Экзаменацыйны марафон бяспекі прайшоў шосты раз на базе філіяла Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС у Барысаве.
У гэтым годзе гонар прадставіць свае рэгіёны выпала студэнтам і навучэнцам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Салігорскага горна-хімічнага каледжа.
“Залік па бяспецы” — так жартам назвалі першае спаборніцтва ўдзельнікі. Праверыць веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці адправіліся камандамі ў поўным скла-дзе — па 4 дзяўчыны і 6 юнакоў, якія адказвалі на 50 тэставых пытанняў. Набраць максімальную колькасць балаў удалося студэнтам акадэміі авіяцыі.
Затым канкурсанты прыступілі да творчых спаборніцтваў. Конкурсы “Шлягер бяспекі” і “Відэаролік” традыцыйна праходзяць у вячэрні час і маюць асаблівую тэатральную атмасферу. Маладыя людзі рыхтуюцца загадзя, гэта своеасаблівае дамашняе заданне для кожнай каманды, таму ўдзельнікі стараюцца не толькі ўвасобіць задуманае, але і імправізаваць. Пры дапамозе мастацтва студэнты расказалі пра свае ўстановы адукацыі, бяспеку, прафесію ратавальніка-пажарнага і зрабілі гэта ярка, артыстычна, весела. Лідарам тут стала каманда з Віцебска, а лепшы відэаролік, на думку журы, быў у студэнтаў Гродзенскага ўніверсітэта.
Наступны дзень быў насычаным, складаным і ў той жа час цікавым. Хапіла і драйву, і слёз, і эмоцый. На палігоне, дзе ў звычайныя дні трэніруюцца прафесійныя ратавальнікі, моладзь чакалі сур’ёзныя выпрабаванні — конкурсы “Паласа перашкод” і “Надзвычайныя сітуацыі тэхнагеннага характару”, які ўключаў у сябе некалькі змадэляваных небяспечных сітуацый: ДТЗ, НС у падземным пераходзе, НС на прамысловым аб’екце, НС у самалёце, здарэнне ў кватэры. Студэнты паспрабавалі сябе ў ролі ратавальнікаў, адчулі ўсю складанасць і адказнасць гэтай прафесіі. А каб да канца пагрузіцца ў рэальнасць, удзельнікі працавалі ў сапраўдных баявых касцюмах ратавальнікаў, прычым не толькі хлопцы, але і дзяўчаты.
Па выніках першага конкурсу лідарамі сталі прадстаўнікі Гомельскага ўніверсітэта транспарту. Што тычыцца “НС тэхнагеннага характару”, то тут перамагла каманда з Магілёўскай вобласці.
У апошні дзень спаборніцтваў камандам неабходна было справіцца з надзвычайнай сітуацыяй на вадзе — выявіць небяспечны груз, з дапамогай плыта пераправіцца на процілеглы бераг, пераадолець навясную пераправу. Маладыя людзі бліскуча справіліся і з гэтымі задачамі. Хутчэй за ўсіх дасягнулі фінішу навучэнцы горна-хімічнага кале-джа. Цяжкі дзень спаборніцтваў завяршыўся конкурсам па аказанні першай дапамогі. Найбольш аператыўнымі і ўмелымі тут аказаліся гомельскія студэнты.
Па выніках трох дзён месцы размеркаваліся наступным чынам: 3-е месца занялі студэнты з Салігорскага дзяржаўнага горна-хімічнага каледжа, 2-е месца — у студэнтаў сельскагаспадарчай акадэміі, 1-е — у прадстаўнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту.
Сустрэцца са студэнтамі і ўзнагародзіць удзельнікаў прыехалі кіраўнікі трох міністэрстваў — міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр аховы здароўя Валерый Малашка і міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка.
Цэнтр прапаганды МНС Рэспублікі Беларусь.