Марафон дабрыні

- 9:48Авторские колонки, Ремарка

Словазлучэнне “нашы дзеці” ў Беларусі нікога не пакідае раўнадушным. Таму што для нас, беларусаў, няма чужых дзетак, усе яны нашы, агульныя, любімыя, свае.

Наталля КАСТЭНКА

Пяшчотай і любоўю ў кожным сэрцы адгукаюцца словы “нашы дзеці”, выбраныя ў 1995 годзе для назвы акцыі, ініцыіраванай Прэзідэнтам Рэспуб­лікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Вось ужо амаль 30 гадоў хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх рэгіёнаў краіны атрымліваюць падарункі і неабходную дапамогу ў час самых доўгачаканых свят — Новага года і Раства Хрыстова.

Сёлета традыцыйная акцыя “Нашы дзеці” пройдзе ў перыяд з 16 снежня 2024 года да 15 студзе­ня 2025 года. Яе задача — акружыць клопатам і цяп­лом маленькіх беларусаў, асабліва тых, хто трапіў у няпростую жыццёвую сітуа­цыю: пацыентаў дзіцячых бальніц і рэабілітацыйных цэнтраў, а таксама выхаванцаў дзіцячых дамоў ся­мейнага тыпу, школ-інтэрнатаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і г.д. Задача дарослых — падарыць свята ўсім дзеткам, у тым ліку тым хлоп­чыкам і дзяўчынкам, якія маюць вострую патрэбу ва ўвазе, падарыць навагодні настрой і веру ў цуд кожнаму дзіцяці.

Акрамя акцыі “Нашы дзеці”, таксама па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы з 26 снежня 2024 года да 15 студзеня 2025 года пройдзе дабрачынная акцыя для пажылых людзей “Ад усёй душы”. Мэта гэтага праекта — праява клопату і ўвагі да старэйшага пакалення, максімальнае далучэнне да акцыі навучэнцаў і студэнтаў, развіццё сувязі ў фармаце “ад дзяцей — пажылым людзям”. Дзецям важна даваць праяўляць свае найлепшыя душэўныя якасці: міласэрнасць, даб­рыню, любоў і спагаду да чалавека.

Людзі залатога ўзрос­ту, якія знаходзяцца ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, бальніцах сяст­рынскага догляду, сустрэнуцца ў гэтыя навагоднія дні з маладым пакаленнем беларусаў. Гэта будуць цёплыя сустрэчы за чаяваннем, канцэрты і тэатралізаваныя паказы. Асаблівая ўвага — доўгажыхарам, якія ў перыяд акцыі адзначаць свой юбілей. Да дзіцячых і мала­дзёжных віншаванняў мо­жа далучыцца любы жадаючы.

На маю думку, нездарма гэтыя дзве акцыі прахо­дзяць у адзін час. Сталасць развіцця грамадства вызначаецца ў тым ліку стаўленнем да найменш абароненых яго членаў. Падарыць свята кожнаму дзіцяці — гэта ўжо не проста прыгожы лозунг, а лад жыцця нашых землякоў. І што можа быць лепш, чым стварыць навагодні настрой людзям сталага веку, якія ўсё сваё жыццё працавалі на ка­рысць нашай Бацькаўшчыны, славілі яе і заслужылі, каб пра іх памяталі і імі ганарыліся!

У Мінскай вобласці акцыя стартуе абласным інклюзіўным фестывалем творчасці “Запалі сваю зорку”, які пройдзе ў Стаўбцоўскім раёне і збярэ каля 300 дзяцей са сталічнага рэгіёна. Таксама ў гэты перыяд на Міншчыне пройдзе “Марафон добрых спраў” для дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных, няпоўных сем’яў, дзяцей-сірот, дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інва­лідаў, а таксама навучэнцаў, якія дасягнулі выдатных вынікаў у вучобе і грамадскім жыцці. А завяршыцца акцыя “Нашы дзеці” ў Мінскай вобласці фіналам абласнога конкурсу “Вучань года — 2024” на базе Слуцкага раёна.

Віцебшчына святочна адкрые акцыю “Нашы дзеці” запальваннем агнёў на ёлцы на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра. Абласны навагодні баль для студэнтаў і кадэтаў адбудзецца 19 снежня, а абласная даб­рачынная ёлка для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і дзяцей-сірот — 26 і 27 снежня. Не забу­дуць у рэгіёне і пра пажылых людзей: для іх калядны баль пройдзе 8 студзеня 2025 года.

Прыкладна такі ж расклад на марафон дабрыні і ў астатніх рэгіёнах нашай краіны. Кожнае дзіця атрымае падарунак. Ніводны пажылы чалавек не застанецца без увагі. Але самае галоўнае, што акцыі “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы” яднаюць і згуртоўваюць нас, беларусаў, дэманструючы ўсім: мы адзін народ, адна нацыя.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА