Маршрут да сэрца дзіцяці

У яе кабінеце заўсёды парадак, сама яна элегантная, прыгожая, дзеці яе любяць, выкладчыкі паважаюць. Яна паспявае ўсё: і выставіць своечасова адзнакі, і сабраць бацькоўскі сход, і адпачыць дома. На яе адкрытыя ўрокі стараецца хадзіць уся школа. Як у Лізаветы Іванаўны Рыжкоўскай, настаўніцы геаграфіі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 12 Мінска, атрымліваецца быць настолькі ідэальнай выкладчыцай і жанчынай — сакрэт да гэтага часу не разгаданы.

Родам Лізавета Іванаўна з невялікага гарадка Беразіно Мінскай вобласці. Па яе словах, настаўніцай яна хацела быць заўсёды. У свой час скончыла геаграфічны факультэт БДУ і зразумела, што школа — тое месца, дзе яна марыць затрымацца надоўга. Лізавета Іванаўна — педагог у трэцім пакаленні. Бацькі і бабуля з дзядулем таксама былі выкладчыкамі, старэйшая сястра, Іна Іванаўна Маркевіч — настаўніца фізікі адной са школ Заводскага раёна Мінска, нават была дырэктарам на працягу некалькіх гадоў.

Лізавета Іванаўна актыўна займаецца краязнаўчай работай. Вучні, якім яна адкрывае геаграфію як навуку, разам з любімай настаўніцай аб’язджаюць усю Беларусь. Яны глыбока і дасканала вывучаюць родную зямлю, таму што Лізавета Іванаўна ўдзяляе вялікую ўвагу менавіта гэтаму. Аднак яе дзеці вывучаюць не толькі геаграфію, а і наведваюць гістарычныя месцы. Настаўніца пракладвае новыя цікавыя турыстычныя маршруты ў Брэсцкую крэпасць-герой, Хатынь, на Лінію Сталіна. Яна займаецца распрацоўкай паездак у замак Сапегаў, што ў Ружанах, замак Пуслоўскіх у Косаве. Дзяцей, якія жадаюць з’ездзіць разам з ёй, — вялікая колькасць. Дзецям гэта падабаецца, гэта ім сапраўды неабходна.

Лізавета Іванаўна выкладала ў мяне геаграфію на працягу чатырох гадоў, і я шчаслівая ад таго, што яна — мая настаўніца. Мае былыя аднакласнікі і я з задавальненнем ішлі на кожны яе ўрок.

Калі назіраць за тым, як Лізавета Іванаўна гаворыць пра школу, якія ў яе эмоцыі, якімі жэстамі што-небудзь падкрэслівае, то адразу можна заўважыць, што яна думае аб гэтым месцы з любоўю. І не хавае сваіх пачуццяў. “Мне падабаецца вучыць дзяцей, быць настаўніцай. Калі я расказваю пра гэта, на мяне часам глядзяць са здзіўленнем. А я толькі ўсміхаюся і іду далей расказваць дзецям пра краіны, у якіх яны яшчэ не былі”, — гаворыць Лізавета Іванаўна з усмешкай на твары.

Настаўніца пазіцыянуе сябе як аптыміста па жыцці, і я думаю, што менавіта таму на яе ўроках так цікава і займальна. Здаецца, ёй не патрэбны навамодныя методыкі, ёй, магчыма, не патрэбны і падручнікі: Лізавета Іванаўна выдатна ведае свой прадмет і можа даходліва растлумачыць што заўгодна любому дзіцяці.

“Што б ні адбывалася ў жыцці, трэба заўсёды шукаць нешта пазітыўнае”, — упэўнена настаўніца. Гэтак жа, з яе слоў, трэба займацца любімай справай. Работа дастаўляе Лізавеце Іванаўне шмат задавальнення. Зносіны з вучнямі заўсёды трымаюць настаўніцу ў тонусе. Трэба добра выглядаць: павінна быць добрая прычоска, сучасны абутак, трэба ісці ў нагу з часам, каб не сказалі, маўляў, а што гэта за жанчына прыйшла такая да нас на ўрок. Зносіны з падлеткамі натхняюць Лізавету Іванаўну на самаадукацыю. Яна гаворыць, што кожны дзень сама пазнае нешта новае і кожны дзень стараецца даць нешта новае дзецям.

Лізавета Іванаўна выкладае ў сярэдняй школе № 12 Мінска, арганізоўвае паездкі па Беларусі і ў суседнія краіны. “У мяне часта пытаюцца, маўляў, як ты можаш арганізаваць паездку з дзецьмі? Гэта ж так складана. А я ім адказваю, што гэта значна цікавей, чым з дарослымі. Дзеці і падлеткі ўвесь час жартуюць, ты з імі пражываеш іншае жыццё, з імі цікава”, — падкрэслівае Лізавета Іванаўна. Настаўніца вядзе актыўны лад жыцця, любіць адпачываць на Мінскім моры. “Як толькі добрае надвор’е, а ў мяне выхадны, я саджуся на веласіпед ці электрычку і еду туды. Цудоўнае месца!”— дзеліцца сваімі ўражаннямі педагог.

Але, як казаў паэт, “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Блізкае і далёкае замежжа — тыя месцы, якія Лізавета Іванаўна таксама паказвае сваім вучням. Цікава тое, што імкнуцца далучыцца да прыгожага і адкрыць для сябе новыя краіны не толькі навучэнцы, але і іх бацькі. Кожны раз, калі настаўніца аб’яўляе аб новай паездцы па Беларусі ці ў найбліжэйшыя краіны, жадаючых шмат!

Лізавета Іванаўна Рыжкоўская для мяне — гэта той чалавек, за якім хочацца ісці, на каго хочацца раўняцца. А я, тым часам, так і раблю, і ніколі не прапускаю магчымасці спытаць парады ў сваёй настаўніцы, таму што ўпэўнена ў тым, што яна заўсёды падкажа толькі самае лепшае і светлае.

Лізавета КАСТЭНКА.