Маршрутамі творчага пазнання

- 11:40Навіны рэгіёнаў

Калі дзеці спрабуюць сябе ў творчасці, яны больш чулыя да слова. Урокі літаратуры — гэта не толькі чытанне мастацкіх твораў і іх абмеркаванне, але і творчасць. 

Любое творчае заданне патрабуе ад вучняў добра падумаць, глыбока паразважаць і нават што-небудзь намаляваць. Задача настаўніка — пастаянна прапаноўваць дзецям дадатковыя творчыя заданні. На жаль, далёка не ўсе школьнікі іх рыхтуюць ахвотна. Гэта абумоўлена рознымі прычынамі. 

Пры вывучэнні ўрыўка з твора Алеся Жука “Стары бабёр” прапанаваў дзецям уявіць, што ім даручылі арганізаваць экскурсію па заапарку для вучняў сталічнай школы і падрыхтаваць паведамленне пра баброў. Некалькі шасцікласнікаў аб’ядналіся ў каманду для выканання гэтага задання, у выніку чаго стварылі відэаканал “Бабёр ТБ”, аформілі яго лагатып і пачалі, як сапраўдныя рэпарцёры, рыхтаваць інфармацыйныя матэрыялы. 

Рэпартаж, падрыхтаваны да наступнага ўрока, выклікаў у аднакласнікаў захапленне. Дэбют атрымаўся! Пасля заняткаў школьнікі зманціравалі відэа для паўнацэннага выпуску навін канала, зрабілі адметныя ілюстрацыі да твора і прэзентавалі іх класу. 

Дзякуючы такім творчым хітрыкам, вучні сталі больш старанна рыхтавацца да ўрокаў. Калі дзецям прапаноўваць цікавыя формы работы і падтрымліваць іх ідэі, гэта прыносіць плён. Цяпер выхаванцы з нецярпеннем чакаюць новых творчых заданняў і ўжо не лічаць літаратуру сумным прадметам. Павысілася матывацыя і да вывучэння роднай мовы.

Відэаканал папаўняецца новым кантэнтам. Дзеці нястомна шукаюць тэмы і спосабы іх цікавага ўвасаблення. 

Вадзім ПУКАЛА, 
магістр філалагічных навук, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Бярозы.
Фота аўтара.