Марафон даўжынёю ў жыццё

Настаўнік Уладзімір Аляксеевіч Лебядзеў усё сваё жыццё прысвяціў лепшай у свеце прафесіі. Нарадзіўся ён у 1929 годзе ў вёсцы Талочкі Гродзенскага раёна, якая знаходзіцца паблізу Жытомлі. Скончыў Жытамлянскую сямігодку, потым Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, далей нёс службу ў Германіі. І, нарэшце, у 1956 годзе набыў першае і адзінае месца працы — настаўнік фізічнай культуры Жытамлянскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна. Падчас працы спаткаў сваё першае і адзінае каханне, ажаніўся з настаўніцай пачатковых класаў Галінай Мікалаеўнай Лебядзевай. Як дбайны гаспадар Уладзімір Аляксеевіч пабудаваў свой дом, выгадаваў дзвюх дачок, дапамагае выхоўваць траіх унукаў.

Фота да матэрыялу: Марафон даўжынёю ў жыццё.За гэтымі скупымі радкамі біяграфіі — яркае жыццё, напоўненае працай для роднай школы, роднай вёскі, сваіх землякоў. Штодзённым клопатам Уладзіміра Аляксеевіча на працягу ўсёй яго педагагічнай дзейнасці і сёння з’яўляецца ўмацаванне здароўя, паляпшэнне працаздольнасці, фарміраванне ў падрастаючага пакалення высокіх маральных якасцей, неабходнасці ў сістэматычных занятках фізічнай культурай. Настаўнік з’яўляецца прыкладам для дзяцей і дарослых у паводзінах, здаровым ладзе жыцця. Актыўная жыццёвая пазіцыя не дазваляе Уладзіміру Аляксеевічу заставацца ў баку ад праблем выхавання падрастаючага пакалення. Яшчэ ў 1981 годзе ён з’явіўся ініцыятарам адкрыцця клуба аматараў бегу “Бодрость”, які сёння праводзіць прабегі, прысвечаныя Дню Вялікай Перамогі на абласным узроўні. Уладзімір Аляксеевіч абавязковы іх удзельнік.

Дружалюбны, добразычлівы, спагадлівы і мудры чалавек, побач з якім адчуваеш сябе камфортна, бо ўвесь свой вялікі практычны вопыт і жыццёвую мудрасць ён стараецца перадаць маладым педагогам, дапамагчы ім паверыць у свае сілы і здольнасці.

Прафесійныя і творчыя дасягненні У.А.Лебядзева не раз адзначаліся шматлікімі ўзнагародамі. У 1956 годзе ён стаў чэмпіёнам БССР па лёгкай атлетыцы (кап’ё), у 1964-м годзе атрымаў нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы”; у 1966 годзе быў узнагароджаны медалём “За трудовую доблесть”, у 1967-м годзе яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік БССР”.

Усім гэтым званням ён адпавядае. Любіць і паважае людзей, хоць адносіцца да іх прынцыпова. Яго справа жыве і працягваецца ў вучнях, якіх ён выпусціў амаль дзве тысячы за 52 гады. Заўсёды, калі сустракаешся і размаўляеш з Уладзімірам Аляксеевічам, цяжка стрымліваць эмоцыі, бо менавіта гэты чалавек дапамог у прафесійным станаўленні і мне, настаўніцы з 40-гадовым стажам, і многім маім калегам па працы.

На кожным вечары сустрэчы з выпускнікамі яго віншуюць усе навучэнцы, таму што педагагічны талент і яго лад жыцця ўяўляюць сабой сплаў якасцей, якія і вызначаюць Настаўніка з вялікай літары.

Валянціна ЖУК,
настаўніца геаграфіі Жытамлянскай базавай школы Гродзенскага раёна.