Маральнасць — аснова жыцця

- 12:26Нам пішуць

Адзін з эфектыўных спосабаў вырашэння задач духоўна-маральнага выхавання ў нашай школе — арганізацыя работы гуртка “Асновы праваслаўнай культуры”, якім кіруе Людміла Антонаўна Захарэвіч, настаўніца англійскай мовы і класны кіраўнік 7 “В” класа. Мэта гуртка — дапамагчы дзіцяці разабрацца ў свеце духоўных каштоўнасцяў, вырашыць уласныя праблемы, спасцігаючы законы дабра, маральнасці і духоўнасці.

Прыемна, што шмат вучняў захацела запісацца ў гэты гурток і наведваць яго ў шосты школьны дзень. Работа гуртка носіць як тэарэтычны, так і практычны характар: наведванне духоўных устаноў, паездкі ў манастыры і храмы, а таксама сустрэчы са святарамі.

Адна з такіх сустрэч, прысвечаных праблемам сучаснага падлетка і шляхам іх вырашэння, прайшла ў лютым для навучэнцаў 7-х класаў. Айцец Аляксандр Дзяшук, святар храма Праабражэння Гасподняга г. Смаргоні, з радасцю прыняў запрашэнне пагутарыць з дзецьмі. Такое мерапрыемства ён праводзіў упершыню і быў прыемна здзіўлены зацікаўленасцю вучняў духоўна-маральнай тэматыкай. На самай справе, тых, хто пажадаў трапіць на гэту сустрэчу, аказалася нашмат больш, чым планавалася, а пытанні, якія задавалі вучні, аказаліся цікавыя і злабадзённыя.

Мерапрыемства прайшло ў душэўнай атмасферы з кубкам салодкага чаю і смачнымі пачастункамі. Цёплая гутарка, прыязнасць і павага — так можна ахарактарызаваць гэтую сустрэчу.

У найбліжэйшай будучыні Людміла Антонаўна з гурткоўцамі плануе наведаць Свята-Уведзенскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр у вёсцы Багушы, царкву Святога Духа ў вёсцы Сукневічы, а таксама іншыя храмы Смаргонскага раёна.

Заняткі ў гуртку “Асновы праваслаўнай культуры” прынясуць добры плён, і нашы падлеткі змогуць знайсці сваё месца ў жыцці, абапіраючыся на законы маралі.

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.