена зялёнае святло. Асабліва адчувальна гэта з далучэннем Беларусі да міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Але, як адзначае Марына Корж, вядучы спецыяліст па праграмнай дзейнасці згаданай установы, дыялог моладзі з мясцовымі ўладамі больш канструктыўны ў гарадах. У сельскай мясцовасці часта паўнамоцтваў у моладзі куды менш. Што тычыцца аграгарадка Ходасава і яго партнёраў, то ён у гэтым плане вызначаецца ў многім дзякуючы настаўніку інфарматыкі і каардынатару “Інтэлектуальнай майстэрні ўстойлівых перамен” Аляксандру Сямёнаву.
Аграгарадок Ходасы невялікі, у ім менш за дзве тысячы жыхароў, але інфраструктура тут вельмі развітая. Напрыклад, тут ёсць цудоўны спартыўны цэнтр “Алімп”, басейн, трэнажорная зала, вялікая спартыўная зала. Але пры гэтым абдзеленымі аказаліся малышы. Як вынік заклапочанасці жыхароў аграгарадка — у самым разгары будаўніцтва вялікай пляцоўкі, сродкі для якой прадаставіў рэгіянальны фонд мясцовага развіцця. Ужо гэтым летам яна сустрэне і мясцовую дзятву, і маленькіх гасцей, якія штогод прыязджаюць да сваіх бабуль і дзядуляў. На пляцоўцы будуць і куточкі рэлаксацыі для мам, а ратаваць ад летняй спякоты будзе фантан. Можна будзе нават кніжку з сабой прыхапіць: за дзецьмі на пляцоўцы будуць наглядаць супрацоўнікі паста МНС, які будзе пабудаваны побач. Гэта вынік супрацоўніцтва Ходасаў з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях.
Ва ўвагу жыхароў Ходасаў трапілі і іншыя актуальныя для аграгарадка праблемы. Калі ліквідаваць звалкі ў лесе дастаткова было некалькіх суботнікаў, то абсталяваць прыпынкі плануецца ў найбліжэйшы час. Хутка не будзе чэргаў на мясцовым чыгуначным вакзале — адным з нямногіх у краіне, дзе білеты выпісваюць уручную, — тут з’явяцца камп’ютары.
Сакрэт атрымання сродкаў для патрэб жыхароў Аляксандр Сямёнаў не хавае: “Галоўнае — знайсці аднадумцаў. І не толькі сярод навучэнцаў: у камандзе абавязкова павінны быць і іх бацькі, жыхары пасёлка. Яны павінны быць не проста выканаўцамі просьбаў пакасіць ці прыбраць тэрыторыю. Жыхары Ходасава, Падсолтава, Мсціслава прымаюць удзел ва ўсіх трэнінгах, якія праводзяцца ў межах праекта, на якіх вучацца ініцыятыўнасці. Таму да чыноўнікаў мы прыходзім не з просьбамі, а з ідэямі. І чым актуальней гэтыя ідэі, тым больш шансаў знайсці і маральную падтрымку, і фінансавую”.
І тую і другую падтрымку атрымалі праекты навучэнцаў, якія яны прадставілі на фестывалі “Кіруй сваім лёсам”. Да іх далучыліся эксперты, прадстаўнікі мясцовай улады і мясцовай суполкі, бацькі. На фестывалі навучэнцы прадстаўлялі міні-праекты, якія хацелі б ажыццявіць. Кожная з шасці каманд расказвала пра тое, як яны будуць рэалізоўваць свае ініцыятывы і, калі трэба, знаходзіць для гэтага рэсурсы.
Ідэі тычыліся розных кірункаў. Напрыклад, навучэнцы гімназіі Мсціслава прапанавалі праект “Кола гісторыі”. Гэта будзе вучнёўска-настаўніцкі тандэм, бо ў план гісторыі ўвайшлі не толькі прызнаныя славутасці горада, але і малавядомыя. Падсолтаўская базавая школа славіцца значнымі спартыўнымі дасягненнямі, але ў яе няма спартыўных трэнажораў. У школе спадзяюцца, што хутка сітуацыю ўдасца змяніць. Нядаўна ходасаўцы прывялі ў парадак пустку за чыгункай. Сёння гэта тэрыторыя для адпачынку. Але школьнікі збіраюцца стварыць тут маладзёжную пляцоўку, дзе можна будзе вечарамі пагуляць у настольныя гульні, паспяваць песні пад гітару. Тут жа падлеткі будуць даваць адно аднаму ўрокі ігры на гітары. Прапанаваў сваю дапамогу, у прыватнасці ў будаўніцтве альтанак, старшыня Ходасаўскага сельсавета Анатоль Юр’евіч Пруднікаў. Яшчэ адна ініцыятыва падтрымана маладзёжным адукацыйным цэнтрам “Фіяльта”: яе спецыялісты правядуць для моладзі Мсціслаўшчыны майстар-класы па вядзенні кінадыскусій. У цэнтры абмеркавання будуць лепшыя ўзоры кінематографа.
Галоўнай падзеяй гэтага лета стане лагер для маладзёжных лідараў. Хоць лідарскія змены, на якіх павышае кваліфікацыю актыўная моладзь, прывычныя для летнікаў, але сутнасць гэтага — знаходзіць людзей, якія будуць разам абмяркоўваць і ажыццяўляць цікавыя і неабходныя для раёна праекты. Падобны вопыт у навучэнцаў гэтай школы быў, але даўно. Некалькі гадоў запар Аляксандр Уладзіміравіч Сямёнаў арганізоўваў для дзяцей выязныя лагеры з эканамічным ухілам у Нарачанскі край. У якасці экспертаў ён запрашаў вопытных эканамістаў, выкладчыкаў эканомікі, якія вучылі дзяцей ствараць свае ўласныя жыццядзейныя праекты, у прыватнасці школьныя бізнес-кампаніі. Як вынік — дзеці сталі перамагаць на рэспубліканскіх алімпіядах па эканоміцы, на Рэспубліканскім адкрытым фестывалі-конкурсе па эканоміцы і прадпрымальніцтве сярод моладзі “Лесвіца поспеху” яны таксама на высокіх пазіцыях. З прапановай аднавіць гэтую традыцыю (толькі на базе створанага ў раёне летніка) прыйшоў да школьнікаў на фестываль начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мсціслаўскага раёна Валерый Сяргеевіч Харытонаў. І ўжо гэтым летам навучэнцы школ будуць абмяркоўваць будучыя праекты, іх эфектыўнасць, сацыяльную значнасць і акупнасць.
А праграму летніка прапанавалі вучні. Акрамя эканамічнага, тут будуць аб’яднаны краязнаўчы і турыстычны аспекты. Напрыклад, дзеці хочуць не проста хадзіць у паходы, а вывучаць гісторыю вёсак, якія знікаюць і ў якіх засталося па некалькі жыхароў. Каб не знікла гісторыя гэтых вёсак, дзеці збіраюцца здымаць пра гэта відэа. Свае пробныя здымкі яны правядуць ужо на гэтых выхадных. Першымі будуць вёскі Валоўнікі і Добрае. Школьнікі спадзяюцца, што іх гісторыя будзе цікавай іншым. Напрыклад, яны ўпэўнены, што звестка пра знойдзеныя тут пахаванні французскіх салдат вайны 1812 года будзе цікавай для французскага пасольства. Некаторая інфармацыя папоўніць гісторыю Руска-шведскай вайны і Палтаўскай бітвы. Так, маршрут намечаны, колы веласіпедаў падпампаваны, батарэі для відэакамеры заражаны. Але, гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч, гэтыя здымкі будуць толькі пробнымі, бо сапраўдная аператарская і рэжысёрская работа іх чакае пасля навучання: майстар-класы для дзяцей правядуць у летніку спецыялісты.
Жаданне не даць вымерці гэтым вёскам адзначыў удзельнік журы віцэ-консул Пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь Сайман Беглін. Ён, як і многія яго суайчыннікі, — аматар праграм з падобным напаўненнем, якія трансліруе канал Бі-Бі-Сі.
Старшыня журы фестывалю дырэктар кансалтынгавай установы “Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу” Галіна Мацюшэнка адзначыла: “Прыемна бачыць, з якім натхненнем і запалам школьнікі абаранялі свае праекты. Яны гатовы ўвасабляць іх самі, сваімі рукамі, заручыўшыся дапамогай сяброў, мясцовых жыхароў. Яны не прапаноўваюць далёкія ад рэальнасці фантазіі, а хочуць мець магчымасць збірацца з сябрамі на ўтульнай пляцоўцы, пасядзець летнімі вечарамі ля кастра непадалёк дому, паспяваць любімыя песні і, канечне, пападарожнічаць па маленькіх вёсках свайго раёна, у кожнай з якіх — свая гісторыя, свая легенда. І пакуль вочы гэтых юнакоў і дзяўчат гараць аптымізмам, іх неабходна падтрымаць і дапамагчы паверыць у свае сілы, паказаць ім магчымасць першага асабістага ўдзелу ў грамадскім жыцці. І тады з іх вырастуць нераўнадушныя і актыўныя людзі!”
Святлана НІКІФАРАВА.