Маршрутны ліст

- 11:33Портфолио

Адным з інструментаў выбудоўвання адукацыйнай траекторыі самастойнага навучання з’яўляецца выкарыстанне маршрутных лістоў.

Што такое маршрутны ліст? Гэта праграма дзеянняў вучня па самастойным вывучэнні матэрыялу ўрока. У маршрутны ліст уключаецца алгарытмізаваная сістэма заданняў — дзеянняў, накіраваных на засваенне вучэбнай тэмы ад рэпрадукцыі да творчых дзеянняў. Як нам удалося арганізаваць навучанне школьнікаў па самастойным авалоданні ведамі і гатоўнасцю несці адказнасць за свае дзеянні?

Па-першае, неад’емнай асаблівасцю маршрутнага ліста з’яўляецца тое, што яго мо­гуць выкарыстоўваць не толькі навучэнцы, але і настаўнікі, паколькі кожны настаўнік выбудоўвае ўласную стратэгію навучання, разлічваючы на ўласныя магчымасці, дзякуючы чаму вучыцца планаваць і арганізоўваць сваё навучанне.

Стварэнне індывідуальных агульнаадукацыйных маршрутаў патрабуе вялікіх затрат часу і намаганняў, але па іх вельмі зручна і выразна прасочваць дынаміку поспехаў і няўдач навучэнца ва ўмовах навучання ў дыстанцыйным рэжыме. Маршрутныя лісты прадугледжваюць набліжэнне навучэнцаў да адзінай мэты індывідуальнымі шляхамі — маршрутамі рознай ступені складанасці. Пры прымяненні маршрутных лістоў настаўніку адводзіцца не кантралюючая роля, а роля правадніка.

Маршрутныя лісты дазваля­юць:

  •    эфектыўней арганізаваць самастойную работу і індывідуалізаваць працэс навучання;
  •    вырашыць адразу некалькі задач: вывучыць новы матэрыял, замацаваць, выконваючы практычную работу, якая ўключае розныя віды практыкаванняў, паглы­біць веды, правесці кантроль;
  •   актывізаваць адукацыйны працэс ва ўмовах аддаленага навучання школьнікаў;
  •    якасней арганізоўваць самастойную работу навучэнцаў.

Маршрутны ліст запаўняецца ў электронным фармаце настаўнікам для арганізацыі самастойнай работы школьніка па вывучэнні вучэбнага матэрыялу па англійскай мове для кожнага ўрока згодна з КТП (план работы для навучэнца; дапамога бацькам у кантролі і рабоце з заданнямі) з мэтай арганізацыі зваротнай сувязі (Viber, электронная пошта, платформа Zoom, платформа Знай.бай і г.д.). Выкананыя заданні правярае настаўнік, аказваецца неабходная дапамога на аснове праверкі і самаацэнкі навучэнца (варыянты самаацэнкі прапануюцца настаўнікам зыходзячы з сістэмы работы).

Пры выкарыстанні маршрутных лістоў у педагогаў мо­гуць узні­каць наступныя цяжкасці: цяжкасці наладжвання міжасобасных кантактаў паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, актывізацыя і падтрымка матывацыі, адэкват­насць паводзін самога педагога выбраным методыкам і педагагічнай тэхналогіі для дыстанцыйнага навучання.

Прымяненне маршрутных лістоў дае магчымасць забяспе­чыць матывацыю і цікавасць вучняў да прадмета з улікам дыферэнцыраванага падыходу; павысіць узровень пазнавальнай актыўнасці навучэнцаў, што са­дзейнічае дасягненню пастаўленых мэт; вывучаць вучэбны матэрыял на высокім эмацыянальным узроўні (аўдыя, відэа, анімацыя); рацыянальна арганізаваць вучэбны працэс ва ўмовах дыстанцыйнага навучання.

Маршрутны ліст — каштоўны і цікавы рэсурс, які, на наш погляд, павінен адпавядаць наступным параметрам:

  1. Аб’ём і заданні маршрутнага ліста і іх колькасць вызначаюцца:
  • ступенню складанасці матэрыялу, тэмы;
  • асаблівасцямі і патрэбамі класа;
  • агульным станам узроўню навучанасці;
  • ступенню сфарміраванасці навыкаў самастойнай вучэбнай дзейнасці.
  1. Мэтавызначэнне. У пачатку кожнага маршрутнага ліста перад навучэнцам неабходна ставіць мэту або прапанаваць яму самому яе вызначыць (улічваем узроставыя асаблівасці дзяцей).
  2. Дыферэнцыраваны падыход. Навучэнцы ўсе розныя па ўзроўні паспяховасці, таму пажадана ў маршрутным лісце прапісваць дадатковыя заданні для тых, хто хоча даведацца больш.
  3. Ацэньванне. Пры навучанні ў аддаленым рэжыме настаўнік не мае магчымасці пастаянна ацэньваць дзеянні навучэнца, таму ў маршрутным лісце пасля кожнага задання неабходна прадум­ваць прыёмы самаацэнкі выкананых заданняў навучэн-
    цамі.
  4. Рэфлексія. Неабходна, каб у маршрутным лісце былі прапісаны прыёмы рэфлексіі, якія дапамогуць вучням сфармуляваць вынікі вучэбных дасягненняў, вызначыць мэты сваёй далейшай работы, скарэкціраваць свае наступныя дзеянні.

Вольга САЧАК, 
Марына ТАТАРНІКАВА, 
настаўніцы англійскай мовы гімназіі Хойнікаў Гомельскай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.