Мара стала прызваннем

- 11:31Людзі адукацыі

Педагогіку ў якасці прафесіі настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 18 Магілёва Наталля Трыхмінава выбрала без якіх-небудзь роздумаў і пошукаў. З самых ранніх дзіцячых гадоў дакладна вырашыла — будзе настаўніцай.

У многім на гэтае імкненне паўплывала тое, што і бабуля, і мама ў яе таксама педагогі. Дома заўсёды было шмат размоў пра школу, вучняў, адзнакі. Добры прыклад родных у нейкай ступені паспрыяў прафесійнаму выбару, але галоўную ролю адыграла ўсё ж невычэрпная любоў да дзяцей.
— Я заўсёды займалася з вучнямі малодшых класаў. Была піянерважатай, наглядала за дзецьмі ў школьных летніках, — успамінае Наталля Пятроўна.
Сярэднюю школу яна скончыла ў Будапешце. З Магілёва ў Венгрыю сям’я перабралася ўслед за бацькам-вайскоўцам. Аднак, атрымаўшы атэстат і залаты медаль, працягваць адукацыю Наталля Трыхмінава прыехала ў родны горад на Дняпры. Не здрадзіўшы дзіцячаму імкненню, дакументы на паступленне падала на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова.— Мама заўсёды гаварыла мне: “Мара — гэта зерне, а ці ператворыцца яно ў прыгожую расліну — залежыць ад самога чалавека”. Я не адмовілася ад мары, і жаданая прафесія стала прызваннем, — гаворыць Наталля Пятроўна.
Сёння за яе плячыма сорак гадоў педагагічнай дзейнасці, або 348 маленькіх выпускнікоў. За гэты час выпрацавана ўласная методыка навучання, якая грунтуецца не толькі на прывіцці дзецям першасных ведаў, уменняў вучыцца самастойна, але і на ўсебаковым духоўна-маральным выхаванні. Да кожнага малыша ў яе індывідуальны падыход, які прыводзіць іх да максімальнай паспяховасці.
— Дзеці павінны ісці ў школу з радасцю. Дасягнуць гэтага проста: любы ўрок неабходна зрабіць для вучняў адкрыццём, — адзначае Наталля Трыхмінава.
На яе думку, не трэба забываць і пра маральную падтрымку навучэнцаў. Варта часцей хваліць дзетак за іх штодзённыя дасягненні, за ўсе добра выкананыя заданні.
— Слова “малайчына” часта становіцца той сілай, якая рухае вучняў да далейшага развіцця, — лічыць Наталля Пятроўна.
У гэтай неардынарнай настаўніцы няма аднолькавых заняткаў, усе яны нестандартныя, займальныя. На ўроках яна актыўна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, розныя формы і метады навучання. А яшчэ гарманічна сумяшчае ў выкладанні дабрыню і патрабавальнасць у адносінах да дзяцей. Яе маленькія вучні гэта адзначаюць.
— Наталля Пятроўна строгая, але добрая. А яшчэ яна нас разумее і любіць, — гавораць навучэнкі 2 класа Лізавета Хлобыстава і Кацярына Лушчанка.
— Яна самая лепшая настаўніца! — шчыра дадае яшчэ адзін другакласнік Арцём Сініцкі.
Дырэктар школы Сяргей Боніч характарызуе Наталлю Трыхмінаву як творчага і захопленага педагога.
— Сапраўдны майстар сваёй справы. Знаходзіцца ў пастаянным прафесійным пошуку, што павышае якасць адукацыйнага працэсу. А яшчэ ў яе выдатная сістэма ўзаемадзеяння з бацькамі, што таксама станоўча ўплывае на паспяховасць вучняў, — заўважае Сяргей Барысавіч.
З бацькамі вучняў у яе на самай справе наладжана цесная ўзаемасувязь. Выхаваўчых мерапрыемстваў у сваіх класах настаўніца праводзіць мноства, і ва ўсіх абавязкова задзейнічаны бацькі. Прычым мамы і таты захоплена ўдзельнічаюць у арганізаваных святах, спартландыях, экскурсіях.
— Мы, дзякуючы намаганням Наталлі Пятроўны, пабывалі ў многіх цікавых турыстычных месцах, сталі лепш разумець сваё дзіця. Адметна і тое, што любога вучня гэты педагог выводзіць на высокі ўзровень паспяховасці, — адзначае настаўніца гісторыі школы мама аднаго з навучэнцаў Аэліта Храбтовіч.
Навучэнцы Наталлі Трыхмінавай ужо могуць пахваліцца дасягненнямі. За апошнія некалькі гадоў яны заваявалі сем прызавых дыпломаў на раённых “малышовых” алімпіядах, пераможны дыплом на гарадскім конкурсе даследчых работ. Паспяхова выступаюць яны і на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы “Кенгуру”.
Наталля Пятроўна з’яўляецца настаўнікам-метадыстам, мае званні выдатніка народнай адукацыі БССР і выдатніка асветы РСФСР, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”. Аднак не гэта для яе галоўнае ў рабоце. Бывае, у канцы ўрока дзеці абступаюць свайго педагога і дзякуюць за веды, часта з удзячнасцю заходзяць і выпускнікі.
— Такія моманты і ёсць мая самая каштоўная працоўная ўзнагарода, — упэўнена гаворыць настаўніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.