Мараторый на павышэнне цэн на лякарствы захоўваецца

- 12:18Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі па-ранейшаму забаронена павышаць цэны на лякарствы. Аб гэтым паведаміў намеснік дырэктара — начальнік упраўлення эканомікі і маркетынгу Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Віктар Шэін.

“На бягучы момант мае месца мараторый. Мы далі абавязацельствы па адсутнасці росту цэн на айчынныя лекавыя сродкі”, — сказаў Віктар Шэін.
Паводле слоў намесніка дырэктара, цяперашняя эканамічная сітуацыя не дае магчымасці ўсім слаям насельніцтва Беларусі закупляць дарагія лекавыя сродкі. “Таму пераканаўча і адкрыта запэўніваю, што апошнім часам калі і паднімаецца цана, то толькі на долю імпарту”, — сказаў ён.
Віктар Шэін таксама адзначыў, што вытворчасць не менш як 35 найменняў лякарстваў, якія знаходзяцца пад рэгуляваннем, мае адмоўную рэнтабельнасць. “Планавая стратнасць па асобных найменнях — да мінус 40 працэнтаў. Тым не менш гэтыя лекавыя сродкі ёсць на рынку Беларусі”, — сказаў Віктар Шэін.
Гаворачы аб тым, чаму цана некаторых імпартных лякарстваў бывае ніжэйшай за айчынныя, намеснік дырэктара адзначыў: “Кожны вытворца, жадаючы замацавацца на рынку той ці іншай краіны, мае права дэмпінгаваць. Указ кіраўніка дзяржавы № 366, які вызначае парадак цэнаўтварэння, дае магчымасць вытворцу імпартнага лекавага сродку пры ўваходзе на рынак Беларусі задэклараваць сваю цану”. Пры гэтым часта ўзровень рэнтабельнасці замежных лякарстваў значна вышэйшы, чым беларускіх.
Віктар Шэін таксама адзначыў, што лекавы сродак у адной і той жа дазіроўцы могуць выпускаць 2—3 айчынныя прадпрыемствы, таму канкурэнцыя ў цэнаўтварэнні існуе нават паміж імі. “Мы ні ў якім разе не робім з беларускіх вытворцаў манапалістаў”, — сказаў намеснік дырэктара.
У лютым 2015 года Прэзідэнт Беларусі на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця беларускай фармацэўтычнай прамысловасці запатрабаваў забяспечыць насельніцтва Беларусі даступнымі і якаснымі айчыннымі лякарствамі, бо гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Яшчэ раней была пастаўлена задача, каб на рынку Беларусі палова лякарстваў была айчыннай вытворчасці.
“Па выніках паўгоддзя доля айчынных лекавых сродкаў на ўнутраным рынку склала 48,5 працэнта”, — сказаў Віктар Шэін. Ён выказаў упэўненасць, што да канца 2015 года, нягледзячы на тое, што беларускія лякарствы намнога таннейшыя за імпартныя (цана 70 працэнтаў з іх — да $1), гэтая доля складзе 50 працэнтаў.
“Мы задаволім патрэбу насельніцтва Беларусі ў якасных і даступных па цане лекавых сродках. Пры гэтым не мае значэння, хто іх вытворца — дзяржпрадпрыемства або прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці”, — падкрэсліў Віктар Шэін.
У цэлым, паводле слоў намесніка дырэктара, за апошнія 10 гадоў беларуская фармпрамысловасць стала на ногі і змагла забяспечыць канкурэнтаздольнасць на ўнутраным і на знешнім рынку па якасці і колькасці лекавых прэпаратаў, якія выпускаюцца. Гэтага немагчыма было дасягнуць без адпаведнага тэхнічнага пераўзбраення, стварэння сучасных вытворчых умоў, укаранення новых тэхналогій.