Мара жыве ў вучнях

- 10:56Людзі адукацыі

Педагагічны стаж Людмілы Сезік складае амаль 21 год. Сёння яна шчыруе трэнерам-выкладчыкам у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна. А пачынала Людміла Уладзіміраўна з Мельніцкай базавай школы, куды была накіравана па размеркаванні пасля заканчэння спартыўнага факультэта тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Шлях у педагогіку для Л.У.Сезік пачынаўся з пасады старшай піянерважатай.

— Гэта была добрая школа вопыту і станаўлення як спецыяліста, — гаворыць Людміла Уладзіміраўна. — Многаму навучыла мяне тагачасны дырэктар Кацярына Ківачук, парадамі якой карыстаюся да гэтага часу.

Першы працоўны дзень у школе алімпійскага рэзеру Л.У.Сезік ніколі не забудзе. Для ажыццяўлення запаветнай дзіцячай мары спатрэбіўся не адзін год настойлівых трэніровак і работы над сабой.

— Да гэтага ішла паступова і мэтанакіравана, — расказвае Людміла Уладзіміраўна. — З будучай прафесіяй вызначылася ўжо ў 4 класе. Калі працавала на ўроку над сачыненнем на тэму “Кім я хачу быць, калі вырасту”, не раздумваючы, напісала, што бачу сябе толькі дзіцячым трэнерам у спартыўнай школе. Іншыя прафесіі мяне мала цікавілі. Я сур’ёзна засяродзілася толькі на адной. З дзяцінства займалася гандболам. Вельмі ўдзячна бацькам за падтрымку.

Л.У.Сезік расказвае пра любімую справу з вялікім задавальненнем. Спачатку, прызнаецца, было цяжкавата, але адсутнасць вопыту кампенсавалася шчырым жаданнем працаваць. Невядома, як склаўся б далейшы лёс Людмілы Уладзіміраўны, каб на яе жыццёвым шляху не з’явілася сённяшні заслужаны трэнер Беларусі, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па гандболе, метадыст вышэйшай катэгорыі Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Раіса Фёдараўна Грэбень. Імя гэтай жанчыны, якая больш за 25 гадоў аддала трэнерскай рабоце, залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна. Таленавіты педагог, мэтанакіраваны чалавек, Р.Ф.Грэбень праз усё жыццё пранесла любоў да сваёй справы і навучыла гэтаму іншых. За час работы ў Маларыце яна захапіла гандболам больш за 700 дзяўчат, у тым ліку і Людмілу Сезік.

— Заняткі ў секцыі гандбола заўсёды чакала з нецярпеннем, — успамінае Людміла Уладзіміраўна. — Вельмі хацелася стаць падобнай да свайго трэнера: адносінамі да справы, у якую яна ўкладвала ўсю душу, і да дзяцей. Таму імкнулася не прапускаць ніводных заняткаў. На трэніроўку па гандболе нават з тэмпературай прыходзіла. Гэтым відам спорту літаральна жыла.

Людмілу Сезік хутка заўважылі: сталі ўключаць у склад каманд, якія выступалі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Неаднаразова выхаванцы педагога станавіліся пераможцамі спаборніцтваў па гандболе рознага ўзроўню. З 2005 да 2009 год Л.У.Сезік з’яўлялася старшым трэнерам каманды Брэстчыны па гандболе.

Сёння ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву Маларыцкага раёна Людміла Уладзіміраўна працуе з трыма гандбольнымі групамі дзяўчат і групай юнакоў. Адна з асноўных задач, якую трэнер ставіць перад сабой, — выхаваць любоў да гандбола, выявіць будучых спартыўных зорак, раскрыць іх здольнасці, навучыць настойліва ісці да пастаўленай мэты, не апускаць рукі перад цяжкасцямі, расці прафесійна, удасканальваць майстэрства і не спыняцца на дасягнутым.

— Сілы для работы чэрпаю ў сям’і і гандболе, — прызнаецца Л.У.Сезік. — Ва ўсім знаходжу падтрымку ў мужа, які таксама выдатна гуляе ў гандбол. З гэтым відам спорту сябруе і старэйшая дачка, якая некалькі гадоў выступала ў складзе каманды БДЭУ. Малодшая дачка наведвае секцыю па гандболе і таксама плануе стаць гандбалісткай. Усё гэта стымулюе працаваць яшчэ больш старанна, адказна і самааддана. Пра што мару? Мая мара жыве ў вучнях, іх спартыўных дасягненнях. Як і любы трэнер, спадзяюся, што мае юныя гандбалісты, дзякуючы свайму майстэрству, змогуць гуляць і за зборную краіны.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.