Мар’яна Давыдава — пра ролю ў рабоце з адоранымі дзецьмі школьнага навуковага таварыства «Шанс»

- 14:16Интервью

У сваёй рабоце дырэктар Мачулішчанскай сярэдняй школы Мар’яна Давыдава вылучае некалькі прыярытэтных кірункаў, найбольш важныя з якіх — дасягненні вучняў і прафесійны рост педагогаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На адной мове з вучнямі

— Мар’яна Давыдаўна, вы працуеце ў Мачулішчанскай сярэдняй школе больш як 40 гадоў, 18 з іх — на паса­дзе дырэктара. Што мянялі ва ўстанове і як мяняліся самі за гэты час?

— У 2007 годзе, калі стала дырэктарам, папрасіла калег паверыць мне, даць шанс стварыць такую школу, у якой будзе ўтульна ўсім, якой мы ўсе зможам ганарыцца. Сёння магу сказаць, што ў нас гэта атрымалася. Школа неаднаразова станавілася пераможцай па выніках спаборніц­тваў сярод устаноў адукацыі Мінскага раёна, прызнавалася лепшай за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі, па выніках са­цыяльна-эканамічнага развіцця з занясеннем на Дошку гонару Мінскага раёна. Наш калектыў узнагароджаны дыпломам Мінскага раённага выканаўчага камітэта ў намінацыі “Лепшая арганізацыя адукацыі”.

Важна ўсведамляць, што, якім бы дасведчаным і кампетэнтным ні быў кіраўнік, яму неабходна пастаянна і мэтанакіравана ўдасканальваць педагагічныя і асабістыя якасці, тым самым фарміруючы свой прафесійны імідж.

Сёння наш калектыў — гэта каманда аднадумцаў, дзейнасць якіх будуецца на прынцыпе супрацоўніцтва.

Асноўнымі напрамкамі работы Мачулішчанскай ся­рэдняй школы з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне, інавацыйная і праектная дзейнасць, дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне, пашырэнне кампетэнцый вучняў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, работа з адоранымі навучэнцамі і інш.

— Не так даўно ў вашу навучальную ўстанову прыйшлі 14 маладых спецыялістаў. На што звяртаеце ўвагу, прымаючы іх у каманду?

Падчас першай сус­т­рэчы цікаўлюся, чаму яны выб­ралі менавіта нашу школу. Першы год заўсёды няпросты, але ў нас за кожным маладым спецыялістам замацаваны вопытны педагог. Акрамя таго, з імі працуюць кіраўнікі вучэбна-метадычных аб’яднанняў, псіхолаг. Маладыя калегі часам пытаюцца ў мяне, чаму настаўнік павінен наву­чыць школьніка. Раней я сказала б: навучыць вучыцца. А зараз адкажу так: з любоўю глядзець на свет і на людзей, бо гэта самае важнае. У Мачулішчанскай сярэдняй школе наладжана сістэма работы з маладымі спецыялістамі. Гэта не толькі пра настаўніцтва, але і пра матэрыяльную падтрымку, метадычнае суправаджэнне. Як вынік — больш за 80% педагогаў пасля адпрацоўкі застаюцца ў школе.

— З вашых назіранняў, чым адрозніваецца сённяшняе пакаленне педагогаў ад вашага?

— Маладое пакаленне, якое прыходзіць у школу пасля УВА, перш за ўсё выклікае давер у вучняў: дзеці ім больш давяраюць, чым старэйшым педагогам. Маладыя нас­таўнікі вельмі мабільныя, яны выхаваны сучаснымі тэхналогіямі, а значыць, размаўляюць са школьнікамі на адной мове, маюць агульныя інтарэсы, могуць абмеркаваць навіны з розных інфармацыйных каналаў, сучасную музыку. Але самае галоўнае тое, што маладых калег не палохаюць цяжкасці. Я давяраю маладым і лічу правільным вучыцца ў іх новаму.

— У вашай школе створаны рэсурсны цэнтр Мінскага раёна па ідэалагічным і пат­рыятычным выхаванні моладзі. Які ў яго функцыянал і значэнне ў павышэнні эфектыўнасці выхаваўчай работы?

— Рэсурсны цэнтр Мінскага раёна па ідэалагічным і патрыятычным выхаванні моладзі пачаў працаваць у нашай установе адукацыі 6 сакавіка 2010 года. Для яго ў школе выдзелены кабінет, дзе збіраем увесь матэрыял па адпаведным кірунку работы. Педагогамі распрацавана дакументацыя, якая рэгламентуе дзейнасць гэтай структуры. Акрамя таго, на базе рэсурснага цэнтра сфарміравана творчае аб’яднанне класных кіраўнікоў кадэцкіх класаў “Перспектыва” і клуб бацькоў. Мачулішчанская сярэдняя школа супрацоўнічае з Варонежскім кадэцкім корпусам, Тамбоўскай абласной кадэцкай школай, Ніжагародскім кадэцкім корпусам Прыволжскай федэральнай акругі імя генерала арміі В.Ф.Маргелава. Дарэчы, наша ўстанова — актыўны ўдзельнік Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі.

Калі гаварыць пра арганізацыю асноўнай дзейнасці, то сваю работу рэсурсны цэнтр пачаў з удзелу ў праекце “Я — грамадзянін сваёй краіны”. У мінулым навучальным годзе завяршылі работу над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання эмацыянальна-каштоўнасных адносін вучняў да гераічнага мінулага беларускага народа праз выкарыстанне гісторыка-культурных рэсурсаў рэгіёна ў вучэбнай і пазакласнай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі”.

Асноўныя формы работы, якія прапануе рэсурсны цэнтр, — кансультаванне педагогаў, пра­вядзенне семінараў, адпрацоўка роз­ных форм і тэхналогій грамадзянска-пат­рыятычнага выхавання.

Унікальнасць кожнага

— Якая роля ў рабоце з адоранымі, матываванымі дзецьмі належыць школьнаму навуковаму таварыству “Шанс”?

— Для нас адным з прыя­рытэтных напрамкаў зас­таецца фарміраванне і развіццё інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу вучняў. Менавіта таму мы прыйшлі да неабходнасці рэалізаваць такі ўнутрышкольны праект, як “Укараненне мадэлі сіс­тэмнага падыходу ў суправаджэнні развіцця інтэлек­туальна адораных дзяцей”. Яго вынік — стварэнне школьнага навуковага таварыства “Шанс”, бацькоўскага клуба “Супер­дзіця” і правядзенне штогадовага, ужо брэндавага мерапрыемства “Тыдзень навукі”.

Хачу адзначыць адну з работ, якая мае практычнае значэнне не толькі для ўстановы адукацыі, але і для нашага пасёлка. Па выніках даследчай работы “Партызанскі і падпольны рух у Мачулішчах і Мінскім раёне”, якой зай­малася навучэнка Вікторыя Шайкіна, на тэрыторыі школы адкрылі памятны знак у гонар Аляксандраўскага падполля. Яно дзейнічала на тэрыторыі Мачулішчаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі важна, што памятны знак з’явіўся па ініцыятыве навучэнцаў і педагогаў, а гэта значыць, што мы правільна выхоўваем наша падрастаючае пакаленне.

Важную ролю ў выхаванні адораных дзяцей адыгрывае падтрымка дарослых. На пасяджэнні клуба “Супер­дзіця” мы запрашаем бацькоў тых навучэнцаў, якія праявілі сябе ў даследчай дзейнасці. Падчас размоў прэзентуем лепшыя распрацоўкі школьнікаў, расказваем, як дапамагчы ім у развіцці выяўленых здольнасцей. Дэвіз Мачулішчанскай школы — “Адзінства ўсіх і ўнікальнасць кожнага”. Гэта аснова нашай сумеснай работы па выхаванні таленавітай моладзі, якая імкнецца атрымаць новыя веды і развівае свае здольнасці на карысць краіны.

— Як, на ваш погляд, можна паўплываць на прафесійны рост педагогаў?

— Прафесійны рост педагогаў — гэта мнагамерны і шматфактарны працэс. Для мяне як для кіраўніка адной з найважнейшых задач з’яўляецца стварэнне такой культурна-педагагічнай прасторы, дзе для калег будуць важны­мі пастаяннае самаразвіццё, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці і прафесійная мабільнасць. Ухіл — на традыцыі, майстэрства і наватарства. Прафесія настаўніка спецыфічная. Практыка паказвае, што эфектыўна ву­чыць іншых можна толькі ў тым выпадку, калі кіраўнік сістэмна займаецца самаадукацыяй і самавыхаваннем. Працуючы з калектывам, удзяляю гэтаму многа ўвагі.

Кіраванне адукацыйным працэсам арганізавана па праектна-матрычнай сістэме, і ўсе без выключэння настаўнікі задзейнічаны ў пэўным праекце. Так, мы разам прымаем удзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне вучэбна-метадычнага забеспячэння выкладання факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” ў 5—9 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, а таксама ў педагагічным праекце Мінскага раёна “Ніколі не забы­ваць”. Яго ідэя — у развіцці экскурсійнай дзейнасці не толькі па памятных мясцінах, але і па школьных музеях устаноў адукацыі раёна.

Акрамя таго, у нас распрацаваны педагагічны праект, які дапамагае вучням у раннім прафесійным самавызначэнні. На ўсіх ступенях навучання выкарыстоўваем комплекснае азнаямленне школьнікаў з рознымі прафесіямі. Традыцыйна ў тыдні навукі прымаюць удзел выпускнікі школы, якія займаюцца навуковай дзейнасцю. Пяты год запар падчас летніх канікул практыкуем метад прафесійных проб на прадпрыемствах нашага пасёлка. Метадычны савет школы распрацаваў комплекс мерапрыемстваў, у ліку якіх работа ў творчых групах і вучэбна-метадычных аб’яднаннях, даследчая, інавацыйная дзейнасць педагогаў, трансляцыя для педагогаў Мінскага раёна і вобласці, актыўны ўдзел у педагагічных конкурсах і фестывалях.

— Мар’яна Давыдаўна, над якімі праектамі, ідэямі бу­дзе працаваць ваш калектыў у гэтым навучальным годзе?

— Школа жыве клопатамі аб тым, каб вучні з ахвотай ішлі на ўрокі, а настаўнікі з энтузіязмам працавалі. Заўсёды радуюся поспехам дзяцей, ганаруся, што ў нас моцны педагагічны калектыў. У планах — развіваць і пашыраць профільнае навучанне. Таксама будзем узмацняць інфармацыйна-тэхналагічны бок адукацыйнага працэсу, працаваць над рэалізацыяй праектаў розных узроўняў, разві­ваць ваенна-патрыятычны клуб “Сокал”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА